Выбрать главу

— I што ж гэта робіцца,— гаварыў ён, усхліпваючы.— Трымайся ж ты, Георгіевіч, прашу цябе, трымайся.

А ўбачыў я цябе ўжо ўвечары. Кажуць, памёршыя сардэчнікі бываюць падобныя на заснуўшых, бо смерць прыходзіць да іх лёгка і нечакана, а галоўнае, неўсвядомлена. Але не было падобна, што ты заснуў. Гэта адначасова быў ты і не ты. Хоць ты і не хварэў доўга, твар зменшыўся, ён быў вельмі спакойны, вельмі адчужаны, быццам ты прыняў смерць па мірнай згодзе з ёю.

Твая маці, Галіна Цярэнцьеўна, зусім ужо старэнькая, пастарэла яшчэ больш. У яе не было слёз, твар быў нерухомы, на ім застыла страшэннае гора. Побач я ўбачыў сваю былую жонку Марту і яе мужа Сідарава, чалавека і тут, ля труны, вельмі растаропнага і дзелавога. Яны звярталі на сябе ўвагу, ніводнай лішняй дэталі ў туалетах, усё з густам. Мая былая жонка не адыходзіла ад тваёй Валянціны. Яна соўвала ёй таблеткі, нейкія мікстуры, гаварыла: «Трымайся, Валечка, заўтра самы цяжкі дзень, прыйдзе шмат людзей, і ты павінна трымацца дзеля яго і дзеля сябе...» Якая разумная мая былая жонка нават у такіх сітуацыях! А калі Валянціна з глухім плачам — а яна здольная на такое?! — звальвалася ў спальні, Марта таксама была каля яе.

Праходзячы паўз мяне, яна прашаптала:

— Як ты кепска выглядаеш. Быццам п’еш?

Я прамаўчаў, хоць страшэнна, на ўвесь голас, хацеў сказаць нешта рэзкае. Пайшоў на кухню, сказаў некалькі слоў твайму цесцю Аляксандру Трафімавічу, прыкладна пра тое, што ты з выгляду быў такі здаровы і вельмі дрэнна, што не паспеў выгадаваць сына Сашку. Так, сын твой Сашка не выйшаў у пакой, некалькі разоў да яго выклікалі ўрача, побач была мая дачка, пасталелая за тыя некалькі месяцаў, што мы не бачыліся. Яна пры апошняй сустрэчы сказала мне, і я не мог не падзяліцца гэтым з табой, што я па сутнасці чалавек нікчэмны, усё жыццё жыву аднымі пражэктамі, шмат п’ю і мала зарабляю, што маці вельмі пашанцавала з Эдуардам Львовічам, ва ўсякім выпадку ніякай нервознасці і ўвачавідкі ўсе атрыбуты шчасця — машына «Волга», дача ў Зялёным і гараж пры ёй, кватэра, абстаўленая імпартнымі гарнітурамі. Я пайшоў, нічога не сказаўшы дачцэ, доўга праседзеў у бары, а раніцой на нарадзе быў як чалавек, прабач, з таго свету, але я ёй дарую. Можа, зразумее калі-небудзь, што я не такі ўжо і кепскі, а не зразумее, бог з ёй...

I вось цяпер, у гэтыя хвіліны, я адзін у сваёй сыраватай кватэры ў блочным доме, дзе ты так любіў бываць і дзе мне ўсё абрыдзела. У мяне моцна стукае ў скронях, шалёна калоціцца сэрца, і я задыхаюся і з жахам гляджу на ліст паперы, на якім мне належыць напісаць цёплы, душэўны некралог з выпадку тваёй смерці, сябар мой Сярога... Але ў мяне, прабач, нічога не выходзіць. Пяро выводзіць зусім іншае.

Чакай, мне пачынае ўяўляцца, што знікае прыкладна дваццаць пяць гадоў. Удумайся — чвэрць стагоддзя, удумайся, нікчэмная лічба, што праляцела, як адзін дзень. I справа зусім не ў маім цяперашнім стане, а ў іншым. Пяць дзён назад, калі ты быў яшчэ жывы, а я збіраўся ў камандзіроўку, пра якую абавязкова хацеў расказаць табе, я сустрэў ЯЕ на тралейбусным прыпынку. Я ведаю, што ты не бачыў яе вельмі даўно, цэлую вечнасць у параўнанні з тым, што было тады, працягні руку і дастанеш гэты час. Я не ўяўляю, што б ты адчуў, калі б сустрэў яе на вуліцы. Хутчэй за ўсё, ты не быў бы абыякавым, хоць потым, праз некаторы час, мог бы пасмяяцца: «Нічога не зробіш, старыкан, час... цэлае жыццё прайшло... А вось тады!»

Безумоўна, мы адразу пазналі адно аднаго. Ты ўяўляеш, у яе мноства сівых валасоў, больш чым у нас з табой, і я злавіў сябе на думцы, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, нам ужо за сорак, а ёй — пад пяцьдзесят.

— Як справы, Андрэй? — спытала яна і, не дачакаўшыся адказу, дадала: — Я рада бачыць цябе.

Мы загаварылі, як вядзецца ў падобных выпадках,— аб рабоце (яна ўжо некалькі гадоў камандавала цэхам на сваім заводзе дакладнай механікі), аб дзецях (сын закончыў інстытут, ажаніўся, і яна, уяўляеш, бабуля), аб кааператывах (яе сябрам давялося трэсці кашалькі знаёмых, сваякоў, старых сваіх), аб здароўі...