Маці калыхала на руках прыкрытае хусткаю дзіця і нешта ласкавае шаптала. Замоўк аркестр. Шумна разыходзіліся местачкоўцы з першых акцябрын. Каля канавязі, замеценая снегам, наша кабыла лена хрумстала сена. Бацька строс посцілку, склаў у перадок падарункі, мне далі везці самавар. Я яго моцна трымаў за настылыя вушы, аж зайшліся ад холаду і здранцвелі пальцы.
Хмары раздаліся, неба вызарыла, бралася на мароз. Шчарбаты месяц заліваў блакітным святлом зіхатлівыя стрэхі і сумёты, наслізганую палазамі дарогу, белыя прысады і поле, аблямаванае заінелым лесам. Ехалі моўчкі, толькі папісквала Акцябрына.
— Ванечка, падгані трошкі хутчэй. Дачушка ж заходзіцца ад голаду,— прасіла ваша мама і не назвала ні разу дзіця новым імем.
Нарэшце з воблакамі белае пары ўваліліся ў цесную хатку. Пасля клубнага святла яна здавалася асабліва змрочнаю. На сцяне гарэла пяцілінейная лямпа, на засланым стале стаялі талеркі з халадцом і смажанінаю, салёнымі гуркамі і ружовым салам. Яшчэ смачней пахла з печы. Бабка Пабліянка прыняла дзіця і, не раскручваючы, падала маці: «Барзджэй пакармі, Фросечка. І паехалі».— «Куды яшчэ паехалі?»— здзівіўся бацька. «Куды? Куды? Ты сваё дзела здзелаў і маўчы»,— сказала бабка і пачала завязваць гаматную суконную хустку. «Іван, падкінь кабыле тым часам». Бабка камандавала ўсім і ўсімі, і хочучы ці не, а слухаліся яе. Суцішанае дзіцятка яна закруціла ў новую ружовую коўдру, кіўнула майму бацьку, яны выйшлі з хаты, і толькі было чуваць, як зарыпелі сані.
— Што гэта яна надумалася? Чаго тут камандуе? — усхадзіўся дзядзька Павел.
— Кажуць, трэба правезці праз тры масты, каб не хварэла дзіця. От і павезлі. Не бойся, бабка ўсё ведае,— схлусіла маці,— а ты тым часам унясі з кладоўкі капусты.
На ўскраіне мястэчка, непадалёк ад кладоў, жыў айцец Аляксей. Да яго і паехалі. Кумам быў мой бацька, кумою — бабка Пабліянка. Колькі яна прыняла, ахрысціла і пакуміла, сама не ведала. Без яе ніхто не абыходзіўся. Усе местачкоўцы былі яе хрэснікі. Ніхто не ведаў, колькі ёй год — заўсёды была ў адной меры і здавалася вечнаю.
Неўзабаве яны вярнуліся. Бабка разгарнула дзіцятка, перахрысціла, лёгка падкінула ўгору і сказала: «Хай расце вялікая, разумная ды здаровенькая хрышчоная Марынка. А цяпер усе за стол. Кум, налівай!»
Дзядзька Павел толькі лыпаў вачыма:
— Дык гэта вы... гэта вы, значыць, ашукалі, хрысціць вазілі? І ты, Ваня... а-я-яй. Што ж я скажу Віленчыку, як пагляджу ў вочы.
— А ты не глядзі. На ёй жа знаку няма, хрышчоная ці не. Гэта ж не воспа. Ты нічога не чуў і не бачыў. Акцябрына ці Марына, адно і тое ж. Тое па-іхняму, гэта па-нашаму. Вырасце, сама разбярэцца. Няма чаго цяпер гавэнду разводзіць. Усе за стол!
Спачатку пілі і елі моўчкі. Потым разгаварыліся ды і заспявалі. Мой бацька выцягваў: «У зары ў зоранькі многа ясных звёзд», пакуль не асалавеў над талеркаю халадца. Мы з Валодзькам заснулі на печы...
Наступіла доўгая паўза.
— А пасля яшчэ спраўлялі акцябрыны?
— Не прыпамінаю. Пры мне не было.
— Чаму ж толькі адны? Чым я заслужыла такую ўвагу?
— Відаць, таму, што ў мястэчку больш нікога не было пралетарскага паходжання. Кожны местачковец меў хоць мізэрную ўласнасць. Ды і накладна, пэўна, было рабіць падарункі. Нараджаліся дзеці, хто хрысціў, хто запісваў у Савеце, і ўсе аднолькава параслі, людзьмі сталі, вайну адваявалі. Цяпер з даўнейшых мала каго ў мястэчку сустрэнеш... Вясною млын нацыяналізавалі. Жыццё наладзілася, і вашы бацькі паехалі назад у Жлобін, на чыгунку.
Разы са два прыходзілі лісты ад вашага таты, потым дачуліся, што ён загінуў у нейкай аварыі. І ўсё абарвалася... Гэта ж трэба, праз столькі гадоў сустрэцца ў адным купэ. Каб адправіў пісьмо, так бы, мабыць, і прамаўчалі або пералівалі б з пустога ў парожняе. Магчыма, ужо не раз недзе сустракаліся, праходзілі побач і разміналіся, нічога не ведаючы. Каб хто расказаў пра такую сустрэчу, не паверыў бы. А цяпер ваша чарга. Раскажыце пра сябе.
— І ўсё ж завуць мяне Акцябрынаў Мама спачатку і Марынай звала, а як пайшла ў школу, запісалі па метрыцы. Так і засталося. І мама прывыкла.
Жыццё яе склалася, як і ў кожнага з яе пакалення: былі страты і пакуты ў вайну, галоднае студэнцтва, замужжа, дзеці і работа ў заводскай паліклініцы.
На развітанне абмяняліся адрасамі, абяцалі пісаць, але так і не прыйшло ніводнага ліста: яна, відаць, чакала, што напішу я, а я спадзяваўся на яе. Потым і адрас згубіўся.