Выбрать главу

Я зірнуў на жанчыну і ўнурыўся ў даволі прымітыўны дэтэктыў, куплены ў чыгуначным кіёску. Праз хвіліну цягнік тузанула, і павольна паплыў каля платформаў з баластам і металаломам, каля штабеляў збуцвелых прамасленых шпалаў, прамільгнуў замурзаны вусаты змазчык, бабулька з казою на повадзе ў зарослым рамонкамі кювеце. Мінулі выхадны семафор, і закружыліся шчыльныя елачкі, палі і пералескі.

— Прабачце, што гэта была за станцыя? — спытаў у жанчыны.

— Анютка. Раней тут хуткія цягнікі не спыняліся. Пенсіянеры дамагліся.

Я пакруціў галавою і ўсміхнуўся: трэба ж прыдумаць — Аню-тка!

— А жыхароў як завуць? Анюцікі?

— Анюткінцамі завуць.— Жанчына дастала з сумачкі часопіс «Кардиология», знайшла патрэбны артыкул. То чытала, то пазірала ў акно. Было ясна: суседка мая медык, ды яшчэ кардыёлаг, спецыяліст па маіх хваробах.

Дэтэктыў мяне цікавіў мала. Недачытаную старонку я заклаў падпраўленым у спешцы лістом майму земляку, кніжку паклаў на дрыготкі столік і выйшаў у калідор. Там разгаварыўся з высокім сівым мужчынам у паношаным афіцэрскім кіцелі з цэлаю вясёлкаю ордэнскіх планак. Гаворка, як кажуць, пайшла пра вайну і пра бамбёжку, бо і ваяваў ён недзе ў гэтых мясцінах.

Калі вярнуўся ў купэ, суседка мая задуменна глядзела ў акно, відаць, развіталася з некім вельмі блізкім. Я разгарнуў кніжку, канверт з неадпраўленым лістом выпаў на столік. Я перагортваў старонку за старонкаю, спадзеючыся знайсці цікавы эпізод. Жанчына ўважліва разглядала адрас на канверце. Як толькі я адарваўся ад кніжкі, запінаючыся спытала:

— Прабачце, калі ласка, я на канверце выпадкова прачытала Глуск і расхвалявалася. Вы часам не адтуль?

— Вырас там, а цяпер бываю рэдка. Вось адзіны таварыш астаўся, часам перапісваемся, і то ліст на вакзале забыўся ўкінуць. А вас што там цікавіць?

— Усё... Бачыце, я нарадзілася ў Глуску і нічога пра яго не ведаю. Вывезлі адтуль у пялёнках. Колькі разоў збіралася з'ездзіць, ды так і не выбралася.

— А дзе там жылі вашы бацькі?

— У хатцы каля нейкага прыватнага млына. Маці казала, недзе ў полі стаяў. Бацька мой паравознік, а ў галодныя гады заехаў у гэтую глуш і наняўся машыністам да млынара. Там я і з'явілася на свет.

Мой дэтэктыў упаў на лаўку. Я ўглядаўся ў жанчыну, маўчаў, усміхаўся, а ў самога ад неспадзяванасці затахкала сэрца. Та-ак: на левай шчацэ ледзь прыкметная радзімка, вочы нібыта з усходнім разрэзам. Няўжо можа быць такая сустрэча? Яна чакала, што скажу.

— Памятаю той млын, і хатку памятаю. Цяпер іх і знаку няма. Вось так, Марына Паўлаўна.— Яна замаргала вейкамі, запунсавелі шчокі.

— Як вы сказалі?

— Сказаў Марына Паўлаўна. Так вас завуць?

— Адкуль вы ведаеце?

— Празорца і варажбіт...— усміхнуўся я.— Выходзіць, не памыліўся.— Яна маўчала. Толькі яшчэ больш зардзелася, часцей заміргала доўгімі загнутымі вейкамі. А мне хацелася яшчэ трохі паказытаць яе здзіўленне.

— Дазвольце вашу руку, я вам яшчэ нешта скажу.

Яна даверліва працягнула вузкую смуглявую далонь з тонкімі пальцамі без манітора.

— Маму вашу зваць Фрося, Ефрасіння. Ёсць у вас і брат... Зваць яго... Як жа зваць? Ага, Уладзімір...— Яна высмыкнула далонь.

— Быў Уладзімір. Ён загінуў каля горада Апавы, у Чэхіі. Што вы яшчэ ведаеце?

— Што вас двойчы хрысцілі.

— І гэта вам вядома? Не тлуміце мне галаву, лепш скажыце, што ведалі маіх бацькоў. Прызнайцеся, ведалі?

— Прызнаюся,— і жартаўліва падняў рукі ўгору.— А такія сустрэчы бываюць раз у паўстагоддзе. Цяпер маю права зваць вас проста Марына, бо колькі разоў няньчыў скручанае спавівачамі гарластае дзеўчанё.

— Дык хто вы? Як вас зваць? Можа, і ваша імя мне вядома?

— Так і быць. Розыгрыш не ўдаўся,— і я назваў сябе. Яна ссунула бровы, напружваючы памяць:

— Чакайце... прозвішча чутае... ад мамы. Так, нешта ўспамінаецца. А дзе жывяце цяпер?

Мы абмяняліся кароткай інфармацыяй. Марына працавала педыятрам у Рыбноўскім раёне на Разаншчыне, цяпер вярталася дадому ад мужавай радні.

— Дарога ў нас дальняя. Раскажыце, калі ласка, усё, што помніце пра тыя мае «хрэсьбіны». З маміных расказаў мала што запомнілася.

У купэ адчыніліся дзверы, правадніца паставіла на столік шклянкі з чаем. Каб сабрацца з думкамі, я марудна размешваў лыжачкай цукар, зняў абгортку з пачка вафляў, павольна сербануў гарачага чаю. Марына не дакранулася да шклянкі, моцна счапіўшы пальцы рук, чакала, што я скажу.