Выбрать главу

Часам успаміналіся любімыя вершы: «І было ўвосень, калі стрыглі поле, і на полі слалі дываны з лістоў, засмылела сэрца нечуваным болем. Вельмі многа крыўды, вельмі мала слоў». Або «Не жалею, не зову, не плачу. Все пройдет, как с белых яблонь дым...» Адзінота, шум апалага лісця, асенняя туга і мінорныя вершы часам краналі да слёз, хацелася спагады, цеплыні, ласкі, увагі і добрага слова. А побач нікога не было: маці ад відна да цямна перакопвала бульбянішча, бацька служыў у сельсавеце, а я, як таўкач, сноўдаўся па хаце і па двары, сядзеў на акораным пачарнелым бярвенні і глядзеў, як вераб'і малоцяць пахілыя каноплі.

У нядзелю з кіёчкам наважыўся пайсці ў бліжэйшы лес, а пасля хваробы ён здаваўся не такім і блізкім: спыняўся, адпачываў пад абляцелымі ракітавымі кустамі і паволі ішоў далей. У лесе было зацішна і цёпла. Рэдкія сосны на ўзлессі ледзьве гайдаліся ў сваім адвечным суме, на залітым смалою пні грэлася яшчарка, гарчыў пах апалага лісця і вялай травы, сухое ігліцы і багуну, датлявалі пазелянелыя трэскі і хваёвая кара.

Я сеў на стары аблузаны выварат з высока задранымі карэннямі, чыркаў кіёчкам па зямлі, збіваў паразяўленыя шышкі, а з колішняга кастрышча высокі прывялы скрыпень пускаў доўгія пасмы пуху. Я радаваўся, што прыгравала сонца, што дыхаў гаркаватым асеннім паветрам, успаміналіся наша палата, хлопцы, што асталіся пасля мяне, і наш беладрэўны цэх. Дактары казалі, што пра работу на камбінаце пакуль што няма чаго і думаць. Сланяцца абібокам і быць утрыманцам не дазваляла сумленне. Я ведаў, што бацькі не ўпікнуць за дармаедства, але карцела мець хоць які занятак і заробак. А што я ўмеў? Што мог рабіць?

Мае разважанні перапыніў шоргат за спінаю. Я азірнуўся. Па сцежцы ішла Галя. На ёй быў кароткі зялёны жакецік, клятчастая мультановая спаднічка, белы берэт, а ў руцэ дубчык з чырвоным лістком, пад пахаю даволі тоўстая кніжка. Яна, відаць, пазнала мяне, падышла і спынілася насупраць.

— Няўжо ты?

— Хіба і пазнаць ужо нельга?

— Чаму не? Пазнаю. Ну, здрастуй,— і падала тоненькую з доўгімі халоднымі пальцамі руку.

— Вашы селавыя жанкі колькі разоў пахавалі ўжо цябе.

— Значыць, доўга буду жыць.

— Ты то будзеш доўга... Калі вытрымаў такую хваробу, значыць, дужы. Да глыбокай старасці дажывеш.— У яе тоне гучала жальба і зайздрасць.

— Навошта да глыбокай? Жыві, пакуль дужы, пакуль сам сябе дагледзіш, а ляжаць нямоглаю завалаю, не давядзі гасподзь.

Я разумеў, пра што яна думае, хоць выглядае куды лепей, як мінулай вясною: паружавеў твар, жывым святлом іскрыліся вочы, павільгатнелі некалі апечаныя смагаю вусны. Я разглядаў яе ад берэціка да зграбных хромавых чаравічкаў.

— Ну, чаго ўтаропіўся?

— Даўно не бачыў... і любуюся. Такая ты ружовая і ладная.

— Пляцеш абы-што. Не выдумляй і не хлусі.

— Дальбог. Чэснае камсамольскае. Ты проста расцвіла.

— Гэта ўсё паранае малако з мёдам, лоем і альясам. Аж падумаць агідна, але нічога не зробіш, заплюшчуся і п'ю. А ў грудзях усё адно як гармонік рыпае, і кашаль начамі душыць. Дактары раяць дыхаць смольным паветрам. От і хаджу, пакуль цёпла.

— Чаго добрага, а паветра ў нас хапае.— Я пасунуўся, і Галя села побач. Ногі трошкі не даставалі да зямлі, і яна павольна гайдала імі.

— А ты калі збіраешся на свой камбінат?

— Думаю зіму перабыць дома. Пашукаю якую-небудзь работу. Можа, у вашым лясніцтве такі няўмека патрэбен?

— Папытаюся. Ты заходзь... Абавязкова заходзь.

Сонца свяціла нам проста ў вочы. Галя зажмурылася і маўчала. Я прыгледзеўся да яе кніжкі. Міхась Зарэцкі. «Сцежкі-дарожкі». Усе захапляліся гэтым раманам, а я так і не паспеў яго прачытаць.

— А мне дык больш вершы падабаюцца,— прызнаўся я.

— Сцішкі — глупства. Мне яны ў школе абрыдлі: «Вот моя деревня, вот мой дом родной, вот качусь я в санках по горе крутой». Ну і каціса, хто табе не дае. І я качуся, чаго ж крычаць пра гэта на ўвесь свет? А тут,— яна пагладзіла вокладку,— жыццё, пакуты, здрады, сапраўднае каханне, аж сэрца халадзее.

— А гэта ты ведаеш?

Падаюць сняжынкі — дыяментны-росы,

Падаюць бялюткі за маім акном...

Расчасалі вішні шоўкавыя косы

І ўранілі долу снегавы вянок.

— Прыгожа, а далей можна і не чытаць. А раман на сярэдзіне не кінеш: хочацца хутчэй дачытаць і расставацца шкада.