Выбрать главу

Чым гэта магло для мяне кончыцца, сам разумееш. Палявы суд і «Картуз-Бяроза», а адтуль часцей выносілі, чым самі выходзілі. Тою ж ноччу сябры сабралі і аддалі свае пайкі, і я ўцёк з палка. Ад Познані да Хорастава паўтысячы вёрст. Начамі ішоў лясамі ды хмызнякамі, а ўдзень зашываўся ў стагі і драмаў, як заяц. Сакавіцкі снег, як жужаль. Мокрыя ногі заходзяцца і пухнуць ад вады і холаду. Прыпас даўно кончыўся, ногі ледзьве слухаюцца. Зарослы, схуднелы і абшарпаны, недзе каля Лодзі зваліўся ў хмызняку адпачыць. Разбудзіў ціхі жаночы шэпт. Як спружынай, падкінула мяне. Прачухаўся: стаіць немаладая кабета ў нейкай жалобнай сукенцы і ціха пытаецца па-польску, хто і куды іду. Хлусіў я нешта неверагоднае, а яна шэпча: «Пасядзі тут. Побач жандарскі пост. Не высоўвайся. Я табе есці прынясу». Ускінула на плечы лясёнку з ламаччам і пайшла. Першая думка была — уцякаць. Паварушыўся, а ногі не слухаюцца, нібы гіры на іх пачапілі. Далёка не адбяжышся. Калі выкажа, ўсё адно зловяць. Ляжу, слухаю ўласнае сэрца, у вачах мітусяцца матылі і чорныя кругі, павекі зліпаюцца, плыву ў нейкую прорву. Прахапіўся ад лёгкага дотыку. Стаіць тая яе жанчына з чайнікам гарачай кавы і ежаю ў хусцінцы. Пакуль еў, яна расказала, што працуе на тэкстыльнай фабрыцы, муж загінуў на вайне, але ні імя, ні прозвішча так і не назвала.

Развітваючыся, я ўпершыню ў жыцці пацалаваў жанчыне руку і зразумеў сутнасць братэрства людзей аднолькавага лёсу.

Вось так я вывучаў палітграмату.

Парторг прагна курыў і ўважліва глядзеў на дырэктара.

— Прысядзь, Васіль Захаравіч, супакойся. Але гавары, гавары, калі ласка.

— У красавіку прыплёўся ў родныя мясціны. Разумею, дамоў — нельга. У суседняй вёсцы жыла стрыечная сястра. Праз яе наказаў, каб прыйшлі бацька з братам... «Шукаюць, шукаюць цябе, сынок. Што думаеш рабіць? Куды падацца?»

Чуў я, што недзе непадалёк ёсць партызаны, што ў тым атрадзе і мой стрыечны брат Грыша Карасёў. Бацька паабяцаў дазнацца і звесці з імі.

Праз два дні Грыша прывёў мяне ў атрад Аршынава. Так тады звалі Кірылу Арлоўскага. Пра яго партызан расказвалі легенды па ўсёй Заходняй Беларусі. Камандзір адразу пачаў мяне дапытваць, ды так дзёрзка, што я не мог стрымаць сваю крыўду. Камандзір ляпнуў мяне па плячы: «Нам, хлопча, трэба ўсё пра цябе ведаць. Не ў сваты збіраемся,— ваяваць разам будзем. Так што выкладай усё, як на споведзі. А пакрыўдзіўся ты па-сапраўднаму. Гэта добра».

Так я зрабіўся чырвоным партызанам. Кіравалі намі Камуністычная партыя Польшчы і Кампартыя Заходняй Беларусі. У атрад ішлі даведзеныя да адчаю вясковыя хлопцы, каб адпомсціць панам і жандарам за свае пакуты і крыўды. Мы ахоўвалі безабаронных сялян ад рабункаў і здзекаў і наганялі страх на асаднікаў і паліцыянтаў. Калаціліся перад намі цэлыя ваяводствы, а мы заўсёды з'яўляліся там, дзе нас не чакалі. Памагалі партызанам простыя сяляне, бо бачылі ў нас сваіх заступнікаў і абаронцаў.

Мы ўмелі без адзінага стрэлу раззброіць паліцыю і заўсёды папярэджвалі асабліва ўвішных служакаў, што за здзекі над сялянамі не міне іх суровая кара. Усяго і не ўспомніш. Але сёе-тое, калі хочаш, раскажу,— Корж паглядзеў на гадзіннік, прыжмурыўся, нешта ўспамінаючы.

— Паны ўсяляк апраўдваліся ў друку, называючы атрад Аршынава «маскалямі», бандаю з усходніх прэсаў. Асаблівы страх мы нагналі на паліцыю і асаднікаў, калі пачалі называцца атрадам Мухі-Міхальскага. Муха быў паляк, родам з-пад Варшавы, і маскалём яго ўжо ніяк не назавеш. Гэтым імем карысталіся Арлоўскі, Швайко, ды і я не раз прадстаўляўся панам Мухай-Міхальскім.

— Прозвішча чутае,— перабіў Шахаў,— у тыя гады яно часта мільгала ў друку.

— А як жа! З польскіх газет яно не сыходзіла аж да дваццаць пятага года. Быў, быў і сапраўдны Муха-Міхальскі. Служыў ён у чыне «харунжага» ў мястэчку Ляхавічы. Сумленны быў і дэмакратычна настроены афіцэр. Не баяўся гаварыць тое, што думае: лаяў Пілсудскага і яго парадкі. За гэта не вылазіў з гаўптвахты. А выпусцяць — зноў за сваё. Тады арыштавалі Юзэфа Муху-Міхальскага і справу перадалі ваеннаму трыбуналу. Убачыўшы, што жарцікі кепскія, па дарозе ў Баранавіцкую турму мяцежны харунжы ўцёк з-пад варты. Знайшоў ён надзейны прытулак у вёсцы Пашкаўцы. Там некалі стаяў яго ўзвод, а Юзэф сябраваў з многімі хлопцамі, давяраў ім свае думкі. Хлопцы павыцягвалі з падстрэшшаў карабіны і шаблі і пад камандаю Мухі-Міхальскага пачалі граміць маёнткі лютых паноў і асадніцкія хутары ў Баранавіцкім і ў Нясвіжскім паветах, нападалі на лясніцтвы князя Радзівіла, бо той загадаў сваім служкам высочваць партызанаў.

Імя Мухі замільгала на старонках варшаўскіх газет. Напалоханыя пісакі сцвярджалі, што ў яго атрадзе больш за 500 коннікаў, узброеных кулямётамі, вінтоўкамі і гранатамі. Ведама, страх заўсёды лупаты.