Яна замахала рукамі:
— Ды не пра мяне гаворка, угаманіся ты, Андрэйка. Мне на Сярожу балюча глядзець, на цябе таксама. Той усё мітусіцца, жыве нейкім мне незразумелым жыццём. Анучы, машыны, дача, зноў анучы — ды хіба ж назапасіш на цэлы век?!. Ды хіба можна жыццё на ўсё гэта траціць? Яно ж такое кароткае — учора яшчэ вы падлеткамі былі, а сёння вунь сівізна прабіваецца. Я думала, талент яго разаўецца, а ён прынёс сваю папку з вершамі і гаворыць: няхай, мама, гэта ўсё ў цябе паляжыць...
Я пачаў гартаць старонкі, і на мяне зноў дыхнула дзяцінствам, студэнцкімі вечарамі.
— Да мяне тут, ведаеш, Андрэйка, суседка наша былая прыходзіла, Надзечка... Ты не можаш не помніць яе. «Прабачце,— кажа,— Галіна Цярэнцьеўна, за ўсё, толькі вельмі мы з Сярожам адзін аднаго кахалі...» Не пазнаць яе, пастарэла, унука ўжо мае. Я падумала, што, можа, няхай бы яны і засталіся разам, калі каханне было, а не з гэтай... Можа, і ў яе і ў Сярожы па-інакшаму, па-разумнаму склалася б жыццё.
Я ўявіў сабе, як ненавідзіць яна Валянціну, Расмагіна і ўсю іх кампанію.
— Ён моцны, Галіна Цярэнцьеўна,— сказаў я.— Ён вось піць кінуў, за дысертацыю ўзяўся, ён павязе свой воз далей, а я больш не магу.
— А можа, і твая праўда! — вочы яе загарэліся.— Можа, трэба кінуць усё к чорту і нанава жыццё будаваць. Цяпер многія разыходзяцца, і правільна робяць, навошта сабе ўсё жыццё калечыць.
— А што гэта дасць? Не толькі ж у жонках справа, і ў нас саміх, Галіна Цярэнцьеўна...
Я пайшоў. Яна прасіла заходзіць, не забываць, скардзілася, што ты часам забываеш пазваніць нават, пра здароўе спытаць.
Я табе ўжо назаўтра сказаў:
— Ты, старыкан, маці звані ўсё ж, чакае яна тваіх званкоў пастаянна.
Ты спытаў:
— Ведаеш, што Марта заяву ў суд аднесла?
Я ніколечкі не здзівіўся.
— Ужо аднесла?
— Так, аднесла, Андрэй. Мне званілі адтуль. Суддзя там свой чалавек. Помніш, леташняя справа з гэтай Варноўскай?
Яшчэ б не помніць! Прозвішча гэта кожны ведаў у рэдакцыі. Гэта скандальная баба поедам ела сваіх уласных дзяцей, даводзіла да гістэрыкі настаўнікаў, ёй здавалася, што дзеці растуць падонкамі, «не нашымі людзьмі», а ў школе імі не нарадуюцца, не хочуць бачыць іх «злавесных» недахопаў.
Ты напісаў пра гэта дасціпны артыкул, пасля чаго і пачалося. Спачатку скаргі ва ўсе наяўныя ў краіне інстанцыі, потым судовыя разбіранні. Яна падала на цябе і газету ў суд, патрабуючы абвяржэння. Народны суд раёна быў на тваім баку. Варноўская дабралася да абласнога, Вярхоўнага. Ты шмат патрапаў сабе нерваў і ўсё часцей паўтараў:
— Траба кідаць усё. Усё гэта не да бясконцасці можа працягвацца.
— Што ж яна напісала, — спытаў я, стараючыся быць спакойным.
— Паехалі да яго, ён усё пакажа, хоць сам разумееш, гэта не заведзена, і ты павінен...
- Я ведаю, што я павінен. Можаш не папярэджваць.
Мы прыехалі ў народны суд. Суддзя быў малады і вельмі хваляваўся.
— Разумееце, перш чым выклікаць вас афіцыйна, я вырашыў пазваніць Сяргею Уладзіміравічу, вашу газету мы любім і паважаем.
Я пачаў чытаць і адчуў, як с кожнай мінутай мне становіцца ўсё цяжэй дыхаць.
— «...Прыходзіць дамоў пад раніцу, п’яны, чым траўміруе дачку... Прыносіць дамоў не ўсе грошы...» — Ну і фразачка! Не ўсе грошы?!. Што значыць, не ўсе грошы,— я не мог стрымаць сябе.— Не ўсе, якія друкуюцца на манетным двары...
— Чытай спакойна,— сказаў ты.— Потым дасі волю эмоцыям.
Далей: «...Ганьбіць гонар савецкага журналіста, дапускаючы выразы, што знеслаўляюць наш лад жыцця... Лічу сумеснае далейшае жыццё з такім чалавекам немагчымым, прашу...»
Пот паліўся з мяне ручаём, быццам я сядзеў у касцюме на верхняй паліцы ў парылцы, а Аляксей Савіч тазамі ліў на камяіні ваду: «Яшчэ, яшчэ, яшчэ!»
— Паслухайце, прабачце, забыў ваша імя,— я нахіліўся да суддзі.
— Віталь Сцяпанавіч,— сказаў ён.
— Віталь Сцяпанавіч, паслухайце, а мая жонка выпадкова не прыслала гэту заяву а вар'яцкага дома?
— Не, што вы. Вельмі прыстойная жанчына, усе сакратаркі збегліся разглядаць яе ўборы... Тут, ведаеце, розныя людзі ў нас праходзяць — скандалісты, дэбашыры, і сярод дамскага колу таксама, але яна паводзіла сябе вельмі спакойна, з годнасцю.
Мы ўсе закурылі.
— Што ж цяпер рабіць? — спытаў ты, незразумела, ці то ў суддзі, ці то ў самога сябе.
— Да таго часу, пакуль я не выклікаў вас афіцыйна і не пазнаёміў з заявай, неабходна, каб гэта заява знікла.
Мой выгляд у гэтую хвіліну, відавочна, быў дурнаваты, таму суддзя адразу ж дадаў:
— Як вам сказаць... Трэба зрабіць усё, каб паўплываць на вашу пакуль яшчэ жонку і прымусіць яе забраць заяву. Калі яна вырашыла скасаваць шлюб, дык няхай перапіша яе па-чалавечы. Інакш гэта можа выклікаць адны плёткі.