Выбрать главу

Алесь БЫЧКОУСКІ

СУСТРЭЧА Ў ЧАЎНЕ ХАРОНА

Элегія

У гэтым свеце бракуе яснага неба. Тут сонца свеціць зусім па-іншаму. Яно ледзь-ледзь прабіваецца скрозь туман і падфарбоўвае марудныя хвалі цёмнай рачной вады, якая пераліваецца на розныя лады то барвовым, то бледна-фіялетавым коле­рам, і гайдаецца-плыве ўздоўж стромкіх берагоў. Часам узнімаецца вецер. Ён то цярэбіць рэдкае сухое галлё, прынесенае з ляска, за якім калючы дрот, то гоніць густыя, нібы кісель, хвалі, якія неахвотна плюхаюцца па чорнарэччы, то ледзь штосьці шэпча ў вуха, то перамешвае-ўзбівае дурманісты пах навакольнай травы.

Процілеглага берага адсюль не відаць з-за туману. Там квітнеюць сады, поўныя райскіх птушак, край муз і натхнення. Трыма словамі: запаветная краіна мараў, у якую можна трапіць адно ў думках, ну або папрасіцца ў каменны човен паромшчыка. Кажуць, там жыве фантазія ва ўсіх сваіх мудрагелістых праявах і формах.

Так, цераз раку рэгулярна перапраўляецца човен. Выдзеўбаны з чорнага камяню, даўжэзны і шырэзны, човен незразумелым чынам трымаецца на густой вадзе і крыху пагойдваецца, калі ахвотнікі перабрацца на другі бераг ступаюць на шурпатую цёмную паверхню. Іх заўсёды хапае ўдосталь. Адметная рыса: з таго берага назад ніхто не вяртаўся, ніколі. Таму тое, што адбываецца за туманам, было загадкай. Хаця мне здаецца, я трошкі крывадушнічаю. Калі за туманам на тым беразе знаходзіцца краіна фантазій і мараў, то пра падзеі ў ёй можна даведацца з кніжак, пераважна фантастычных. Але што ёсць фантастыка, калі не скажоная рэчаіснасць? Аднак тут з якога боку паставіцца...

Мне ўсё свярбела паглядзець у твар паромшчыку. Калі цёмная постаць, шчыльна захінутая ў плашч, набліжалася ў чаўне, я намагаўся зазірнуць пад капю­шон таямнічаму стварэнню. З кожным разам беспаспяхова.

Існавала легенда, што твар паромшчыка можна разглядзець толькі тады, калі сам апынешся ў чаўне, і ніяк не іначай.

Таксама паданне сведчыла, што і паромшчык насамрэч чыясьці выдумка, быццам бы неверагодным чынам матэрыяльна ўвасобленая ў нашым свеце. Так гэта ці не — людзі аб тым не ведалі. Але ўсе пагаджаліся з тым, што без паромшчыка на той бераг не трапіць, хіба толькі ў думках.

...Здаецца, тады метэарыт упаў у выток Нёмана. Альбо тру­бы архіанёлаў загулі ў нябёсах недзе над Уздой і Стаўбцамі. І вада ў Нёмане на хвіліну зрабілася чырвонай, як хто фарбы напусціў ці то соку таматнага націснуў. Штосьці зварухнулася ў той момант у наваколлі. Бабулі пачалі рыхтавацца да канца свету, і жыццё неяк навогул заціхла. Можна было і на працу не хадзіць, але хадзілі па-звычцы ды каб хоць нечым сябе заняць. Увесь Нёман тады накрыўся туманам, непрагляднай цяжкай запавесай-сцяной. І прастора выгнулася так, што з абодвух бакоў Нёмана быў ГЭТЫ бераг, а за туманам схаваўся выключна бераг ДРУГІ, і патрапіць туды можна было, паўтаруся, у каменным чаўне.

Як растлумачыць? Паспрабую прасцей. Чалавек сядаў у човен да паромшчыка, і той кіраваў да сярэдзіны ракі і тамака ў непраглядным тумане знікаў. Затым вяртаўся, толькі ўжо без спадарожніка. Мы памяркоўна разважылі, што паромшчык — злыдзень, топіць нашых наіўных небарак, якія мараць трапіць у шчаслівы край за туманам. Мне нават адна песня выплыла на памяць з назвай «Карабель дурняў». У ёй спяваецца пра добрых людцоў, якія вырашылі ачысціць свет ад блазнаў, сабраць іх усіх у карабель, вывезці далёка ў мора і ўтапіць. Прыпеў там дужа «ладны»: «Не спяшайцеся, месца хопіць усім!». І ў гэтым святле ветлівая гасціннасць паромшчыка выглядала дужа падазронай.

Так і было: хто плыў на па­роме на ДРУГІ бераг, той знікаў у тумане назаўсёды. Дасведчаныя людзі шукалі навуковае абгрунтаванне і знаходзілі! Анамальная з’ява на Нёмане магла тлумачыцца толькі наяўнасцю разлому ў прасторы-часу. Тое значыла, што кліенты паромшчыка знікалі ў іншым вымярэнні. Але ж пакіну разбіраць загадку навукоўцам і не стану загрувашчваць аповед тэрмінамі. Не тое галоўнае цяпер. Важна іншае: адкуль мы ўсе даведаліся, што за туманам хаваецца краіна мараў, мрояў і размаітага шчасця? Вынікала, нехта ж вяртаўся адтуль і расказваў. Аднак — не. Напачатку, яшчэ да калючага дрота, паромшчык быў гаваркім і сам распавядаў пра цуды краіны на ДРУГІМ беразе. За перавоз ён прасіў манетку.

Хітрыя вайскоўцы спрабавалі перабрацца на іншы бок без дапамогі паромшчыка і дзеля эксперыменту паднялі ў паветра пару знішчальнікаў з надзеяй вярнуць назад. Ага, скулля! Летакі зніклі ў густых туманных клубах. Адтуль ніхто і нічога не вярталася.

Насельніцтва ж краіны пакрысе менела: многія спакусіліся аповедамі паромшчыка і сядалі ў човен, каб патрапіць у запаветны край і знайсці шчасце на ДРУГІМ беразе. Навукоўцы памаракавалі сабе і зрабілі выснову, што даследаваць цікавую з’яву не хапае фінансавання. Прыйшлі неяк агулам да думкі, што трэба жыць далей, не гледзячы на нёманскі феномен. Калі ніхто не вяртаецца з ТАГО берага, ГЭТЫ бераг спехам абнеслі калючым дротам і начапілі шыльдачкі «Небяспечная зона». Дзея была імгненна ўхвалена радай ветэранаў і вядомай грамадскай моладзевай арганізацыяй. Бо калі ўсе людцы паспалітыя рынуцца за туман у край мараў, хто ж тады працаваць застанецца і мацаваць дзяржаву, выконваць планы з дырэктывамі-пастановамі? Таму да калючага дрота следам яшчэ і кантрольна-прапускныя пункты дадалі. Ага, мы ахоўваем не зону ад вас, а вас — ад зоны! Ну а каб увесь свет не вінаваціў нас у адсутнасці дэмакратыі, «там, дзе трэба» вырашылі ўсё ж выпускаць невялікімі партыямі тых небарак, хто хоча ў каменным чаўне праплыць у адзін бок.