Дачуўся пра Муху Аршынаў-Арлоўскі і занепакоіўся, каб часам анархісцкія напады групы харунжага не скампраметавалі партызанскую барацьбу. Неўзабаве абодва камандзіры сустрэліся каля вёскі Дзяніскавічы. Да Арлоўскага падышоў невысокі, зграбны франтаваты афіцэр з карабінам, двума наганамі, гранатамі і шабляй.
Доўга яны пра нешта саймаваліся, і Муха-Міхальскі згадзіўся перайсці са сваімі хлопцамі ў наш атрад. Так і пачалі дзейнічаць разам.
Кожны, хто вёў групу партызан на аперацыю, выдаваў сябе за Муху-Міхальскага. Уяўляеш, які пярэпалах апаноўваў паноў і паліцыю, калі ў адзін і той жа дзень былі разгромлены маёнткі і пастарункі пад Нясвіжам і Навагрудкам, каля Ганцавіч і пад Пінскам. І ўсюды наспяваў няўлоўны Муха. Лавілі яго сапраўды, як муху: пастку паставяць тут, а ён вёрст за паўсотні азавецца.
Памятаю, зімою 1924 года іду я з Трыглам Карасёвым і Раманам Далінаю праз вёску Гоцк. Сустракаецца па дарозе сагнуты ў тры пагібелі чалавек. Прыглядаецца да нас. Падыходзім, павіталіся і пытаем:
— Ну, як жывецца пры панах?
— Душаць,— кажа,— свету божага не бачым. Вунь прыехаў крэнговы, гэты значыць акруговы начальнік, а з ім сямёра паліцаяў. Душу будуць вытрасаць за падаткі.
— Дзе яны цяпер? — пытаемся.
— Вунь, бачыце, вокны зырка свецяцца. Там яны балююць у свайго сышчыка.
Гэтаму чалавеку мы загадалі ісці ў суседнюю хату і папярэдзіць гаспадароў, каб пакуль што не вытыркаліся, а самі зазірнулі ў асветленае акно. За сталом сядзелі надпітыя паліцаі і расказвалі байкі пра няўлоўнага Муху-Міхальскага. Карасёва я пакінуў на варце пад акном, а сам з Раманам ускочыў у дом. «Панове, рэйцы до гурыі Жуць бронь! То естэсь Муха-Міхальскі». Паны анямелі з перапуду і не адважыліся паварушыцца. Мы іх усіх паклалі на падлогу, забралі Ю пісталетаў, 7 вінтовак і «цэнтралку» крэнговага. Папярэдзілі паноў да раніцы не ўставаць з падлогі, бо наша варта адразу застрэліць, больш ніколі не паказвацца сюды і не крыўдзіць сялян. Гаспадар хаты запрог стаенніка і адвёз нас бліжэй да атрада.
Паны былі паслухмяныя. Кажуць, праляжалі да самае раніцы, а каб апраўдацца перад начальствам, расказвалі, што на іх напаў Муха-Міхальскі з паўсотняй бандытаў і ледзь усіх не перабіў. Сялянам, якія даводзілі, што было ўсяго толькі тры партызаны, прыгразілі бізунамі і загадалі маўчаць.
Усіх разгромленых пастарункаў і асадніцкіх хутароў і не ўспомніш.
Але адна аперацыя дасталася мне дарагой цаной і не забудзецца ніколі.
Было гэта, як цяпер памятаю, 22 верасня 1924 года. На пачатку восені ў Пінску пачаў наводзіць парадкі новы ваявода пан Даўнаровіч. Люты быў — жах! І вось наш разведчык Іван Жалезны паведаміў, што праз два дні ваявода выязджае службовым цягніком у Лунінец знаёміцца са сваімі ўладаннямі і правесці інспекцыю падначаленых. Чыгунка і цягнік пільна ахоўваюцца.
Раніцаю сорак хлопцаў з нашага атрада падышлі да станцыі Лоўча. Агледзеліся і вырашылі тут пазнаёміцца з панам ваяводам. Хмызнякамі падпаўзлі да вакзальчыка і ўзялі пад варту начальніка станцыі і тэлеграфіста. Яны выконвалі ўсё, што мы загадвалі.
Пад масток заклалі два пуды дынаміту і пачалі чакаць. Тэлеграфіст дакладваў Арлоўскаму, праз якія станцыі прайшоў цягнік, калі будзе ў Лоўчы.
Роўна ў дзве гадзіны над лесам запыхкаў слупок дыму, загулі рэйкі, набліжаўся грукат. Арлоўскі метраў за сто да станцыі пачаў сігналіць чырвоным сцяжком. Цягнік запаволіў хаду, забразгаў буферамі і спыніўся.
— Што здарылася? — крыкнуў з паравоза машыніст. Арлоўскі тым жа сцяжком падаў знак, але не яму, а сваім хлопцам. Грымнуў залп. Другі. Пасыпаліся шыбы з вагонаў. Падхопленае рэхам «Ур-ра!» пакацілася па лесе. Здавалася, што ў ім поўна партызанаў. З ваяводавага цягніка ніхто не вытыркнуўся, ніхто нават не адважыўся адстрэльвацца.
Мы адразу ж атакавалі салон-вагон і чатыры класныя вагоны, абяззброілі ахову, і Арлоўскі пайшоў да ваяводы. Разам з ім былі камендант акруговай паліцыі Мянеевіч, біскуп Лазінскі і сенатар Віславух. Арлоўскі загадаў Даўнаровічу неадкладна падаць у адстаўку. Калоцячыся, ваявода паклыпаў на тэлеграф і паведаміў польскаму сейму, што пакідае сваю пасаду.
Тым часам мы сабралі зброю, правялі «рэвізію» паштовага вагона, адагналі паравоз за мост, а мост узарвалі. На развітанне пажадалі скінутаму намі ваяводзе хутчэй дачакацца дапамогі.
Праўда, некаторыя нашы хлопцы незадаволена бурчалі, шкадавалі, што так лёгка адкупіліся паны. Кірыла Пракопавіч тлумачыў: «Застрэліць прасцей за ўсё. Яго ж у святыя пакутнікі залічаць, а нас бандытамі і забойцамі празавуць. А так мы маральна перамаглі: ваяводамі, як хочам, камандуем і сейм слухаецца нас».