Наўкруг стаялі і ляскалі ў такт цыганы і цыганкі. Над імі ўзвышаўся старэйшына табара дзед Даніла ў чорным капелюшы, з-пад смольных кудзераў з павуцінкамі сівізны паблісквала вялікая завушніца, вусы звісалі ніжэй падбародка, арліныя вочы ад бляску полымя наліліся чырванню. На ім — чорны аксамітны сурдут, на расшпіленай кудлатай грудзіне блішчыць залаты медальён, а погляд адсутны, нібы ён тут і не тут, бачыць танец, а думае пра сваё, можа, і сябе ўспамінае такім жа маладым, і сваю каханую, пахаваную недзе край дарогі. І магіла згубілася, і табар ні разу не трапіў на тыя гасцінцы, і могілак цыганскіх нідзе не было... А можа, пра нешта іншае думаў дзед Даніла.
Маладзіцы трымалі на руках мурзатых цыганят, большыя дзеці круціліся каля танцораў, прытупвалі ў лад музыцы, пускаліся ўпрысядкі. У вачах маладых і старых успыхвалі іскры, спякотным бляскам пераліваліся чырвоныя і жоўтыя атласныя кашулі на белазубых кучаравых цыганах. У крузе танцавала зусім маладзенькая, гнуткая і статная Рута. Можа, гэта быў яе першы танец на людзях. У абліччы і ў характары Руты было мала цыганскага: светлы твар, шэрыя вочы, цёмна-русыя з падпалінамі валасы. Можа, гэта выклікала сумненні ў табары, але Рута была яго аздобай.
Цыганы гэтае месца ўпадабалі даўно, і я Руту чамусьці прыкмеціў з першай сутрэчы. Яна была негаваркая, сарамяжная, ніколі нічога не выпрошвала, не набівалася варажыць,— хадзіла па хатах са сваёю маці, гаваркою, але не нахабнаю, у самым цвеце цыганкаю Кацярынаю. Яны ніколі не міналі нашу хату. Заходзілі як добрыя знаёмыя. Кацярына расказвала маёй маме пра свае вандроўкі па Украіне і Волзе, па сёлах Случчыны і Любаншчыны. У Ніжыне і Пластку пад Любанню яны заўсёды зімавалі.
Рута моўчкі сядзела на ўслончыку, паклаўшы вузкія зграбныя рукі на калені. З-пад шырокіх спадніц вытыркаліся запыленыя маленькія ножкі з ружовымі пазногцікамі, на стане напінаўся расшыты бліскаўкамі тугі кабацік. Пакуль гаварылі жанкі, яна маркотна пазірала ў акно, а то падыходзіла да сцяны і разглядала малюнкі на адрыўным календары. Мама не давала ім кавалкаў, а запрашала за стол і карміла абедам.
Калі Кацярына з дачкою заходзілі да нас, у мяне пачынала часцей стукаць сэрца, я губляўся, апускаў вочы, ненатуральна мітусіўся і крадком аглядаў дзяўчыну ад малюпаценькіх пальчыкаў босых ног да хвалістых валасоў, пранізаных сонцам. На дарогу маці давала Кацярыне пару сухіх гомалак і ладны акраец хлеба. Тая далікатна аднеквалася, і міласціна знікала ў нейкіх патаемных кішэнях.
На змярканні я хадзіў да цыганскіх вогнішчаў. Слухаў працяжныя сумныя песні, глядзеў, як у вялікіх казанах паруе вячэрняе варыва, як дурэюць і скачуць галапузыя цыганяты, а часцей непрыкметна спыняўся каля Кацярынінага шатра, глядзеў, як Рута, падкурчыўшы ногі, падграбае ўкрытае белым прысакам вуголле пад трыногаю, а на ёй у закураным кацялку булькае засквараны кулеш. Мы часам гаворым з ёю. Пра што? Так, ні пра што — дзе была, што бачыла, куды збіраецца заўтра, а ці зойдзе да нас, спытаць не адважваўся. Калі пад гітару і скрыпку тужліва запяюць каля суседняга вогнішча, пытаўся, пра што тая песня.
— Табе рана пра гэта... Пра каханне і пра здраду пяюць.
— А табе хіба не рана?
— Я дзеўчына. Мне пара чакаць нарачонага. У нас рана замуж аддаюць,— сумна гаворыць Рута. Мне шкода яе, я зайздрошчу таму, хто возьме яе ў жонкі, такую ладную, статную і ласкавую. Ён недзе тут, у табары.
— Гэта ты з ім танцавала?
— Не ведаю. Можа, і з ім,— загадкава ўсміхаецца Рута і маўчыць.
Каб толькі нешта казаць, пытаюся:
— А ты ўмееш чытаць? — Яна адмоўна круціць галавою. Мне аж не верыцца, што такая дзяўчына і не ўмее чытаць.
На другі дзень я прынёс у табар паэму Пушкіна «Цыганы». Каля вогнішча Кацярына мясіла жытняе цеста на праснакі, раскочвала яго і кідала на гарачую патэльню. Руцін бацька, сухі, чорны, як галавешка, цыган хутаўся ў старую кажушную безрукаўку, а яго доўгія худыя рукі бездапаможна ляжалі на каленях падкурчаных ног. Рута скубла курынае пер'е. Я павітаўся.
— О, каго бачу! Хадзі да шалаша, адагрэецца душа. І павячэраеш з намі,— запрасіла Кацярына. Я засаромеўся, патаптаўся, але сеў бліжэй да агню. Згасала залаціста-чырвоная паласа захаду, на ружавата-зялёным небе выбліснулі першыя зоры, у суседніх шалашах чулася прыглушаная гамана, плач дзяцей, іржанне і тупат коней на ўзлессі. Руцін бацька спытаў, што ў мяне за скрутачак. Я разгарнуў кніжку і сказаў, што ў ёй вельмі складна напісана пра цыганоў.
— А хто і што можа пра нас ведаць? — не паверыў цыган.