Выбрать главу

Я ў той час рабіў у сельгасрэдакцыі на радыё. Работа будзённая — уборка, нарыхтоўка кармоў, догляд пасеваў, кадры для жывёлагадоўлі. У галоўныя кампаніі я з магнітафонам не вылазіў з сяла, вёў бясконцыя серыі рэпартажаў, удзельнічаў у рэйдах, праверках. У сельскай гаспадарцы я, вядомая справа чалавек, як і ты, з асфальту, нічога не разумеў, але выйсця інакшага не было. У рэдакцыі навін, дзе я супрацоўнічаў, раптам скасавалі месца, і выбіраць трэба было ці рэдакцыю раёнкі, ці рэдакцыю сельгасвяшчання. Маці ўжо была зусім хворая на той час, рэдка ўставала з пасцелі, сястра з сям'ёй была далёка, і я не мог нікуды ехаць.

Аднойчы я прыйшоў да цябе ў рэдакцыю і застаў там Валянціну. Яна сядзела насупраць, гартала нейкі часопіс і зрабіла выгляд, што не пазнае мяне або на самой справе не пазнала.

— Андрэй, пазнаеш Валянціну?

— Пазнаю,— скаааў я.— Поўдзень, сонца, мора, прыемная гутарка.

— Уяві, яе адразу пакінулі ў аспірантуры. Поўны поспех. Малады вучоны — герой сацыяльнага нарыса.

Ты быў у выдатным настроі і нёс усялякае глупства.

— Вы падыходзіце адно аднаму,— чамусьці мінорна сказаў я.— Абое вельмі перспектыўныя. Дрэнна, што не працуеце ў сельскай гаспадарцы, а то б я ўзяў у вас інтэрв’ю...

Валянціна ўсё часцей з’яўлялася каля цябе, а потым ты пачаў знікаць з ёю, з’яўляўся іншы раз на гарызонце ў кампаніях невядомых мне людзей, з упэўненымі і вельмі спакойнымі тварамі, па якіх любы мог вызначыць — у іх поўны парадак. Ты сам стаў піжонам, апранаўся ў скураныя пінжакі, кашулі-сафары. Ты навучыўся гуляць у тэніс, недзе за шалёныя грошы набыў адзідасаўскую форму, розны інвентар — ракетку, мячы, сумкі. Ты мне з гордасцю расказваў, што Валянціна заняла другое месца ў чэмпіянаце горада сярод аматараў тэнісу і ў цябе ўжо ўдар справа пайшоў, а вось злева ты скаваны, няўпэўнены... Праз некаторы час ты папрасіў мяне быць сведкам на вяселлі з Валянцінай. Сказаў без асаблівай радасці, як пра нешта радавое, будзённае.

— Сяргей, навошта...— пачаў я, не ведаючы, як прадоўжыць далей.

Ты заўсёды быў разумны, ты зразумеў, пра што я хацеў сказаць.

— Усё роўна, як з Надзькай, ні з кім так лёгка не будзе,— сказаў ты.

Я ведаў, што вы перапісваліся, потым зноў сустракаліся. Ты бегаў па сябрах у пошуках ключа... Але гэта была не тая Надзька. У яе было двое дзяцей, яна пастарэла. I яшчэ, мне здавалася, ты любіў яе сваёй памяццю. Тады ты яшчэ сказаў, што жаніцьба з Валянцінай дапаможа адным махам вырашыць многія праблемы — кватэра застанецца сястры, якая збіралася эамуж, вы будзеце жыць пакуль што ў Валянціны, потым — кааператыў, добры, акадэмічны, ля самага возера, з палепшанай планіроўкай, а то ў маладзёжцы, дый у любой іншай канторы, куды ні кінься, кватэра — калі тое будзе...

Ты меў рацыю, у цябе хутка вырашалася многае з таго, да чаго ўсе нашы знаёмыя ішлі доўга і ўпарта, але часта беспаспяхова. Ты меў ключ ад «Жыгулёў» і даверанасць — тата падарыў Валянціне на вяселлі машыну, ашаламіўшы напавал частку гасцей гэтым паведамленнем; ты мог сказаць: «Я буду працаваць на дачы» або: «Прыязджай да мяне, падвезлі добрыя прадукты, чэшскае піва і іншыя напіткі»...