Выбрать главу

Я чытаў дзесяткі строф розных паэтаў, а Галю так і не захапіў. Галя злезла з вываратня, атрэсла спаднічку ад пацярухі.

— Мне пара. Можаш правесці, калі хочаш,— не то спытала, не то папрасіла мяне. Па зарослай сухімі рамонкамі і трыпутнікам мяжы мы пайшлі да брамкі ў канцы саду. Тут яшчэ пахла познімі антонаўкамі, апалым лісцем, вінным духам гнілак і дымком ад сухое травы і сучча.

Каля брамкі мы спыніліся і маўчалі.

— А з табою ёсць пра што пагаварыць. Ты ж не толькі вершыкі знаеш?.. Калі не раздажджыцца, прыходзь на гэты выварат, і я прыйду, пагаворым, паходзім. Так сумна адной,— і падала на развітанне руку, я затрымаў яе і доўга глядзеў у шэрыя вочы. Яны вільготнелі, і па шчацэ скацілася слязінка.

— Пацалуй мяне,— яна кніжкаю тыцнула ў шчаку,— мяне яшчэ ніхто не цалаваў і наўрад ці калі пацалуе.

Мне здалося адразу, што яна жартуе, і не зрушыўся з месца.

— Ну... Баішся? Ці грэбуеш?

Я дакрануўся вуснамі да паружавелай шчакі. Галя адкінула галоўку і заплюшчылася. Я ўпіўся ў яе гарачыя вусны, адчуў, як цокаюць зубы. Нарэшце яна рэзка адарвалася, кулачком выцерла шчокі,

— Вось і ў нас ёсць тайна. І глядзі, нікому — ні слова. Чуеш? А то зненавіджу. І нічога не выдумляй, і ні на што не разлічвай. Гэта так. Нешта на мяне накаціла. Можа, ад вершаў. Ідзі і не азірайся.— Яна ляпнула брамкаю і пабегла праз сад, згінаючыся пад навіссю вецця. Я доўга стаяў каля плота і глядзеў ёй услед.

Пакуль было цёпла і ціха, я хадзіў на ўзлессе, садзіўся на той сточаны шашалем выварат, шпацыраваў па сцежцы, углядаўся, ці не мільгае дзе знаёмая постаць. Але ўсё дарэмна. Галя не з'яўлялася ні ў садзе, ні ў лесе. Пайсці цяпер у лясніцтва без патрэбы я не адважваўся. Часам павольна хадзіў каля шчытнай садовай агароджы: тоўстыя дошкі рассохліся, патрэскаліся і абраслі сівым мохам. Па апусцелым садзе тупаў толькі вартаўнік, абкопваў яблыні, збіраў падгнілыя з белымі струпамі яблыкі і зносіў іх да будана.

Праз некалькі дзён задажджыла. Паплылі нізкія хмары, цуркі вады папрабівалі дзірачкі ў прызбе, у хаце і днём стаяў паўзмрок.

Пасля бальніцы я хутка ад'еўся і акрыяў, на галаве адскочылі колкія валасы; трохі памагаў маме па гаспадарцы і ўсё часцей пазіраў на замглёныя елкі ў колішнім панскім садзе, успамінаў Галю. І так хацелася пабачыць яе.

Вяртацца на камбінат не хацелася, ды і сілы яшчэ не набраў, а нешта рабіць трэба было. У мястэчку на круглай тумбе выпадкова прачытаў абвестку, што раённы аддзел народнай асветы набірае «ліквідатараў непісьменнасці» з адукацыяй не ніжэй сямі класаў. Месячны аклад 28 рублёў. А што, думаю, і гэта работа, і такія грошы не валяюцца. Зіму пахаджу ў ліквідатарах, а там відаць будзе. Пайшоў і адразу наняўся. Прызначылі мяне ў вёску за тры вярсты ад нашае, выдалі сшыткі, грыфельныя дошкі, лемантары для дарослых і разразныя азбукі. З членам сельсавета мы згадзілі прастарнейшую хату: у адной жылі гаспадары, другая пуставала. У ёй павесілі дзве лямпы, паставілі на козлах доўгі стол і лаўкі, сельсавет па гужпавіннасці прывёз дроў, адпусціў газы. Непісьменных сабралася аж дваццаць дзве душы, найбольш жанкі сярэдняга веку і некалькі маладзіц, прыбіўся і мясцовы «дзед Шчукар» — хітры пустабрэх. Непрыстойнымі жарцікамі і пякельным самасадам ён ледзь не разваліў усю маю школу.

Дажджы расквасілі дарогі ў такую калатушу, што і ў добрых ботах цяжка было дайсці да маёй «работы». Таму хадзіў задамі па растаптаных травяністых сцежках. Я адразу ўявіў сябе сапраўдным настаўнікам: завёў журнал, рабіў пераклічкі, ставіў адзнакі. На заняткі, толькі падаіўшы кароў і ўправіўшыся дома, прыходзіла калі дзесяць, калі дванаццаць жанчын, а бывала, і таго меней. Каб не распаўся мой «лікпункт», бывала, хадзіў па хатах, вучыў дома складаць з картонных літар «Ты», «Мы», «Дом», «Дуб» і нарэшце: «Мы — не рабы, рабы — не мы».

Я купіў ліхтар «Лятучая мыш» і з ім хадзіў палявою дарогаю каля лясніцтва. На дзядзінцы і ў старым садзе шумелі прысады. Я спыняўся супроць дома. У ім заўсёды позна свяцілася адно акно. Гэта быў Галін пакойчык. Я махаў ліхтаром, спадзеючыся, што нехта адсуне фіранку, зірне ў двор. Нікога. Недзе каля свірна грымеў ланцугом і заходзіўся брэхам сабака.

Нечакана ўдарылі маразы. Лужыны, зашклёныя тонкім лядком з белымі карункамі, і зарунелыя палі прыцерушыў снежны пыл, неба праяснела, а ноччу вызарыла, халады набіралі сілу. Зямля аж гула пад калясьмі, лес і сады ўкрываліся шэранню, яна іскрылася пад промнямі халоднага сонца, асыпалася ад ветру, а за ноч зноў усё серабрылася, нібы ў майскай квецені.

Яшчэ завідна ішоў я ў свой «лікпункт». Ззаду звонка цокалі капыты і грымелі колы. На лёгкім вазку побач з ляснічым сядзеў у футры і чорным капелюшы, у залатых акулярах белабароды славуты местачковы фельчар Нохім. На каленях ён трымаў пацёрты скураны сакваяжык. Нечаканая трывога ахапіла мяне. Толькі назаўтра мне маці сказала: