Выбрать главу

— Ты не спіш?

— Збіраюся. Толькі закончыла правяраць сшыткі.

- Вазьмі таксі і прыязджай да мяне. Павер, мне гэта неабходна. Я не магу адзін...

— Добра. Я прыеду. Толькі няма грошай на таксі. Заўтрара палучка, і ў кішэні ні граша.

— Я цябе сустрэну, ля пад'езда. Толькі прыязджай хутчэй.

Я амаль бягом адолеў цемны пад'езд. Дождж закончыўся, і зноў стала душна. Мне ніяк не ўдаецца ўздыхнуць на поўныя грудзі.

Тады, тры гады назад, быў такі ж вечар. Душны, пыльны. Ты абараніўся. I ўсе вырашылі сабрацца ў цябе дома. Усё было абстаўлена шыкоўна, як любіла гаварыць Валянціна: з поўным антуражам. Я ўяўляю, колькі ты пабегаў па гастраномах і базах, каб паставіць на стол мартэль і шатландскае віскі, гурджаані і мукузані, джын з тонікам... Стол быў накрыты ў зале і яшчэ ў некалькіх, на поўную моц агучаных пакоях. Госці — людзі з інстытута інфармацыі, навуковы кіраўнік, апаненты, сябры цесця і цешчы, некалькі чалавек з гандлю і кааперацыі або, як ты іх назваў, карупіраваны народзец, без якога не пражыць ні дня, некалькі нашых, газетчыкаў, сярод якіх быў і я. Валянціна зрабіла мне сюрпрыз: у дзвярах з’явілася мая былая жонка Марта і Эдуард Львовіч Сідараў. Ты ўсё зразумеў па майму выгляду, ты падбег да мяне і пачаў прасіць прабачэння, маўляў, ты тут ні пры чым, што мне было ясна і так. Я стараўся трымацца ад гэтай парачкі, што прывітала мяне лёгкімі кіўкамі галоў, як мага далей. Марта рабіла выгляд, што мяне проста не заўважае, але ў маёй прысутнасці старанна спрабавала звярнуць на сябе ўвагу: жэстыкуліравала рукамі, як Сафі Ларэн у старым фільме «Развод па-італьянску», імкнулася гаварыць нейкія нечаканыя, парадаксальныя рэчы. Я піў з Валькам Калосенцавым, нашым адказным сакратаром, і шмат еў, таму што такіх смачных страў даўно не было ў маім меню. I яшчэ адна аказія — мне прыходзілася хаваць ад Марты і Эдуарда Львовіча Сідарава свае старыя, сцёртыя чаравікі (у якіх выгляд быў такі, быццам споўнілася ім сто гадоў). Гаварылі шмат розных тостаў, жадалі табе стаць акадэмікам і ўсім разам сабрацца на замочку, гаварылі аб тваім уступленні ў зусім новую будучыню, якая стала такой блізкай, не прывіднай марай, а рэальнасцю, і яшчэ нешта падобнае.

Асабліва вызначылася Валянціна, якая сказала, што яна бясконца шчаслівая. Яе муж нарэшце вырваўся з бесперспектыўнага палону журналістыкі, што ён можа ўздыхнуць на поўныя грудзі і працаваць нарэшце спакойна, не думаючы аб нікчэмных рублях, аб тым, што ступень дасць табе незалежнасць...

Усе глядзелі на яе і, відаць, не слухалі, а толькі глядзелі — як яна трымае сваю галаву на доўгай буслінай шыі, як паварочвае яе ў розныя бакі, умела пры гатым усміхаючыся і граючы вачыма, і я заўважыў, што і сам ты, нанадпітку, глядзіш на яе задаволена, ва ўсе вочы. Толькі я, павер, не глядзеў на яе. Так. Мне было пляваць, што яна прыгожа выглядае і хараством сваім здольная засланіць папулярных кіназорак.

Я перакульваў кілішак за кілішкам, аб’ядаў усё самае смачнае ледзь не з усяго стала, хаваў пад крэсла абшарпаныя туфлі і слухаў сіплы голас Валькі Калосенцава, які бясконца паўтараў: «Дарэмна Сярожка пакідае журналістыку, гэта ж ясна, што пакідае. Ёсць ступень — усе, хто ні ішоў туды, потым шкадавалі. Скісне ён ад тугі ў сваёй навуцы».

Потым рэжысёр Ермановіч, выгнаны з усіх тэатраў за неверагодную тупасць, пастаўленым голасам даў слова «калезе Сяргея Уладзіміравіча па нялёгкай журналісцкай службе — Андрэю». Гэта значыць мне. Я зусім не гатовы быў да тоста, ты ведаеш, я наогул не майстар гаварыць тосты, хоць за доўгую практыку мог бы ўжо і навучыцца. Да таго ж на мне спыніла свае вочы Марта, быццам толькі цяпер убачыўшы, што каўнер маёй кашулі ўвесь сцёрся, гальштук не па колеру і пінжак пакамечаны; наогул, калі б я ведаў, што яна будзе тут са сваім дэбілам, то надзеў бы па крайняй меры сіні блайзер, той самы, прывезены з Фінляндыі ў часы, калі я быў яшчэ піжонам, і светлыя штаны. Можна было б таксама схадзіць у парылку і пагаліцца там, адмасажыраваць пакамечаны твар...

Але зараз яна глядзела на мяне з непрытоенай пагардай, шаптала нешта Сідараву, і той пачаў гідліва ўсміхацца.

Я зацягнуў паўзу са сваім тостам, і Валька Калосенцаў пачаў тузаць мяне за штаніну, адчайна шэпчучы: «Ты што, анямеў?» Я пачаў гаварыць і ўбачыў, як ты мяняешся з твару. Так, я пачаў чытаць твой верш «Двое», ты памятаеш яго лепш за мяне, пра цябе і Надзю, напісаны тады, у дзесятым, памятным для цябе, класе. Ва ўсіх выцягнуліся твары, яны не разумелі, у чым справа, толькі твая маці, я зусім забыў пра яе, яна ж таксама была тады за сталом, закрыла твар рукамі і апусціла галаву. Я закончыў чытаць, сказаў, што гэта верш чалавека, у чый гонар мы сёння ўзнімаем бакалы, і чалавек гэты сапраўдны паэт у душы і я, яго сябар, а не проста калега, як сказаў зараз незнаёмы мне таварыш, хачу, каб ён зноў пісаў вершы, будзе ён прафесарам ці акадэмікам, каб заўсёды быў паэтам. А яшчэ я сказаў, што хачу выпіць за яго маці, вялікую жанчыну. Я падышоў да Галіны Цярэнцьеўны і пацалаваў ёй руку.