Праз месяц ляснічы з'ехаў ад нас не то ў Лапічы, не то ў Чырвоны бераг. Казалі, доўга на яго сварыліся і сарамацілі ў райвыканкоме за тое, што падаў кепскі прыклад сваім падначаленым, што іграў на руку царкоўнікам, і перавялі ў другое месца.
Неўзабаве з'ехаў з дому і я. Жыццё мяне круціла на ўсе бакі: падаў, караскаўся і зноў уставаў. Толькі гадоў праз дваццаць прыехаў у родныя мясціны: ні радні, ні блізкіх сяброў амаль ужо не засталося. У першы дзень пайшоў на клады, ледзь адшукаў матчыну магілу. Раптам з невысокага гранітнага слупка з крыжыкам наверсе зірнулі сумныя вочы дзяўчынкі з куцымі коскамі і горкай усмешкай. Надпіс зліняў і пачаў зарастаць мохам: «Галіна Карэцкая. 1914-1931». І больш нічога.
РУТА
Волшебной силой песнопенья
В туманной памяти моей
Так оживляются виденья
То светлых, то печальных дней.
Як толькі ўзялася ў сілу трава і зашумелі клейкай лістотай бярозы, зноў на ўзлессі стаў цыганскі табар. Ад колішняга маёнтка да гонкага хвойніку вяла абсаджаная старымі бярозамі дарога, у канцы яе, на ўтравянелай лагчынцы стаяла невялічкая каплічка з выбітым шклом, злінялаю і пакалечанаю фігуркаю маткі боскай. Тут і спыняліся кожны год адны і тыя ж цыганы: нацягвалі палапленыя, парыжэлыя ад дажджоў і дарожнага пылу шатры, загараліся вогнішчы, звінелі кавадлы і чулася здалёк гамана. Цыганы лудзілі катлы і глякі, чаканілі бляшкі на аброці і набедрыкі, а цыганкі ў доўгіх стракатых спадніцах, чырвоных, жоўтых, зялёных і сініх хустках разыходзіліся па сёлах варажыць на картах і прысушваць каханых, ратаваць кароў ад ліхога вока, а дзяцей ад пераляку. Многія проста хадзілі з хаты ў хату прасіць лусту хлеба і скварку «сабе і свайму цыганяці».
Вечарамі ўсе збіраліся ў табары. Высока палалі вогнішчы, гучалі доўгія звонкія і тужлівыя песні. Ныла гітара, плакала скрыпка, адбіваў такт бубен з мядзяным перазвонам. У іх былі жальба і надрыўны стогн па далёкіх дарогах і страчаным шчасці, спрадвечны боль прыгожага вандроўнага роду. Раптам віхурай закручвалася «Цыганачка» пад пляскат учарнелых і жорсткіх далоняў. У круг, заліты водбліскам полымя, урывалася гнуткая, як ракіціна, маладая дзяўчынка ў вясёлкавай замеці шырокіх фальбонаў. Гарачым вуголлем палалі вочы, залацістымі маладзікамі гарэлі завушніцы, яна высока несла прыгожую галоўку, блішчалі даспелаю чырванню вільготныя вусны, ад полымя здаваліся ружовымі роўныя, як часнок, зубы, звінелі маністы з мікалаеўскіх срэбных манет, пад цеснаю блузкаю ўздрыгвалі тугія грудзі.
Ёй насустрач выскачыў ладны цыган у лакіраваных ботах, шырокіх аксамітных шараварах, з-пад чорнай з разводамі камізэлькі языкамі полымя выбіваліся шырокія рукавы малінавай кашулі. Ён, як каршун з акрываўленым крыллем, кружыўся вакол прыгажуні, ляскаў далонямі па халявах, войкаў, эхкаў, екатаў, пайшоў упрысядкі, а цыганачка плыла па крузе, як лебядзіныя шыі, згіналіся яе смуглявыя рукі. Гэта быў не танец, а размова двух гарачых сэрцаў — стрымана-разважлівага, ганарлівага, з падкрэсленай недаступнай годнасцю, і шалёнага ў няўрымслівай пагоні. Яно, здавалася, крычала, дамагалася неадкладнага водгуку на палымяны тэмперамент. А дзявочае, стрымліваючы прытоены жар, некуды клікала плаўнымі павевамі пяшчотных рук, засланялася вузкімі далонькамі, адмахвалася і вабіла да сябе. Гэта быў танец пачуццяў, размова без слоў.