Выбрать главу

Ты зноў выцягваў мяне з віру.

— Для пачатку напішыце што-небудзь. Вы прабачце, але так ужо заведзена. Скажам, нарыс.

— Мяне якраз вабяць нарысы,— сказаў я.— Некалькі прайшло па радыё. Адзін — у часопісе.

— Вось і дамовіліся. На радыё я пазваню і ўсё ўладжу. Намеснік старшыні Васільеў — мой аднакурснік (калі ведаеце, наш выкармыш). Ён пойдзе мне насустрач.

I вось я ў газеце, побач няма «Рэпарцёра» і студый запісу з небаракамі-рэжысёрамі і гукааператарамі, я — газетчык, магу пісаць, чытаць сваё прозвішча ў свежанькай, яшчэ з рэзкімі пахамі фарбы газеце. Я — побач з табой. На лятучках ты адным жэстам, адной фразай перакрываеш паветра тым, хто хоча прайсціся па маіх опусах з моцным крытычным поглядам — новенькі, каці, валі на яго ўсё, і ніхто не будзе пратэставаць, абараняцца, так ужо заведзена — новенькіх трэба вучыць і павучаць. Я магу зблізку, а не збоку, у час кароткачасовых — раз на тыдзень, а то і радзей — сустрэч назіраць тваё жыццё ў цякучцы і клопатах.

Ты перасяліўся ад акадэміка Расмагіна і яго жонкі Капіталіны Філарэтаўны ў велізарную трохпакаёвую кватэру ў кааператыўны акадэмічны дом насупраць возера і быў увесь у клопатах. Узнікла шмат праблем, якія Валянціна хацела вырашыць неадкладна, бо жыццё бяжыць хутка, і галоўнае — дабіцца ўсяго ў самым пачатку, у маладосці, акружыць сябе ўтульнасцю, бо потым, у старасці, асалоду ад усяго гэтага, нават калі яно будзе, не адчуеш. Табе катастрафічна не хапала грошай — на кабінет «Луўр», спальню, дываны... Ты браў заказы на радыё, рабіў перадачы на тэлебачанні, пісаў у сваю газету, у жаночы часопіс, удзельнічаў у калектыўных зборніках, што выпускаюцца ў канцы пяцігодак. Словам, круціўся як мог і, праўда, свайго дабіваўся. Праз свае сувязі — новыя, якія нядаўна з’явіліся,— уладкаваў усё з астатнім — кухняй, дыванамі, велізарнай прыхожай, гаражом амаль каля самага дома.

Гады мільгалі, як у калейдаскопе. Ты так і не дапрацаваў свой першы зборнік паэзіі, хоць яго і прынялі ў выдавецтве. У рэцэнзента былі заўвагі чыста стылістычнага парадку, толькі ўсё рукі ніяк не даходзілі, і зборнік, у рукапісе, застаўся ляжаць у тваім стале. Я неяк завёў з табой размову пра гэты зборнік, але ты махнуў рукой:

— Не хачу быць аўтарам адзінай кніжкі. Не пішуцца вершы, Андрэй. Знікла гэта ўва мне, знікла, і ўсё, быццам і не было ніколі. Не магу выдаць ні радка.

Ты любіў сядзець у глыбокім крэсле і разважаць у акружэнні Валянціны і сваіх новых для цябе знаёмых пра літаратуру, пра цэны на дэфіцытныя рэчы, пра новыя рэцэпты кактэйляў і новыя маркі «Жыгулёў». Ты сам іншы раз здзекаваўся з сябе і кампаніі: «Сядзім і не ведаем, хто першы пачне свецкую размову...» Але гэта табе падабался, гэта было калі не ўсім, то значным кавалкам твайго жыцця.

Табе падабалася ўтульнасць, створаная Валянцінай за кошт твайго гарба, ты яшчэ не сказаў фразы: «Галоўнае — растварыцца ў рабоце», ужо не ўяўляючы толкам слова «работа», ты яшчэ мог сказаць: «Я задумаў кнігу...» — і верыў, што задума рэальная, што яна здзейсніцца.

I я тады верыў, што гэта збудзецца, ды і не толькі ў цябе, але і я тое-сёе змагу.

Я, нарэшце, амаль дабраўся да сапраўднага нарыса. Мяне ўсё часцей пачалі хваліць на лятучках. Праўда, не так, як цябе. Ты быў у выдатнай форме. Ты ўжо дасягнуў той грані прафесіяналізму, калі амаль з нічога, з маленькага, здавалася б, факта мог зварганіць падвальны артыкул, які чыталі захлёбваючыся. Прыгадваецца адзін твой судовы нарыс, які выклікаў тысячы пісьмаў.

Я пісаў больш марудна, пакутліва. Кожны раз для мяне было страшна сесці за стол, я баяўся белых, здавалася, бязмежных лістоў паперы, але паступова і я пачаў уваходзіць у норму — закручваў сюжэт, пазбягаў набіўшых аскоміну фраз, у мяне з’яўлялася рэпарцёрская лёгкасць, чытабельнасць.

Маці ўжо не было. Кожны раз, ідучы на могілкі, я быццам хаваў яе зноў. Цяпер, калі ўжо мінула нямала часу, начамі — ці то ў сне, ці то наяве — чуў яе голас. Падхопліваўся, хадзіў па вуліцах, па старых пакойчыках барака і праклінаў сябе за ўсе крыўды, якія нанёс ёй.

Аднойчы ты запрасіў мяне ў рэстаран на нейкую маленькую ўрачыстасць.

— Зноў усякія крэтыны будуць? — спытаў я.

— Не. На гэты раз без іх. Я з Валянцінай і яшчэ адна дзяўчына, сяброўка Валянціны па аспірантуры. Вельмі сімпатычная. Не пашкадуеш.

Дамовіліся сустрэцца ў «Паўднёвым». Я не любіў там бываць — вельмі яркія дзяўчаты напрошваюцца ў кампанію, тоўпяцца фарцоўшчыкі, словам, розная брыдота, але затое там выдатна кармілі, афіцыянты былі ў фраках, іграў неблагі ансамбль.