Выбрать главу

Гады праз два я ўспомніў Акцябрыну і напісаў наўгады на адрас тае заводскай паліклінікі, але ліст вярнуўся з адзнакай: «Адрасат выбыў».

Дагэтуль шкадую, што страціў, хоць і далёкую, сваячку. Іх усё меней і меней застаецца ў мяне. А радню заўсёды трэба берагчы.

ГАЛЯ КАРЭЦКАЯ

У канцы жніўня далёкага даваеннага года палавіну нашага цэха зваліла эпідэмія брушнога тыфусу. У палатах і калідорах доўгай стадолы інфекцыйнай бальніцы не было дзе прытуліцца, а хворыя ўсё прыбывалі і прыбывалі. І я болей за два месяцы пракачаўся ў гарачцы паміж жыццём і смерцю.

Дажджы ў тую восень ішлі бесперапынна, ад ветру звінелі незакітаваныя шыбы, на іх наліпала і трымцела пажоўклае лісце, холадам цягнула з шчылін недагледжаных акон. Ложкі стаялі адзін пры адным. Нехта трызніў і крычаў у непрытомнасці, хтосьці спяваў і рваў уціральнікі, якімі быў прывязаны да ложка. Малы і сухенькі, змучаны фурункулёзам, мой сусед ледзь чутна стагнаў.

Часам сярод ночы тупалі санітары з насілкамі, а раніцай пуставаў засланы ложак. Калі пыталіся, дзе наш сусед, сёстры стараліся абыякава адказваць: «Перавялі ў другую палату». Кожны маліў бога, каб толькі яго не перавялі ў «тую палату». Антыбіётыкаў тады яшчэ не было, таму ратавалі нас галоднай дыетай і камфарай падтрымлівалі сэрца.

Пасярод столі цьмяна гарэла запырсканая вапнаю лямпачка, за сцяною шумеў дождж, завываў і грукаў адарванаю бляхаю вецер. Кожнаму да плачу, да крыку хацелася есці, таму з ранку да ночы растраўлялі адзін аднаго ўспамінамі пра дранікі ў смятане, верашчаку, гарачую бульбу з марожаным салам. А нам давалі раз на дзень некалькі лыжак працэджанага рысавага адвару і дзве шклянкі несалоджанага чаю. У гэтым быў наш паратунак.

Праз два месяцы з дапамогаю ружовашчокай сястрычкі я вучыўся хадзіць па палаце ад ложка да ложка. Позняй восенню спачатку на паштовым аўтобусіку, а потым на кані на змярканні бацька прывёз мяне дадому. Пакуль ён адчыняў брамку, я споўз з воза, ступіў некалькі крокаў, захістаўся, як хлудзіна, пакаўзнуўся і споўз на слізкую сцежку. Пакуль караскаўся, каб устаць, пачуў, як суседка казала дачцэ: «Антоля бажылася, што сканаў Ляксей. Аж бач, жывога прывёз Іван. Авой! Дзе ж ён дзеўся? Толькі што калываўся». Я хапаўся за частаколіны, каб устаць, падскочыў бацька і, трымаючы за сярэдзіну, давёў да ганка. Насустрач выскачыла маці і загаласіла: «А дзіцятка ж маё, жывенькае, дзякаваць богу».

З тыдзень вучыўся хадзіць па хаце, патроху ад'ядаўся і прутчэў. Дажджы змяніліся ціхімі сонечнымі днямі, паляцела доўгая лёгкая павуціна, загарэўся чырванню і золатам недалёкі лес, парудзела за нашым гародам завішаваная балацінка, а на апусцелых і сталочаных градах датлявала прыплясканае дажджамі бацвінне, на сагнутых тычках шамацеў пасохлы фасольнік, тырчалі белыя храпкі ссечанай капусты. За шэрымі стрэхамі нашае ўсяго на дванаццаць хат вёсачкі цёмныя елкі аблямоўвалі колішні панскі сад. Зямля адышла пад калгас, а двор заняло лясніцтва: адну палавіну ашаляванага з белымі калонамі дома займала кантора, на другой пасяліўся ляснічы. Быў ён наезджы, даношваў колішнюю форменную фуражку з зялёным аксамітным аколышам, на носе блішчалі акуляры ў тоненькіх залочаных абадках, на верхняй губе раслі рудаватыя вусы, а пад ніжняю — тырчаў маленькі касмычок. Гаварыў ляснічы не па-простаму, часта паўтараў «та-а сказаць» і «будьте уверены, любезный». У гэтым сказе заўсёды чулася пагроза, а за ёю — акт і штраф. Ён ніколі не крычаў і не лаяўся, але бязлітасна штрафаваў парубшчыкаў за кожнае бярвенца і жардзінку.

Старэйшая дачка ляснічага вучылася ў Рагачове на настаўніцу, малодшая, хваравітая Галя, была пры бацьку, часам у канторы выпісвала білеты на дровы, нешта друкавала на «Ундэрвудзе», а ў добрую пагоду хадзіла дыхаць смольным паветрам у суседні лес, што пачынаўся праз некалькі гоней за садам.

Летась некалькі разоў я памагаў Галі збіраць яблыкі ў вялікім колішнім панскім садзе. Мы іх зносілі адным кашом да будана, палілі абрэзанае сухое голле, зграбалі на вогнішча лісце. Гаварылі абы не маўчаць. Галя, тоненькая, як былка, з бледным лялечным тварам, шэрымі вачыма пад крутымі броўкамі і ледзь прыкметнымі пагорачкамі грудзей часам расказвала неверагодныя гісторыі, вычытаныя з раманаў, што засталіся ў шафах колішняй панскай бібліятэкі. Угледзеў цёмныя яловыя прысады вакол саду, і ўспомнілася Галя, нават захацелася ўбачыць, але далёка адлучацца ад дому яшчэ не адважваўся. Тупаў па двары, падстаўляў слабаму асенняму сонцу схуднелы твар, глядзеў, як сцелецца па жнеўніку і ляціць павуцінне, завісае на платах і бадыллі. На старой дуплаватай таполі трывожна гарланіла вараннё, а чароды гусей з жытнішча зрываліся ў лёт; з шумам кружылася і падала лісце, вецер зносіў яго ў разоры і гразкія каляіны.