Пасля выхаду артыкула пасыпаліся званкі з Міністэрства гандлю: гэта наш лепшы кадр, як вы змаглі так на яе напасці, мы гэтага не даруем. Ты паехаў яшчэ раз на месца, і ў газеце з’явіўся фельетон. Факты ў ім яшчэ раз пацвердзіліся — ты меў рацыю. У справу ўмяшаліся вышэйшыя інстанцыі, дамачку знялі з работы, аддалі пад суд.
Дома ўвечары пасля гутаркі з табой я сказаў Марце:
— Я быў у Сярожы. Бяру заказ... Словам, не хвалюйся, справа пойдзе.
Назаўтра ты звёў мяне з манументальным, у касцюме «Англетэр», чалавекам з завода «Калібр».
— Наш завод мае слаўную гісторыю,— пачаў ён.— Хутка мы адзначым пяцьдзесят. Хацелася б мець сваю гісторыю, напісаную вопытным журналістам. Мы папрасілі Сяргея Уладзіміравіча, нам яго параілі, і да таго ж мы чытаем газету, але ён спаслаўся на занятасць і парэкамендаваў вас. Аплата — трыста за друкаваны ліст, і потым, калі нам удасца выдаць кнігу ў выдавецтве — то атрымаеце і там. Размер — дзесяць друкаваных аркушаў.
Я прыкінуў — дзесяць друкаваных аркушаў па трыста, ды плюс яшчэ выдавецтва пры спрыяльным выніку. Нядрэнна.
Ты глядзеў у гэту хвіліну на мяне радасна-паблажліва.
— Я згодзен,— сказаў я адзінае, што мог сказаць.
— Тады я пазваню галоўнаму бухгалтару,— заключым дагавор, і вы зможаце атрымаць шэсцьдзесят працэнтаў. Тэрмін выканання заказу — год.
— Ён хутка піша. За месяцаў пяць справіцца.
Мы паціснулі рукі. Чалавек з «Калібра» паехаў.
— Ён напіша хутка таму, што яму вельмі патрэбны і сорак працэнтаў,— сказаў ты яму ўслед.
Я ўяўляў задаволены твар Марты. Яе мара — адразу ж увезці ў новую кватэру сценку або спальню. Мара яе неўзабаве збываецца, зноў жа пры тваёй дапамозе — ты падключаеш «карупіраваны народзец», і мэбля прама з базы едзе ў кватэру ў мікрараёне Зялёны Луг, калі Марта знаходзіцца яшчэ ў радзільным доме. Я сустракаю яе задаволены, на машыне, узятай у шэфа, і гавару: «Цябе чакае сюрпрыз». Медсястра ўручае мне маленькі скрутачак — дачку — у абмен на шампанскае і цукеркі.
У машыне, апрача мяне, бацькі Марты, яны прыехалі прама ў рэдакцыю са скруткамі, клункамі, яшчэ не былі ў новай кватэры, думаюць, што яна зусім пустая, але я ім нічога не гавару. Мы пад’язджаем да дому, я няўмела, баючыся выраніць, нясу да ліфта дачку.
— Які сюрпрыз?! Ну скажы, я проста не вытрымаю! — прыстае Марта.
Я мужна маўчу. Адчыняю свежаабабітыя дэрмацінам дзверы. Марта першая кідаецца цераз прыхожую ў пакой, і я чую адтуль яе вокліч:
— Які ты малайчына! Які цуд!
Перад яе позіркам — гарнітур «Розмары» — сценка пад даўніну, чырвонага колеру, у стылі часу — стол, шэсць крэслаў, абабітых аксамітам, канапа-ложак.
Бацькі кінуліся разглядаць унучку, у якой яшчэ не было імя, а Марта садзілася то ў крэсла, то на канапу, мацала рукой мэблю.
Бацька Марты пацікавіўся, колькі гэта ўсё каштуе. Я назваў суму. Старыя абодва пляснулі рукамі.
— Дык жа за такія грошы і спальню можна было купіць, і гасціную, і кухню, і дзіцячы пакой, усё,— сказала яе маці амаль з адчаем у голасе.— Я была ў Мінску ў кватэры дачкі Гайтакоў, ты помніш Галю, на год маладзей цябе ў школе вучылася, дык у іх усё прыгожа абстаўлена, да таго ж танна і сціпла.
— Ах, мамачка, ды перастань ты, калі ласка. Я хачу, каб у мяне было прыгожа, утульна, каб пасля работы можна было адпачыць і людзей не сорам было запрасіць. Каму патрэбны прымітыўныя дошкі, сярод якіх сябе адчуваеш, як у казарме.
— А грошай дзе наберыцёся?
— Я хутка абараняюся, Андрэй можа зарабіць колькі захочаш у літаральным сэнсе гэтага слова.
Марта пачала хадзіць з пакоя ў пакой.
— Тут будзе спальня... Можна было б... Але пачакай, у Валянціны такая ж. Тут — твой кабінет. Фотасцэнка — від на мора або на лес, каб пісалася лепш, сценка, пісьмовы стол. I вось што я заўважыла: у Валянціны не хапае карцін-арыгіналаў. Нейкія прымітыўныя чаканкі з кузні, карацей, шырспажыў. Патрэбны карціны, няхай нават з мастацкага салона, не шык, вядома, але хутка і яны будуць цаніцца. Я чула, што ў Маскве нейкі амерыканец скуплівае карціны нашых маладых, невядомых мастакоў, лічачы, што з часам хоць адзін з іх стане вядомым і ён застанецца ў выйгрышы.
Па начах я люляў бясконца дачку, а днём, да позняга вечара, біўся над рукапісам аб заводзе — матэрыялаў мне аб ім далі вельмі мала,— удзень пералапачваў пісьмы ў рэдакцыі, здаваў свае артыкулы. Словам, жыў амаль тваім жыццём. Грошай не хапала. Да ўсяго іншага аказалася, што нам поўнасцю трэба мяняць гардэроб.I яшчэ кватэра заставалася паўпустой. Я сам знайшоў падыходы да заказных фільмаў, а ты задумаў серыю брашур у выдавецтве «Асвета». Мы з табой на пару ўзяліся расказаць пачынаючаму пасляшкольнаму люду пра ўсе прафесіі, што чакаюць іх за парогам школы. Мы страчылі гэтыя брашуры адну за адной, справы мае, а дакладней, справы Марты паляпшаліся, але апетыт не змяншаўся, а рос, ды і мне падабалася — якая ж гэта неверагодная дрыгва — цягнуць у дом усё новыя прадметы сямейнага раю, папаўняць гардэроб моднымі касцюмамі, сарочкамі, гальштукамі, рыпець тонка вырабленай скурай...