Выбрать главу

Будаўніцтва дачы меркавалася пачаць гэтай жа восенню. Праз нейкія два-тры месяцы і палянка, што служыла месцам адпачынку, запоўнілася будаўнічым смеццем — дошкамі, цэглай, цэментам. Гэта ўсё патрабавала дадатковых, будзь здароў якіх, выдаткаў, і ты кідаўся ў месцы, дзе плацілі грошы, з новымі хуткасцямі. У мяне было параўнаўча спакойнае жыццё, грошы мяне асабліва не хвалявалі, мне хапала на сябе — на абеды ў нашай «шклянцы», набыццё кашуль, касцюмаў, зрэдку на рэстараны, на каньяк і шампанскае для дзяўчат, што наведвалі маё жытло.

— Не думай, што гэтак будзе працягвацца вечна,— гаварыў ты мне.— Ажэнішся — і скончыцца твая вольніца, бестурботнае жыццё.

Пра жаніцьбу я не думаў. Сам не ведаю чаму. Не было чалавека, з якім па добрай волі пасяліўся б навечна, да апошніх дзён пад адным дахам. Усё часцей я сустракаўся з Мартай... Прызнаюся, з ёю прыемна было з’яўляцца ў самых розных месцах — у цябе, сярод цікаўных позіркаў сяброў Валянціны, на прэм’еры ў тэатры, проста ісці па вуліцы.

— Ты мне амаль падабаешся, Андрэй,— сказала аднойчы яна.— 3 табой лёгка і проста. Няма патрэбы гаварыць нейкія непатрэбныя, але прынятыя ў падобных выпадках словы. Калі ты не супраць, я буду званіць часцей і прыходзіць.— Яна, пэўна, улавіла ў маіх вачах трывогу. — Не хвалюйся. У мяне не будзе ніякіх прэтэнзій. Для сумеснага жыцця... Ва ўсякім разе ў мяне — іншы ідэал мужа. Толькі ёсць адна просьба.

— Якая ж? — яе апошнія словы мяне задавальнялі, і я ўнутрана супакоіўся. Ненавідзеў я гэтыя спрадвеку аднолькавыя пытанні: «А што ў нас будзе далей?», «Я так больш не магу» або проста: «Чаму мы не робім так, як усе людзі», і гэтак далей...

Яна працягвала:

— Калі мы з табой... Адным словам, больш, каб ні з кім. Мы людзі адукаваныя і ведаем, што ў наш шалёны час здараецца часта шмат непрыемнасцей.

Я кіўнуў галавой і чамусьці ўявіў карэктарку Любку: яна ўсё ж не з дурнушак, і, мабыць, з’явіцца выключэннем.

Сустрэчы з Мартай увайшлі ў звычку, яны працягваліся ўжо каля двух гадоў. За гэты час яна паспела абклеіць маё жыллё новымі шпалерамі, прымусіла пабяліць вокны, дзверы, кухню. Я хадзіў усюды з ёю, і гэта нікога не здзіўляла. Марта канчала аспірантуру, ёй трэба было пакінуць аспіранцкі інтэрнат і шукаць кватэру... У тое гарачае лета Валянціна спытала ў мяне:

— Ты што — думаеш ганяць дзяўчыну па горадзе ў пошуках кутка?

Я нічога не адказаў, а потым сказаў:

— Да верасня, калі яе папросяць, яшчэ далёка.

Валянціна падключыла цябе. Ты ў гэта лезці не хацеў, але ўсё ж аднойчы распачаў са мной прыкладна такую гаворку, на што я адказаў, што не магу зрабіць Марце прапанову. Сам не ведаю чаму.

А ў той дзень ты пазваніў мне, нібыта не мог падняцца паверхам вышэй са сваёй рэдакцыі, і прапанаваў правесці вечар у цябе на дачы «за бутэлькай бургундскага».

Я толькі што вярнуўся з камандзіроўкі, мне трэба было адпісвацца, але гарачыня стаяла нясцерпная, за стол ісці не хацелася, і я ўчапіўся за тваю прапанову, як за выратавальную саломінку.

— Спускайся ўніз,— сказаў ты,— Па дарозе выкупаемся.

— Цягнуцца на электрычку? — спытаў я.— У такім выпадку лепш паехаць да мяне. Нікога няма, цішыня і ўтульнасць — выдатныя спадарожнікі старых сяброў. Да таго ж можам запрасіць каго-небудзь.