Выбрать главу

Ты рэзка ўстаў з крэсла. Сказаў:

— Вялікі дзякуй, Віталь Сцяпанавіч. Вы аказалі майму сябру та-ку-ю паслугу!

Я таксама доўга трос руку суддзі.

Калі мы выйшлі на вуліцу і я трохі аддыхаўся, падставіўшы твар насустрач ветру з дажджом, ты сказаў:

— Чаго-чаго, але такога я ад Марты не чакаў. Не разумею, у чым справа, шчыра кажучы, не разумею. Ну ўсё што хочаш, толькі не гэта...

Мы селі на лаўку прама пад дажджом.

— Уяўляю выраз твару Андрэевіча пасля таго, як ён прачытаў бы яе заяву.

Але ты быў упэўнены, што гэтага не адбудзецца.

— Хопіць панікаваць! — сказаў ты.— Заяву яна перапіша, як міленькая. Новую заяву я вырву праз Валянціну. Сам ведаеш, які яна мае ўплыў на Марту.

— А калі яны разам гэта выдумлялі?

— Вельмі можа быць,— сказаў ты.— Праўда, Марта і ў прыступе злосці магла ўсё гэта хуценька зрабіць і аднесці ў суд. Дарэчы, не, яна, вядома, паказала Валянціне. Але гэта ўсё не мае значэння. У мяне ёсць адзін аргумент для Валянціны. Пасля яго прадстаўлення яна адразу пабяжыць да Марты, і Віталь Сцяпанавіч не паспее нават выклікаць цябе ў суд.

— Аргумент... Які ж?

— Марта абвінаваціла цябе ва ўсіх смяротных грахах, якія існуюць і не існуюць. Я твой лепшы сябар, значыць, і я маю да ўсяго гэтага адносіны. Што ж атрымліваецца? Пры разборы цень, хоць і ўскосна, падае і на мяне. Валянціна гэтага не дапусціць. Я ёй патрэбен чысценькі, незаплямлены...

— Геніяльна! — сказаў я.— Гэта жалезны аргумент.

Наступіла нейкае цяжкае маўчанне. Потым я снытаў:

— Скажы, а табе ўсё гэта не абрыдла?

Ты развёў рукамі:

— А што зменіш? Што будзе потым... А тут сын, акадэмік, Валянціна... Трэба растварыць сябе ў рабоце. Мне з гэтага кола не вырвацца...

Далей усё адбывалася, як гаворыцца, без адхіленняў ад сцэнарыя. Марта забрала заяву, перапісала. У новай заяве яна напісала, што ў яе са мной псіхалагічная несумяшчальнасць і прэтэнзій яна да мяне не мае. Дамоў я больш не пайшоў, застаўся ў тым, што было на мне. Толькі крыху пазней ты прывёз два чамаданы з маім гардэробам, гадзіннік і куфар — памяць аб бацьках. Я начаваў у Аляксея Савіча, а то ездзіў у камандзіроўкі, а потым Валька Калосенцаў, праз сваю жонку, што працавала ў гасцінічным упраўленні, арганізаваў мне танны нумар у гасцініцы. Мяне пачалі вышукваць нейкія людзі наконт варыянту размену кватэры. Я сказаў, што мяне задаволіць любая асобная кватэра ў любым раёне. Неўзабаве я і засяліўся ў свой пакой у блочным доме. Усё абышлося без разбіральніцтва. Я сказаў Андрэевічу, што разышліся па ўзаемнай згодзе. Ён нават не стаў мяне ўшчуваць, сказаў толькі, што яго дачка таксама разыходзіцца з мужам, нічога ў гэтым, маўляў, няма дзіўнага, цяпер многія разыходзяцца.

Я помню, мы ўваліліся ў маё новае жытло, ужо месяцы праз тры пасля суда, на якім усё адбылося хутка, без вымотвання нерваў. Пасля наладзілі шумны банкет, запрасілі Аляксея Савіча і ўсю гоп-кампанію, гаварылі тосты за свабоднае жыццё і тым самым, па сутнасці, святкавалі перамогу, бо ўсё магло быць куды горш. I ніхто — ні ты, ні я не маглі сабе нават уявіць словы Валянціны (ты аб іх не ведаў і ніколі ўжо не даведаешся), сказаныя ёю ў тую самую ноч пасля банкету ў гонар тваёй абароны.

— А мы ж тады з Мартай разыгралі з вамі выдатны спектакль. Склалі такую заявачку ў суд... Разлік быў просты — ты пакрыўдзішся і пойдзеш у чым маці нарадзіла. А тады ўжо на гарызонце маячыў Эдуард Львовіч, дзелавы, бліскучы мужчына. Марта мела свае планы і нават дагаворанасць з ім, да таго ж яны літаральна ва ўсім адзін аднаму падыходзілі,— Валянціна летуценна ўздыхнула пры гэтым.— Ёй не хацелася выглядаць Папялушкай пасля доўгіх гадоў пакут з табой.

Падумаць толькі, гэтыя словы не зрабілі на мяне ніякага ўражання. Мне было ўсё абыякава.

А ў той дзень, калі яшчэ да гэтага недарэчнага ідыёцкага моманту, пасля якога Валянціпа шпурнула мне ў твар словы прызнання, было далёка, ты дапамагаў мне смажыць сялянскую каўбасу з бульбай, а перад тым расстаўляць рэчы — стары куфар маці, які раней выціснулі на балкон модныя гарнітуры, кабінетны гадзіннік бацькі і купленую літаральна днямі канапу. У кутку былі скінуты кнігі. Іх таксама прывёз мне ты.

Аляксей Савіч гаварыў тост за тостам.

— Давайце,— гаварыў ён,~ вып’ем яшчэ за аднаго халасцяка і каб і ў яго і ў нас заўсёды былі толькі самыя прыгожыя сяброўкі, каб мы не старэлі!

Гадзін каля дванаццаці вы з Аляксеем Савічам, нягледзячы на мае слабыя пратэсты, выклікалі таксі і паехалі за «атамнымі». Ты быў п’яны, стараўся сесці за руль сваёй машыны, але я цябе ўтрымліваў як мог і ўсё ж утрымаў. Вас доўга не было. Усе разышліся, і я заснуў сярод неверагоднага кавардаку. Прачнуўся я ад грукату ў дзверы. На парозе стаялі вы з Аляксеем Савічам і тры дзяўчыны.