Выбрать главу

Нарэшце з баковачкі выйшаў у расшпіленай камісарскай скуранцы старшыня прафсаюза Лазар Віленчык, за ім — зграбная, у чырвонай касыначцы, кіраўнік жаночага аддзела Насця Клімчук і наезджы, з паголенай, як гарбуз, галавою, у зялёным фрэнчы з кішэнямі, як добрыя торбы, старшыня мясцовай кааперацыі Сувораў. Віленчык пазваніў школьным званком, і ўсе сціхлі. Гаварыў ён зычна, доўга і складна, а што, я тады нічога не разумеў. Пасля яго за трыбуну стаў Сувораў з вялікаю тоўстаю кнігаю ў чырвонай абкладцы. Нехта добра чутным шэптам сказаў: «Гэта іх евангелле». Яго перакрыў шэпт ад дзвярэй: «А кудлаты Лазар за папа». Віленчык пазваніў і некаму паківаў пальцам.

Сувораў разгарнуў кнігу. Не заглядаючы ў яе, зычна і хутка загаварыў, што рэлігія опіум для народа (што такое той опіум, ніхто ў мястэчку і не чуў), што папы, ксяндзы і рабіны ашуканцы і крывасмокі, а ў цэрквах, касцёлах і сінагогах абдурваюць і пазбаўляюць смеласці і волі людзей. Потым пачаў нешта чытаць з кнігі. Чытаў аднастайна і доўга, спатыкаючыся, вымаўляў незнаёмыя словы. Не ведаю, як дарослыя, а я ў тым чытанні нічога не цяміў.

Марына Паўлаўна глядзела нейкім адсутным зажураным зрокам, нібыта бачыла той завірушны вечар, душны перапоўнены клуб, зусім маладых сваіх бацькоў, шустрага Валодзьку з радзімкаю на шчацэ. Я замаўчаў. Глуха татахкалі колы на стыках, за акном мільгалі пераезды, будкі стрэлачнікаў, пакгаузы, паўстанкі і шчыльныя прыдарожныя прысады з елачак. Я думкамі і пачуццямі перанёсся ў той завірушны вечар і зноў вачыма хлапчука ўбачыў усё і ўсіх, такіх маладых і знаёмых, незваротна страчаных назаўсёды.

Мая спадарожніца парушыла маўчанне.

— Чаму ж вы замоўклі? Я слухаю...— яна абаперлася падбародкам на счэпленыя замком смуглявыя далоні.

— Ад доўгага аднастайнага чытання Суворава ўсе занудзіліся. Я пераступаў з нагі на нагу, пачаў круціцца з боку ў бок. Цётка Фрося смыкнула мяне за рукаў і з папрокам зіркнула добрымі светлымі вачыма. Калі Сувораў дачытаў сваю рату і сеў, на памост узышоў старшыня местачковага Савета Барыс Галубавец з доўгаю прашнураванаю кнігаю. Віленчык узяў з матчыных рук дзіця, паклаў на чырвоны настольнік, і на ўвесь клуб пакаціўся залівісты плач. Усе за сталом, а за імі і ў зале запляскалі ў ладкі. «Ого, галасістая! Бедная, естачкі хоча!» — пачулася з розных куткоў.

— Вось азвалася новая грамадзянка нашай краіны — Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Акцябрына Паўлаўна,— урачыста абвясціў Сувораў.— Зараз прадстаўнік Савецкай улады запіша яе ў кнігу актаў грамадзянскага стану па новым звычаі, які завецца ак-цяб-рыны. Віншуем высокасвядомага прадстаўніка рабочага класа таварыша Цімкевіча і яго...— Сувораў замяўся,— Жану, адным словам, супругу Фросю Епіфанаўну з дачкою Акцябрынаю. Па даручэнню райвыканкома, праўлення кааперацыі, арцелі «Спартак», прафсаюза і камсамола нованароджанай уручаюцца падарункі.

У суседнім пакоі па камандзе юркага кудлаценькага карнетыста, якога адразу ахрысцілі капельдудкіным, аркестр пажарнікаў грымнуў туш. Дзяўчаткі ў юнгштурмаўках і чырвоных касынках на выцягнутых руках, як дары ад заморскіх паслоў, унеслі каляровыя скруткі і склалі на стале ладнаю горкай. У цэнтры зіхацеў самавар. Людзі ўставалі з месцаў, станавіліся на дыбачкі, выцягвалі шыі — кожнаму хацелася пабачыць, чым жа адарылі шчаслівых бацькоў і дачушку.

Маці нізка пакланілася прэзідыуму і залу. Бацька павінен быў нешта казаць, а тады яшчэ не было завядзёнкі загадзя пісаць прамовы, дык ён ад хвалявання толькі і сказаў: «Я, як рабочы чалавек, апраўдаю давер'е Савецкай уласці. Абавязкова апраўдаю, як рабочы чалавек... Дазрастуе міравая рэвалюцыя! Ура!» Усе ахвотна крыкнулі ў адказ, а нованароджаная зайшлася залівістым плачам. Віленчык кіўнуў у бакоўку, і пажарнікі грымнулі «Інтэрнацыянал». Усе ўсталі і заспявалі гімн. Яго хутка засвоілі, бо кожны сход заканчваўся спяваннем «Інтэрнацыянала».