Выбрать главу

Мне становіцца жудасна. Цемра, змрок звонку і з сярэдзіны ціснуць на мяне, перашкаджаюць дыхаць.

А магло быць усё інакш. Мы маглі памяняцца ролямі, гэта ж усё залежыць ад выпадку. Праз некаторы час, можа, блізкі або крыху аддалены, розніца паміж намі так або інакш сатрэцца, знікне. Ты ведаў добрага празаіка Сухога. Дык вось ён вечна паўтараў, падпіўшы ў бары Саюза пісьменнікаў, што няма розніцы паміж людзьмі забітымі на вайне і памёршымі сваёй смерцю, наогул розніцы паміж памёршымі... Але я думаю зараз пра гэта. Дык вось, мы маглі быць у процілеглых цяперашняму ролях. Я ляжаў бы цяпер... Дзе б я ляжаў? У гэтым пакоі мяне б не паклалі, а адразу б аддалі ў залу Саюза. Прыйшла б, відаць, мая былая жонка Марта, дачка, а Эдуард Львовіч Сідараў таксама быў бы побач, але блізка да труны не падыходзіў бы, няёмка ўсё ж жывому мужу знаходзіцца каля мёртвага. Твая Валянціна была б галоўнай распарадчыцай у прыгожым жалобным убранстве, адцяняючым яе белую, такую гладкую скуру. Перажываў бы ты адзін ды яшчэ твая маці, якая да мяне заўсёды нядрэнна адносілася.

Каму б ты мог пазваніць па маёй просьбе, калі б са мною стала дрэнна?

Вось так, калі адразу — дык і няма каму. 3 таго часу, як я застаўся адзін, былі розныя, усіх імёнаў і не ўпомніш. Існаваць па прынцыпу — хто першы пазвоніць, той і прыходзіць. Потым тэлефон адключаўся. Сярод іх была адна зусім яшчэ маладая асоба — замужняя. Усё любіла расказваць пра свайго мужа — які ён высокі, прыгожы, як добра апранаецца, якія поспехі робіць па службе. Нават фатаграфію яго паказвала. Яна заўсёды вельмі спяшалася — муж правяраў літаральна кожны крок. Не піла віна — мог быць пах. У прыхожай заўсёды пакідала гаспадарчую сумку — быццам бы выходзіла ў магазін. Я ёй аднойчы сказаў:

— Ты больш не прыходзь.

Яна здзівілася, бо ў нас так усё ўдала выходзіла.

— Больш не падабаюся?

— Проста не хачу.

Гэта было раней. У апошні час прыходзіць толькі Галка. Я ўжо сам не ведаю добра, як яна з’явілася ў маім жыцці, і ці з’явілася наогул. Ёй ніколі не хочацца застацца ў мяне на ўвесь час, або ва ўсякім выпадку яна не падае выгляду, яна не задае пытанняў, чаму я не званіў дзень або, скажам, два, што я раблю ўвечары, куды еду ў камандзіроўку, і ці ў камандзіроўку на самой справе. Мяне гэта задавальняе, тым больш, з ёю прыемна — чалавек яна мілы, разумны. Ёй, як і многім, не пашанцавала ў жыцці — быў муж, выпадковы чалавек. Зразумела, недзе праз год сумеснага жыцця — развяліся. Дзяцей не было. Урачы сказалі, што іх зусім не будзе. Вынік нейкага ўскладнення пасля прастуды. А неўзабаве і маці памерла — адзіны родны чалавек. Жыве яна ў маленькім пакойчыку на агульнай кухні — вынік размену з былым мужам. Пазнаёміліся мы ў яе школе адтуль было пісьмо-скарга, і яна добра ведала яго аўтара. Больш яе, відаць, нідзе не сустрэў бы. У яе ў жыцці адно — школа, педсавет, сто сшыткаў з сачыненнямі, перапісанымі з падручнікаў, ды яшчэ паходы ў тэатр, рэдка ў кіно з такой жа адзінокай, з заўчаснымі маршчынамі сяброўкай. Я пэўна, калі б апынуўся ў тваёй сітуацыі, папрасіў бы пазваніць ёй. Яшчэ я думаю пра тое, што яна спадабалася б тваёй маці, якая ўвесь час гаварыла аб неўладкаванасці майго жыцця, паўтараючы пры гэтым: «Ужо лепш, як Сяргей, чым зусім аднаму...» Ты ведаеш, яна з першага дня неўзлюбіла Валянціну, з яе замашкамі, нястрымным апетытам на ўсё, уменнем выбівання з цябе неабходнай колькасці грошай для бясконцых дарагіх ануч. Відавочна, як жанчына, яна адчувала, што Валянціна ашуквае цябе, вядзе нейкае тайнае, ад усіх схаванае, згодна з яе ўласным перакананнем, жыццё. Уяўляю, калі б яна даведалася, што я твой сябар...

Перада мной белы ліст паперы, за акном змрок, і мне зноў становіцца страшна. Я ніяк не магу сціснуць зубы, мне здаецца, што яны пачынаюць стукаць у цемры. У цябе, ясна, ніхто не спіць, апрача найцудоўнай тваёй цешчы. Яна абавязкова паклапоціцца аб добрым колеры твару. Сёння ж яшчэ толькі галоўная рэпетыцыя спектакля, а заўтра адбудзецца ён сам, з выхадам на сцэну перад перапоўненай гледачамі залай.

Я пачынаю думаць, што, мабыць, і мне трэба пайсці да цябе, але я ганю гэтыя думкі прэч. У мяне клопат, мне неабходна пісаць некралог і сказаць табе сёння пра ўсё. Інакшага выпадку не будзе, хоць наперадзе гады і я ўвесь час буду размаўляць з табой. Мне жудасна, ты ўявіць нават не можаш, як жудасна. Пачынаюцца слыхавыя галюцынацыі. Быццам нехта падыходзіць да дзвярэй, пачынаюць звінець ключы, я чую цяжкае дыханне — ён не адзін, іх двое. Я званю Галі, пытаюся: