Летам з Евіным Валодзькам мы цэлымі днямі гулялі паміж лядоўняю і абымшэлым плотам. Часам дзядзька Пятро нас пускаў у свіран. Там круцілі драўляную корбу ад нідзе болей не бачанай машыны, што на тоўстых барабанах качала кужэльныя прасцірадлы і панскую бялізну. І назвы болей нідзе і ніколі не чуў «маглі». І нам хацелася пакруціць тую корбу, але сілы і ўдвух не хапала.
Зімою па разутасці я сядзеў дома і гартаў той адзіны часопіс, з бульбін і трэсачак рабіў «пільшчыкаў», рагатых кароў і расстаўляў на лаве цэлыя чароды. З бульбін зрабіў і пастуха, праўда, на чатырох нагах, бо на двух не стаяў. Калі зморыць сон, засынаў на падлозе, пакуль не прыйдзе мама. Яна рана ўпраўлялася на асноўнай рабоце і бегла на заработкі да багацейшых местачкоўцаў — да аптэкара Фрыда, да крамніка Нісенбаўма, да нашага суседа — айца Алімпія. Мыла падлогі і бялізну, насіла з рэчкі ваду, даіла чужых кароў і пілавала дровы. Заўсёды мне прыносіла мама гасцінцы — паўлустачкі сітніцы, скварачку, цукерчыну, драбок цукру. Толькі потым я зразумеў, што яна адрывала ад сябе і непрыкметна хавала за пазуху самы смачны кавалачак.
Найвялікшай каштоўнасцю і маёю радасцю ў нас была высокая лямпа пад белым абажурам. Адкуль і як яна трапіла да нас, я не ведаў, але заўсёды чакаў, калі мама засвеціць яе: у пакойчыку станавілася светла і цёпла. Чэкалі ходзікі на сцяне, вецер рыпеў аканіцай, аж вытыркаўся прэнт з жалезнаю засаўкаю, за грубкаю тоненька спяваў цвыркун. Седзячы на маленькім зэдліку, мама абірала картоплю, а я на падлозе расстаўляў бязрукіх і аднаногіх аблезлых і пагнутых алавяных салдацікаў. Мама паціху спявала: «Степь да степь кругом, путь далёк лежит...», і я далучаўся тоненькім галаском: «А в степи глухой паміраў ямшчык». Хто такі ямшчык, я не ведаў і не пытаўся ў мамы,— быў упэўнены, што чалавек, які капае ямы.
Прысніцца той вечар, і камячок падкоціць да горла. Такая была ласкавая і маладая мама, такая была цішыня, так цёпла і светла было ў нашым пакойчыку, а наперадзе — доўгае-доўгае жыццё, і думалася, што будзе яно самым шчаслівым.
Праз акно я не раз бачыў, як «доктар» Клецкі (для большай павагі яго звалі доктарам) у белых ступках таўчэ нейкую соль, круціць жоўтыя і чорныя мазі, дык і мы з Валодзькам у пушачках расціралі крэйду, у пляшачках разводзілі сіньку і соль і самі хадзілі падсіненыя і мурзатыя. Мы гулялі ў доктара і хворага. Хворым часцей прыпадала быць мне, а Валодзька голасам пана Клецкага распытваў, што баліць, прыкладаў вуха да грудзей і спіны, хмурыўся і цмокаў акурат як наш гаспадар.
Перад калядамі Валодзька з тыдзень не прыходзіў да мяне. Я зусім занудзіўся без яго. Цётка Ева сказала, што Валодзька прастыў па дарозе з лазні і без памяці ляжыць у гарачцы. Схадзіць адведаць яго ў мяне не было ў чым. А так хацелася ў двор; скрозь іскрыўся пульхны снег, сад здаваўся ў веснавой квецені, на галінках скакалі і гушкаліся чырванагрудыя гілі, але разуты не пабяжыш.
Неяк раніцаю з кухні пачулася горкае галашэнне цёткі Евы, і мама ўвайшла заплаканая. «Няма, сыночак, болей Валодзькі»,— сказала яна. «А дзе ж ён? Куды дзеўся?» — здзівіўся я. «Памёр Валодзька. Анёлы душачку ў рай панеслі».— «А Валодзька тут без душы астанецца?» — ніяк я не мог уцяміць, як людзі паміраюць. Гэта была першая смерць у маім жыцці.
Назаўтра маці загарнула мяне ў сваю гаматную клятчастую хустку, абкруціла ногі мультановымі анучачкамі, абула ў недзе падабраныя маленькія галёшыкі і панесла да цёткі Евы.
Двор быў белы ад чыстага снегу, шчабятлівыя сінічкі з бэзавых кустоў страсалі хрусткі іней, пахла марознай свежасцю і настылай кужэльнай бялізнай.
У цётчынай Евінай кватэры перад зіхоткімі абразамі гарэла чырвоная лампадка, на ўслоне, засланым белым прасцірадлам, ляжаў маленькі зжоўклы Валодзька. Кіпцікі на складзеных ручках пасінелі, заплюшчаныя вочкі глыбока запалі, на лбе — вузкая паперка з нейкімі малюнкамі, пакручастымі літарамі. У галавах у шклянцы з жытам гарэла і аплывала тоненькая свечка. Я баяўся, каб гарачая кропля воску не капнула і не апякла Валодзькаў лоб. Воск сплываў і застываў вузельчыкамі на свечцы і шклянцы. Валодзька не варушыўся. Мне хацелася пабудзіць яго і паклікаць у двор. Я не ведаў, што такое смерць: чаму ён ляжыць, а ўстаць не можа, ёсць, а кажуць, яго няма. Чаму?
Заліваецца слязамі цётка Ева, Насця ўкленчыла на падлогу каля ложка, круціць галавою і заходзіцца плачам. На лаўках сядзяць і паціху гамоняць нейкія сухія і чорныя бабулькі, маленькая гарбаценькая царкоўная служка суцяшае цётку Еву: «Грэх так убівацца, Евачка, богу спатрэбілася тваё дзіцятка. Анёльская душачка ўжо та-ам! — яна тыцнула сухенькім пальцам у столь — перад усявышнім». Мне зрабілася страшна, каб і мая душачка яму не спатрэбілася, я з апаскаю зірнуў на абразы: сівабароды бог сярдзіта глядзеў на мяне і паказваў пальцамі на неба. Я пачаў хавацца за маму, а яна не разумела майго страху і ўшчувала, каб не круціўся.