Выбрать главу

Да тваіх бацькоў прыйшла яе маці. Яны доўга размаўлялі. Надзі ўжо не было. Яе некуды павезлі, а неўзабаве і муж-капітан перавёўся ў другі горад. Надзя знікла з твайго жыцця на многія гады. А праз некаторы час ты спытаеш у сваёй маці: «Што ты сказала той жанчыне?» I яна адкажа табе: «Я сказала, што ў жыцці ўсё бывае. У ім цяжка нешта планаваць, тым больш каханне. Мой сын не зрабіў нічога кепскага».

Такіх матак, як у цябе, не шмат. А ў цябе ў той час, відаць, з’явіўся першы рубец на сэрцы.

У пакоі рабілася ўсё цямней, галава мая з кожнай хвілінай цяжэла, і здаецца, яна вось-вось адваліцца, пакоціцца на стол, завалены паперамі, акуркамі і луской ад воблы. Яшчэ на стале стаяць шклянкі. На адной з іх сляды губной памады. Праклятая губная памада. Яна ўсюды: на кашулях, ручніках, бакалах, кубках...

Я ўстаю, іду да люстэрка і бачу ў ім азызлы твар зямлістага колеру, мяшкі пад вачыма, маршчыны, на бельмах — чырвоныя тонкія жылкі.

Мая былая жонка Марта мела рацыю, выглядаю я жудасна, можа, таксама працягну нядоўга, тады зусім, зрэшты, ёй стане на душы светла і спакойна. Я зноў узнаўляю ў памяці яе і Эдуарда Львовіча, каля тваёй труны, важных, дзелавых, з поўным усведамленнем адказнасці моманту. Уяўляю, што там, у тваёй хаце, цяпер робіцца. 3 усяго акружэння мне шкада тваю маці. Пасля смерці мужа ёй было вельмі цяжка. Пенсія на дзяцей малая, а спецыяльнасці ніякай. Паступова ў вашай кватэры пачалі знікаць фарфоравыя коні і сабакі, сервізы «Мадонна», распісаныя пад даўніну. Зніклі таксама некалькі карцін невядомых майстроў, прозвішчы якіх так ніхто ўжо і не даведаецца.

Ва універсітэце ты заўсёды выглядаў самавіта і модна, хоць даўно прайшла пара загранічных касцюмаў, сястра-васьмікласніца таксама жыла, як пры бацьку. Сваім выбарам прафесіі я быў абавязаны табе. Пасля выпускнога ты, медаліст, падаў заяву на журфак; да таго часу ў цябе было ўжо некалькі публікацый у газетах (усе выразкі з вершамі ты акуратна адсылаў Надзі ў нейкую вайсковую часць, да запатрабавання). Уяўляю, як выкладчыкі на журфаку прыемна здзівіліся, прачытаўшы тваё сачыненне, напалавіну напісанав вельмі ж неблагімі вершамі.

Я чакаў да апопшняга дня і аднёс дакументы на філалагічны. У дакладных навуках я нічога не кеміў, у гуманітарных таксама не вельмі, але некуды ж трэба было паступаць. Мае старыя — яны тады яшчэ былі жывыя — хацелі, каб хоць нехта з нашчадкаў атрымаў вышэйшую адукацыю. Няважна якую. Я станавіўся інтэлігентам першага пакалення. Будучыня ўяўлялася мне цьмяна. Быць настаўнікам? Не!.. Лепей ужо да канца жыцця разгружаць вагоны на таварнай станцыі. Тым больш вопыт у мяне быў. Калі не звінела ў кішэнях (а так, дарэчы, было заўсёды), мы ішлі вечарам на таварную станцыю і некалькі дзён потым маглі не трывожыць старых. Твае вершы, потым заметкі ўсё часцей пачалі з’яўляцца ва універсітэцкай газеце, у маладзёжцы. Ты падбухторваў мяне, каб я пачынаў пісаць і пераводзіўся на журфак, інакш «амба, філалагічны каюк і настаўніцкая цвіль». Я накрэмзаў нейкую паршывенькую заметку ў вашу універсітэцкую вучэбную, потым яшчэ, яшчэ... Нарэшце пачалі вучыцца разам, у адной групе, і твая маці гаварыла:

— Гэта вельмі добра, хлопчыкі, быць разам ад самага пачатку да канца. Вы гэта яшчэ зразумееце.

Ты часта думаў пра Надзьку. Я ведаў гэта добра.

Вы ўпотай перапісваліся — праз дзень ты бег на галоўпаштамт, а калі мы ішлі разам, гаварыў, каб я пачакаў ля ўваходу, чаго дарэмна штурхацца па забітай народам зале, дзе табе пазарэз патрэбен новы блакнот для вершаў. Ты знікаў мінут на дваццаць, а потым вяртаўся зусім іншым чалавекам — усмешлівым, энергічным. Неяк на факультэцкім вечары ты прачытаў верш «Двое». I я зразумеў,— дрэнна, што побач ужо не было Парша і Нікадзіма, а яны таксама зразумелі б — што гаворка ў ім ідзе пра цябе і Надзьку.

Ужо зусім позна. За вокнамі сцямнела, ліе дождж. Зазваніў тэлефон. Я раптам здрыгануўся. Вось ўжо цэлы дзень я баюся тэлефонных званкоў. Я нё хачу ніякіх навін.

— Прывітанне, Андрэй! — жаночы голас.— Ты адзін, ты можаш гаварыць?

— Недарэчнае пытанне. Я заўсёды адзін, я заўсёды вольны гаварыць.

Я табе расказваў пра яе. Яна маладзей за мяне амаль на дзесяць гадоў. Выкладае літаратуру і рускую мову ў школе. З’явілася неяк нечакана. Прыходзіць, знікае. Ніякіх прэтэнзій. Мне гэта падабаецца.

— Адкуль я ведаю, адзін ты ці не,— адказвае яна. — Да цябе можна зайсці? Я тут непадалёк.

— Прабач, Галя, але сёння не трэба. Разумееш, у мяне лепшы сябар памёр. Я табе расказваў аб ім, хацеў вас пазнаёміць.