Потым, казалі, што Даўнаровіч ад сораму не то ўдушыўся, не то за мяжу ўцёк. Адным словам, знік.
Праўда, гэтая аперацыя мне дорага каштавала. Пазнаў мяне ў вагоне нейкі купчык, патайны агент жандармерыі, данёс сваім гаспадарам. Мяне яны дастаць не маглі, дык упяклі маіх старых у Лунінецкую турму. Дачуўся я пра гэта і праз надзейных людзей папярэдзіў таго здрадніка: калі не адмовіцца ад свайго даносу, не скажа, што ўкляпаўся, то няхай купляе свечкі і заказвае па сабе хаўтуры. Што ты думаеш? Спалохаўся, гад, адумаўся. Як выкручваўся перад начальствам, не ведаю, але бацькоў маіх выпусцілі. Праўда, нядоўга яны пражылі пасля Лунінецкай крывавай лазні. У адзін год сканалі.
Розных гісторый магу табе во-о-сь на такую кнігу нагаварыць. Але позна ўжо. Буду скарачацца.
У 1925 годзе па рашэнню ЦК Кампартыі Польшчы і Заходняй Беларусі мы спынілі партызанскія дзеянні, перайшлі на савецкую тэрыторыю і арганізавалі нашу партызанскую камуну «Пралетары». Мяне абралі за старшыню. Так араў і сеяў у розных гаспадарках Слуцкага і Старобінскага раёнаў ай« да 1931 года. Потым служыў у органах НКВД. А калі пачалася грамадзянская вайна ў Іспаніі, напрасіўся разам з былым камандзірам нашага атрада Арлоўскім змагацца супраць фашыстаў Франка. Выйшла, як у тым вершы:
За два гады барацьбы сумесна з іспанскімі партызанамі да драбніц спазнаў звярынае аблічча фашызму. Вось і два ордэны за Іспанію з рук самога Міхаіла Іванавіча Калініна атрымаў. Але гэта ўжо другая тэма.
А цяпер фашысты падышлі да нашых граніц, палову Еўропы пад сябе падмялі і на нашу зямлю зяпу разяўляюць. Як думаеш, таварыш парторг, дзе маё месца цяпер? Зірні на карту. Бачыш, якая тоненькая рысачка падзяляе нас з фашыстамі.
На тутэйшым чарназёме кожны, абы толькі не ленаваўся, лепшую за нас з табою пшаніцу выгадуе. А калі што здарыцца там, на Захадзе, мой партызанскі вопыт вунь як яшчэ спатрэбіцца.
Дык як, падтрымаеш?
Шахаў паківаў галавою:
— Ну, браце, ніколі не думаў, што ты такі. Суровае, нялёгкае, але прыгожае жыццё ў цябе, Васіль Захаравіч. А што да твае просьбы, дык, калі глядзець па-дзяржаўнаму, сапраўды, там ты болей патрэбен. Хоць і разлучацца не хочацца. Шчыра скажу, лёгка з табою працуецца, з паўслова разумееш, душу людскую бачыш навылёт.
— Не дужа хвалі, бо магу зафанабэрыцца, чаго добрага, сам сябе на «вы» пачну называць,— усміхнуўся Корж.— Чуў я гэта. Дык як, падтрымаеш?
— Пярэчыць не буду. Дай руку. І за «споведзь» дзякую,— адказаў Шахаў.
Увесну 1940 года Корж выправіўся ў Беларусь.
З раённага цэнтра ў роднае Хорастава праз 19 гадоў Васіль Захаравіч ехаў на райкомаўскім аўтамабілі. Пазнаваў мілыя з маленства сцяжынкі, лагчынкі і пералескі, масткі і скрыжаванні дарог. У лесе Васіль Захаравіч папрасіў прыпыніцца. Праз хмызняк выйшаў на палянку, зняў шапку каля магілы свайго партызанскага друга Ігната Швайко, прыгадаў маладосць, баявых сяброў, смелыя аперацыі ў далёкія дваццатыя гады.
Васіля Каржа сустракала ўсё сяло. Але нават сёстры не адразу пазналі яго. Былі слёзы, абдымкі, пацалункі, гулі вясёлыя застоллі ледзь не ў кожнай хаце. Бо палова сяла — Каржы, сваякі, суседзі, даўнія сябры, а цяпер і зусім чужыя пераконвалі, што іх дзяды некалі пакуміліся ці былі сватамі, і цягнулі паваяганага госця да сябе. Дапытваліся пра ўсё да драбніц: як жывуць у калгасах, што гэта за машына камбайн? Няўжо, праўда, і жне і малоціць адразу? Васілю Захаравічу было пра што расказаць землякам. Яго баявыя ордэны разглядалі старыя і малыя: такія ўзнагароды бачылі ўпершыню. А паміж сабою разважалі: «Вось што значыць Саветы! Жыў бы Васька тут, лапці цягаў бы ды перад панам карак гнуў, Васькам бы і застаўся. А цяпер які чалавек Васіль Захаравіч! Гаспадаркаю на 18 тысяч гектараў камандаваў! Не жартачкі! Гэта ж болей, як у трох папоў! І баявыя ордэны абы за што не даюць».
Шумна сустракалі і шумна праводзілі.
За аселіцай Васіль Захаравіч завярнуў на вясковы пагост, пастаяў над роднымі магіламі, успомніў матчыну калыханку, адвярнуўся і доўга цёр кулакамі вочы.
З Хорастава Корж прыехаў у Пінск. Яму даручылі загадваць гаспадарча-фінансавым сектарам абкома КП(б)Б.
ПА БАЯВОЙ ТРЫВОЗЕ
Зялёныя вуліцы ціхага Пінска крута збягаюць да берага Піны. За імклівай плынню рудаватай вады — бязмежныя лугі ў квецені рамонкаў і чабору, у пчаліным звоне і ў мядовым водары дзяцельніку. Па рацэ паважна паўзуць параходы і барат, гружаныя смольнымі круглякамі, з дробным стукам прабягаюць маторкі ў бурунах вясёлкавых пырскаў. Па пясчаных пляжах пабліскваюць маладыя загарэлыя спіны. Раніцаю ў нядзелю Васіль Захаравіч з пятнаццацігадовым сынам пайшоў на калектыўны гарод паліваць капусту.