Выбрать главу

Я дзяжурыў па нумару і спазніўся хвілін на сорак. У зале ўжо поўным ходам ішла гульба, ты сядзеў з жонкай і яе сяброўкай у самым кутку. Вы ўжо выпілі, былі расчырванелыя і аб нечым гутарылі.

— А вось і мой сябар! — сказаў ты, устаючы.— Будучы класік нашай літаратуры, а пакуль вельмі ўдачлівы газетны рэпарцёр. Жыве адзін, халасты, ні ў кога не закаханы.

Сяброўка Валянціны — высокая, з вялікімі карымі вачамі, тварам крыху прадаўгаватым, тонкім — падала руку і адрэкамендавалася: «Марта».

Яна была прыгожай, з нейкай няўлоўнай, загадкавай таямніцай у вачах. Але я быў даволі абыякавы.

Я страшэнна хацеў есці.

Я выпіў некалькі кілішкаў, трохі павесялеў, пачаў расказваць нейкія цікавыя гісторыі, мне зрабілася весела, утульна. Ты таксама быў у добрым настроі, можа, ад таго, што я нечакана аказаўся ва ўдары, гэта ж рэдка са мной бывала. Высветлілася, што ніякай урачыстасці не было, гэта Валянціна наважылася пазнаёміць са мной Марту, вырашылі, што лепш за ўсё гэта зрабіць у рэстаране, дзе можна добра, без лішніх клопатаў паесці і павесяліцца. Я танцаваў з Мартай, потым з Валянцінай.

— Ну, як табе мой кадр? — спытала яна і сама ж адказала: — Адзіны сапраўдны чалавек, які можа ўнесці ў тваё неразумнае жыццё парадак і ўтульнасць. Да таго ж паглядзі на яе. Яна не падобная на тых, што цябе акружаюць.

— У мяне ўсякія ёсць, Валянціна,— сказаў я.— I такія таксама. Ты ж амаль нікога не бачыла.

I тут да стала падышла адна знаёмая.

— Ты, я бачу, сёння заняты, Андрэй?! — спытала яна і сама ж адказала: — Не апраўдвайся, дарагі. Але гэта сумна. Проста ў гэтым шынку сёння ніводнага прыстойнага мужчыны.

Я спрабаваў было нешта адказаць, але яна заўважыла цябе.

— О, Сяргей Уладзіміравіч? Сяброўская сямейная вячэра. Не рабіце такіх вачэй — я знікаю, знікаю...

Яна пайшла, і я ўбачыў, што твар Валянціны пакрыўся плямамі.

— Я не разумею...

— Супакойся, Валянціна,— гэта мая прыяцелька. Разам вучыліся. Ды і працуе па суседству. У нашым доме, дзякуй богу, усе адзін аднаго ведаюць. Сяргей тут ні пры чым.

Загаварылі аб творчасці. Не помню, з чаго пачалося. Мне здаецца, Марта сказала, што ў яе ёсць адзін пісьменнік у Вільнюсе, дык вось ён у год выдае па раману і, натуральна, жыве нармальна. А раманы, праўда, яна іх не чытала, кажуць, што так сабе — луска, паўтор азоў літаратуры, аднак пісьменніку на гэта начхаць. У яго яхта, віла ў Паланзе, жонка ў «Бярозцы» бярэ што трэба, і па тры месяцы ён сядзіць у дамах творчасці пісьменнікаў,— то ў Піцундзе, то ў Дубултах, то ў Кактэбелі.

— Ну і няхай сабе піша дрэнныя раманы, мы з Андрэем напішам добрыя. А на малако дзеткам мы і артыкуламі заробім.

— Разумееце, Марта,— сказаў я.— Няма часу спыніцца, як кажуць, азірнуцца. Цякучка заядае. Газета — гэта прорва, ненажэрны звер. Накарміў яго ўвечары, а ён ужо да ўзыходу сонца рыкаць пачынае, зноў жэрці хоча,— паўтарыў я амаль даслоўна Андрэевіча.— Але мы запраста склеім усе свае радкі і створым непераўзыдзены шэдэўральны раман.

Ты стаў раптам сумным. Я ўпершыню заўважыў, што ў цябе вельмі стомлены твар. Некалькі рэзкіх маршчын прабілася на лбе, зайграла сетка пад вачамі.

— Трэба дамоў, Валянціна,— сказаў ты.— Юра там адзін.

Так, у цябе ўжо быў сын.

Я ўздрыгваю. Тэлефонны званок, які працінае наскрозь, быццам выстрал. Хто гэта можа быць? Ноч, недзе каля чатырох. Хапаю трубку, і — не магу паверыць — голас Марты.

— Усе тут, толькі цябе няма. Проста няёмка перад Валянцінай, Капіталінай Філарэтаўнай, Фёдарам Піліпавічам, Сярожкавай смерцю. Валянціна ўсё пытаецца: «Дзе Андрэй?» Усё ж сябар, так сказаць, найлепшы сябар. Ты што, напіўся?

— Марта, я толькі што думаў пра цябе, дакладней, не думаў, а ўспамінаў. Помніш той першы вечар у рэстаране — Сяргей, Валянціна, ты і я. Я праводзіў цябе да аспірантскага інтэрната, потым ты пазваніла, прыйшла да мяне ў барак...

— Што ты вярзеш? — яна зашыпела ў трубку як змяя.— Сапраўды напіўся! У такую ноч?!

— Ды не піў я, Марта,— даўно я не вымаўляў яе імя вось так, без злосці.— Проста я пішу некралог пра Сяргея, мне яго заўтра здаваць, вось я і не прыйшоў. Таму, Марта, я і ўспомніў пра цябе.

— Пішаш некралог аб ім, а ўспаміваеш пра мяне. Ідыёт пракляты...

Яна кідае трубку. Кароткія гудкі.

Было душнае, спякотнае лета, То там, то тут узнікалі пажары на палях, гарэлі лясы, а на Палессі раптам пачалася нечуваная паводка. Я кідаўся па камандзіроўках, пісаў пра мужнасць салдат-пажарнікаў, верталётчыкаў, людзей, што ратавалі ўраджай, кожны каласок якога даставаўся нялёгкай працай. Водпуска, я, канешне ж, не прасіў. Мне гэта нават у галаву не прыходзіла, хоць цягнула, вядома, на мора. Да гэтага часу я заняў тваё месца ў «маладзёжцы» — загадчыка аддзела навін, а ты перайшоў да Андрэевіча, які ўзначаліў большую газету. Ты таксама яшчэ не быў у адпачынку, ездзіў па камандзіроўках па тых жа справах, быў заняты набыццём новай машыны, цяпер ужо сваёй другой машыны, але нешта не выходзіла: нехта не стрымаў слова, паабяцаўшы твайму знаёмаму, вельмі надзейнаму знаёмаму, але ланцужок на некаторы час разарваўся: у Саюзе таксама разводзілі рукамі, маўляў, належыць машыну мяняць праз пяць гадоў, а прайшло толькі чатыры з моманту куплі, трэба было яшчэ год не прадаваць... Ты нерваваўся, без машыны быў як без рук, усе справы адкладваліся на заўтра, паслязаўтра. Але, нягледзячы на спёку, ты паспяваў пабываць на тэлебачанні, на радыё, на кінастудыі, ў выдавецтве, а ўвечары цесць вёз цябе на дачны ўчастак, дзе яму, побач са сваім, удалося выбіць надзел і для цябе. На тваім участку пакуль стаяў часовы домік, і расліннасць расла пышная, быў нават маленькі парнічок, кветнік, паляна для адпачынку, расла свая, не з рынку, закуска: цыбуля, пятрушка, памідоры. Унутры доміка вісеў на цвічках праект будучай дачы — на пастаменце, што нагадваў палі, з вокнамі на ўсю шырыню сцен, з усходнім дахам, пад якім змяшчаўся яшчэ адзін пакой другога паверха — твой кабінет.