Выбрать главу

Неяк летам твае бацькі паехалі ў санаторый, мужа Надзеі паслалі на вучэнні. Я памятаю, ты сам расказваў. Ноччу, гадзін каля дванаццаці, ты пісаў тады вершы, табе здалося, што ў выключальнік нехта пастукаў. Я ўяўляю, як замерла тваё сэрца, што адбывалася ў тваёй душы. Ты адказаў тым жа, тры ўдары... У той вечар ты ўпершыню ўвайшоў у яе кватэру, а праз некалькі дзён мы з Паршыным і Нікадзімам знаёміліся з такімі дэталямі, ад якіх нашы хлапечыя душы дранцвелі і чорная зайздрасць да цябе пранікала ў кожную клетку. Але гэта працягвалася нядоўга, ад чаго твая значнасць вырасла ў нашых вачах у сто разоў. Ты змоўк, быццам яе не існавала. Ты наогул стаў маўклівым і ўжо рэдка чытаў свае вершы. З’явіліся твае бацькі, потым муж Надзежды, і цябе зусім стала не пазнаць. Ты гатовы быў узарвацца па любой прычыне, пачаў хаміць настаўнікам, хоць па-ранейшаму заставаўся выдатнікам

А потым мужа Надзеі паслалі на нейкія курсы ў Маскву. Сама ж яна вучылася ў інстытуце, і сына на нейкі час забралі яе бацькі. Ты пачаў прападаць у яе. Калі цябе не было дома — а ведалі гэта толькі мы з Паршыным і Нікадзімам,—мы званілі ў суседнія дзверы, і ты імкліва ўскокваў у ліфт. Неяк Паршын сказаў у тваю адсутнасць, што нам так далей нельга, мы не шчанюкі, што Сярога сапраўдны мужык, а мы што... I ён сказаў нам прыглушаным, дрыготкім голасам, што непадалёк, у раёне піўных і чайных, нас вечарам будуць чакаць дзяўчаты. Яны прасцей, вядома, за Надзею, і ён з імі запраста згаварыўся, адрэкамендаваўшыся, ясная рэч, не дзесяцікласнікам, а курсантам лётнага вучылішча, што прыехаў на пабыўку да бацькоў разам з сябрамі.

— А форму ты ім таксама паказваў? — спытаў з’едліва Нікадзім.

— Нічога, прыйдзем у цывільным,— сказаў Паршын.— Нам, маўляў, нельга. Горад, сталіца, усюды патрулёў натыкана, а ў цывільным нам спакайней.

Мы назбіралі трохі грошай, набілі дынамаўскую сумку Паршына танным віном. Дзяўчаты, не памятаю іх імёнаў, жылі ў пакоі ў дашчаным бараку, і пакой і ўвесь барак наскрозь быў працяты пахам траскі і цвілі. Ішоў дождж, кроплі гулка барабанілі па даху, сценах, і ў вялікую алюмініевую міску ліўся ручаёк — цёк дах. Мы да дурнаты напіліся салодкага віна, якое закусвалі бульбай у мундзірах, кількай. Паршын гаварыў нешта аб палётах, але нічога не выходзіла, хоць мне здавалася, што дзяўчаты вераць яму, а можа, яны былі проста п’яныя.

Потым адна сказала:

— Можа, хопіць? Час разбірацца. Заўтра раніцой на работу. Я б не супраць з табой,— яна тыцнула пальцам у мой бок.

Я адразу ж працверазеў, глянуў на Паршына і Нікадзіма і ўбачыў, што з імі адбываецца тое ж самае. Мне стала горача. Мы пайшлі за шырму — звычайную прасціну, развешаную паміж шафай і сценкай.

Прачнуўся я ад голасу:

— Двяўчаткі, а гэтыя лётчыкі хоць паўналетнія? А то незнарок уліпнем у гісторыю.

Я сутаргава стараўся нацягваць кашулю, куртку.

Расштурхаў Паршына і Нікадзіма. Пакамечаныя, апухлыя даяўчаты ўжо хадзілі па пакоі. Была раніца. Мы былі расчараваны прымітыўнасцю таго, што з намі адбылося, хоць унутрана ганарыліся сабой. Чымсьці мы дацягнуліся да цябе.

Над табой і Надзяй між тым згушчаліся хмары. Па двары папаўзла цяжкая пагалоска: быццам бы нехта бачыў, як ты выходзіў з яе кватэры, потым вас увечары бачылі ў парку... Сам ты не звяртаў на плёткі ніякай увагі, твае бацькі таксама. Я дакладна ведаю — у тыя дні ў тваёй душы гучалі вершы. Яны гучалі ўсе мацней і мацней. Ты запісваў іх на ўроках, у час кантрольных, ты мог перастаць гуляць у футбол і з пляцоўкі пабегчы дамоў. Ты запісваў вершы на кавалачках паперы, у блакнотах, і ні адзін чалавек, які ведаў цябе, не сумняваўся — ты будзеш паэтам, ты ўжо паэт.

Прыехаў Надзін муж, але вы не маглі не сустракацца штодзённа. Мы зразумелі, што дабром гэта не скончыцца, але не ведалі, як памагчы табе. Аднойчы, гадзіны ў тры дня, ты прыбег да мяне з адным чаравікам на назе, хоць была зіма і на вуліцы ляжаў шчыльны пласт снегу. Задыхаючыся, ты расказаў, што яе муж раней вярнуўся з дзяжурства і табе прыйшлося скакаць з другога паверха. Чаравік застаўся пад снегам, мы знайшлі яго вечарам, і ўсё абышлося.

— Сярога, ты канчай з гэтым,— сказаў Паршын.— Парэжа цябе капітан, вось убачыш, парэжа.

I тут ты ўзарваўся:

— Ды што вы разумееце ў гэтым, дарадчыкі знайшліся. Усе мне раяць. А я жыць без яе не магу! Не магу, і ўсё!

Што мы маглі сказаць табе?! Мы былі хлапчукамі ў параўнанні з табой. Ты неяк адразу абышоў нас у сталенні.

А за месяц перад выпускнымі Надзін муж не стаў званіць у дзверы, высачыў цябе. Ты выйшаў ад яе, убачыў на пляцоўцы яе мужа, яе маці і замест таго, каб кінуцца міма, адчыніў ключом свае дзверы. Я ўяўляю, што рабілася з табой у гэтыя мінуты, а Надзя кінулася рукамі на вокны, яна была ўся ў крыві і крычала: «Я заб’ю сябе, калі вы пойдзеце да яго!»