З улікам абставін у краіну фантазій вырашылі найперш адпускаць пісьменнікаў. А навошта яны тут? Каб лухту ўсялякую сачынялі? Хай лепей ужо сплывуць падалей...
Праўда, належала спачатку перад спецыяльнай камісіяй даказаць, што ты пісьменнік. Тут ужо іншая праблемка малявалася. Тым, хто меў чырвонае пасведчанне чальца творчага саюза ды па дзясятак выдадзеных кніжак у актыве, ды размаітыя прэміі, у тым ліку і дзяржаўныя, — вось тым зусім не свярбела падацца ў край, з якога няма вяртання. Нават у якасці эксперымента. Наадварот, трапіць у каменны човен імкнуліся невядомыя ўзнёслыя асобы, якіх не ўносілі ў выдавецкія планы, і ў каго не было грошай надрукавацца самвыдатам. Яны не маглі даказаць нічым, што таксама пісьменнікі, і спецыяльная камісія іх не прапускала. Верыць ім на слова? Тады зноў праблемка. Гэта ж любы беспрацоўны лайдак, гультай і п’яніца можа прытварыцца пісьменнікам-творцам і, не заплаціўшы адпаведнага падатка, пакінуць краіну. Як жа быць? Думалі-думалі і нарэшце прыдумалі!
Вырашылі прытварыцца ўсёй краінай, што таго ДрУГОГА берага проста не існуе. І не было ніколі. І раку Нёман увогуле не тое каб выдалілі з мапаў, а проста выключылі з інфармацыйных стужак і нават са школьнай праграмы, хутка перапісаўшы падручнікі, дзе «забыліся» ўзгадаць. Хто яго ведае, ці быў у нас Нёман той калі, ды з невядомым берагам, ці то проста паданне з сівой даўніны? Міне два-тры пакаленні, ніхто пра ДРУГІ бераг не ўспомніць. Пастанову прынялі, а калючага дрота, праўда, не знялі. Навошта? Забароненая зона.
Праўда, замежным крыніцам і ўсялякім інтэрнэтам іртоў не заткнеш. Плявузгаюць пра наступствы падзення метэарыта і гуд трубы архіанёла. Нёман жа далёка за межы краіны цячэ. У тыя краіны, дзе ДРУГІ бераг афіцыйна прызнаны. І хай сабе. Усім добрасумленным суайчыннікам вядома, што заходняе тэлебачанне хлусіць, у прадажных журналістаў адна мэта: разгайдаць і разбалансаваць нашы пракаветныя каштоўнасці.
Так і жылі далей. ДРУГОГА берага ў нас няма. Краіны мараў дык і пагатоў ніколі не было. Таму нельга фантазаваць, працы непачаты край: бульбу сеяць, кабаноў гадаваць, сумленна галасаваць на выбарах.
Толькі з таго моманту, як выкраслілі з жыцця запаветны край, любая работа стала нашаму чалавеку не ў асалоду. Гульня ў прытворства мела шмат наступстваў. Адны прытварыліся, што працуюць, другія прытварыліся, што плацяць заробак, трэція прытварыліся, што кіруюць працэсамі, чацвёртыя прытварыліся, што пішуць праўду, і далей пералік ужо бясконцы. Увогуле, усе наўкола прытварыліся, што ад іх нешта залежыць. Ну, гэта не ўпершыню ў гісторыі, таму не страшна, бо досвед маецца. Людзі развучыліся марыць.
Толькі паромшчык з каменным чаўном нікуды не знік і нікім не прытвараўся ў гэтай гісторыі. Ён заўсёды падплываў, калі які бадзяга-няўдачнік-боўдзіла-куёўдзіла выпадкова апынаўся на стромкім беразе і воляй звыш не затрымаўся на кантрольна-прапускным пункце (супрацоўнікі каторага, між іншым, даўно забыліся, навошта яны там пастаўленыя і каго ад чаго ахоўваюць ці абараняюць).
...— Ты зноў бяз грошай? — пачаў першым паромшчык. — Мне трэба заплаціць манетку.
Я развёў рукамі. Маўляў, адкуль грошы ў сталкера? Забароненая зона з анамаліямі наш «сталкерскі» вывіх лёсу, гэта наш свет, наша маці і нашае ўсё. Але ж мне вельмі карціла патрапіць у невядомы край, і я жыў надзеяй адкрыць туды шлях.
— Як там? — пацікавіўся я.
— Па-іншаму, чым тут, — прабурчэў паромшчык.
Я ўздыхнуў і прыняўся маляваць пальцам па пяску. Выпісваў розныя знакі. Потым зачэрпнуў жменю і паднёс да твара. Тоненькія струмні пацяклі скрозь пальцы.
— Скажы, у гэтай рацэ можна ўтапіцца? — спытаў я.