— А вось і наш цудоўны павасёл,— сказаў Аляксей Савіч, рэкамендуючы мяне.— Некалькі дзён назад мясцком уручыў яму ключы ад гэтага ўтульнага гняздзечка, у якім яму вельмі сумна, і мы памчалі за вамі ў ноч...
Мы пілі грог — жудасную гарачую бурду. П’янаватыя дзяўчаты праз нейкі час зніклі разам з Аляксеем Савічам. Мы з табой курылі і размаўлялі амаль не да самай раніцы. Я не прыпомню дэталяў той размовы, толькі мне запалі ў душу твае словы: «Ты шчаслівы, Андрэй, ты такі шчаслівы! Я так зайздрошчу табе!»
Андрэевіч злаваў: праскочыла памылка, звычайная з дробных, але за якія атрымліваюць наганяй на нарадах уверсе. Хварэў ужо другі месяц унук, старэйшы сын надумаў разыходзіцца з жонкай, пашумелі з-за неглыбокага асвятлення пасяўной... Потым яшчэ нешта, плюс ціск. Пасля планёркі з рэдактарскага кабінета выскоквалі як з аўтамата па выпечцы булак, і я прасіў цябе адкласці размову з ім хоць бы назаўтра, яму сёння і без цябе моташна. Але ты быў верны сабе, упарты, як асёл.
— Зразумей ты, я даў ужо згоду, яму могуць пазваяіць аб пераводзе, атрымаецца няёмка... Ды і сам падумай, чаго сядзець далей. Такое месца не кожны дзень прапаноўваюць. Аклад — чатырыста, трыццаць два гаўрыкі ў падначаленні.
Пэўна, я на цябе дзіўна глянуў. Ты адразу ж сціх, спыніў пералічэнне, афарбаванае толькі ў прыемныя таны, рэзка адсунуў убок стос папер на стале і сказаў:
— Надакучыла пісаць артыкулы. Трэба адпачыць, апрытомнець... Ды і няма, як гаворыцца, бачнай жыццёвай перспектывы. Намеснікаў яшчэ не зрушыш, будуць сядзець да пенсіі, і далей свеціць пасада адказнага сакратара — урэшце ашалелы ад макетаў і перавёрстак Валька Калосенцаў шукае спакайнейшы куток,— але гэта наогул кашмар...
Мы ўвайшлі да Андрэевіча, і ты пачаў амаль з парога, сказаўшы пра тое, што ёсць сур’ёзная размова і хоць ясна, што ў рэдактара запарка, але ён павінен цябе абавязкова выслухаць.
— А гэта што — адвакат? — Андрэевіч кінуў у мой бок.— Апошні опус такі выдаў, што мухі ад тугі могуць падохнуць.
— Часовы крызіс жанру, выкліканы неразбярыхай ва ўласным жыцці,— паспрабаваў я перавесці яго словы на жарт.
Але механізм не спрацаваў.
— Вочы ў цябе, Андрэй, раніцой часта чырвоныя бываюць, ты падумай... Не хлапечы ўзрост, браце, а да інфарктнага ён усё бліжэй і бліжэй.
— Ды не ад гэтага ўсё,— я махнуў рукой,— Па начах, бывае, працую, вось вочы і...
Але Андрэевіч ужо не слухаў мяне. Ён глядзеў на цябе, чакаючы, крыху прыжмурыўшы вочы, быццам хацеў сказаць: давай, выкладвай свае неразумныя думкі, я іх паслухаю, і ты пойдзеш ні з чым.
Ты пачаў мармытаць нешта, але Андрэевіч прыйшоў табе на дапамогу.
— Заяву прыцягнуў? — спытаў ён, устаючы з-за стала,— Дзе яна ў цябе?
— Вы ўсё ведаеце? — спытаў ты і сеў на крэсла
— Ды пазванілі, узрадвалі, сказалі, пасаду табе даюць зайздросную, з акладам, гару перспектыў намалявалі. Я даўно ведаў, што так будзе, але чамусьці не верыў. Сам не водаю чаму...
— Па-мойму, Андрэевіч, гэта натуральна. Хто з дысертацыяй сядзіць у рэдакцыі...
— А які талковы журналіст з гэтага самага месца пад назвай «рэдакцыя» піша дысертацыю? Па-мойму ты першы. Таму вось я і не верыў, што пойдзеш, нават пасля таго, як кандыдацкія коркі ўхопіш. Але калі наважыў, ідзі. Больш я табе нічога сказаць не магу. Радасці нашай работы ты ведаеш, мне цябе няма чаго перавярбоўваць. А мы з сябрам тваім,— ён кінуў у мой бок,— сінякі і шышкі па ўсіх частках цела і далей зарабляць будзем. Вось так!
Размова была іменна такой — кароткай і дакладна па сцэнарыю Андрэевіча, а не па твайму. Праз некалькі дзён ты знік, твой стол упершыню ў гісторыі быў старанна вычышчаны ад папер, блакнотаў, нумароў тэлефонаў, якія даўно страцілі ўладальнікаў, ты не помніў, каму яны калісьці належалі, рукапісаў, выразак з газет і часопісаў. Ты перабраўся пад самы дах дванаццаціпавярховага інстытута інфармацыі, набітага начальнікамі аддзелаў, загадчыкамі сектараў і проста навуковымі супрацоўнікамі, якія невядома чым запаўнялі свой дзень.
Некалькі месяцаў ты прыглядаўся, і неўзабаве інстытут інфармацыі загрымеў на старонках газет — пайшлі артыкулы і «круглыя сталы», перадачы па тэлебачанні. Я адчуў — ты завёўся, ты шукаеш сябе напружана ў новай рабоце. I многім на дванаццаці паверхах, з ходу, без належнай рэпетыцыі і падрыхтоўкі ўцёр нос.
Праз год, і гэта нікога не здзівіла, ты стаў намеснікам дырэктара, нават твой голас пасля гэтага змяніўся, ты стаў пастаянна ўпэўненым, Валянціна ў тэрміновым парадку адмовілася ад многіх сяброў, яна стала больш спакойнай — а можа, і ўзрост падкаціў, ва ўсякім выпадку байкі пра яе сувязі сціхлі, яна хутка здолела ўпісацца на задняе сядзенне тваёй персанальнай машыны і цяпер ўжо, нарэшце, атрымала амаль усё з таго, пра што калісьці марыла. Ты меў партфель, пра цябе гаварылі ў розных сферах, і Валянціна была гэтым задаволена. Неяк, даўно ўжо сышоў з нашага сяброўскага круга — пасяджэнні, нарады, канферэнцыі, бясконцыя паездкі, — ты эацягнуў мяне да сябе, «смачна, па-чалавечы павячэраць у хатняй абстаноўцы». Валянціна паглядзела на мяне, як на прышэльца з космасу, я, здавалася, чытаў яе пытанне: «Ты яшчэ ёсць, жывёш, дзе, з кім, навошта?» Я і на самой справе выдатна ў цябе паеў, выпіў смачнага віна і наслухаўся Валянцініных размоў: «Падумаць толькі, яшчэ год назад ён прападаў у вашай паршывенькай газетцы».