Выбрать главу

— Ой, хлопча, хлопча, колькі яшчэ на зямлі лютасці і злосці, не прывядзі гасподзь. І гром іх не паб'е, і бог не пакарае.— Памаўчала яшчэ, відаць, думала, як пачаць. Я тады не разумеў, як цяжка маці гаварыць пра сваё гора і як трэба берагчы матчыны сэрцы.

Кацярына загаварыла павольна, запінаючыся, і пачала здалёк:

— Зімавалі мы ў Загаллі. Ведама, хадзілі па сёлах і неяк карміліся каля добрых людзей. Стары мой вялы саўсім, нягеглы і нядужы. Я часцей аставалася пры ім. Па сёлах пайшла Руціца. Сарамлівая яна была, цыганскага ў ёй было мала, але людзі спагадалі ёй, і ніколі з пустою торбаю не прыходзіла, хлеб давалі, а пасля каляд і скваркай скароміліся. Ужо і на весну павярнула, дні пабольшалі, снег памякчэў. Пайшла мая Руціца варажыць у Язмін: дзевак там на выданні, не раўнуючы, як на кірмашы. Кожнай карціць, адкуль сватоў чакаць. Дачушка мая і суцяшала іх. Пайшла зранку. Змяркацца пачало, а яе ўсё няма. Трывога нейкая навалілася. Ужо і зоры высыпалі, а Руты ні слыху ні дыху. Такога зроду не было. Тая ноч мне за год сцяглася, у вочы, няйначай, пяску насыпалі. Яшчэ і не вывіднела, паляцела я ў той Язмін: у адну хату, у другую. «Была,— кажуць,— маладзенькая цыганачка, складна так варажыла і пабегла з сяла яшчэ завідна».

Дарогі тае ад сілы вярсты чатыры, а то і меней. На нагу яна была порсткая. Тут маё сэрца і ўпала. Ваўкі, думала, напалі: круцілася ж тут не адна гайня пасля піліпаўкі. Зблудзіла — суцяшаю сябе, але каб і хацеў, са сцежкі нікуды не звернеш, снег вунь які. Лясок — заяц у тры махі пераскочыць. Бегала я па ім, гукала, галасіла, па сумётах грузала — нідзе ні слядочка.— Кацярына шморгала носам і выцірала непаслухмяныя слёзы. Я стаяў аслупянелы.

— Так і не знайшлі? — не вытрываў я.

— Знайшлі, дзеткі, знайшлі. Лепш бы не бачыць, што з ёю зрабілі. Яна ж была, як лялька, і ты ж прыходзіў паглядзець на яе,— зноў замоўкла Кацярына. Відаць, сказаць самае страшнае асабліва цяжка. Стаяла яна чорная, як здань, сцяўшы асмужаныя шурпатыя вусны, з поўнымі вачамі слёз...

— Два ірады, браты родныя, дзікія, як ваўкі кручаныя, запынілі яе, няшчасную, у лесе, скруцілі ручанькі паяском, знушчаліся з яе, як хацелі, рот хусцінкаю заткнулі, каб не крычала. А як нацешыліся, пабаяліся, каб не выказала, дык данеслі да рэчкі і ў пельку спусцілі пад лёд. За ноч мяцеліца зараўняла сляды, і — ні знаку. А мы ўсім табарам, і кансамольцы з намі, каля тыдня лазілі па лесе — і нічагусенькі.

Толькі пад весну вятры пазганялі з рэчкі снег, пад чыстым лёдам, як пад люстрам, убачыў яе наш хлопец. Адзін ён не пераставаў шукаць — ездзіў конна, дапытваўся ў людзей, хадзіў, як тручаны, і выхадзіў-такі на бяду сабе і на гора нам.

— Епіфан знайшоў яе? — ляпнуў я.

— А табе адкуль знаць? Праўда, Епіфан. Высах ён, як тычка... Па тым паяску пазналі, хто яе са свету звёў. Тыя два ваўкалакі ўсю зіму туляліся па лясах ды адзінокіх футарах. Бацькоў іх у Сібір саслалі, а сыны ўцяклі з таго кулацкага абозу. Цяпер іх шукалі не толькі мы, уласці шукалі: грэх убіўцам дараваць — пралітая кроў не дазволіць. І знайшлі-такі ірадаў аж недзе пад гэтым, як яго?.. Дай бог памяць, пад Чарнобылем аж. А судзілі ў Любані. Народу найшло, як у царкву на вялікдзень. Ваўкалакі тыя толькі нешта мармыталі і не адпіраліся. Людзі хацелі самі з імі каламі рашчытацца, дык міліцыя не дала. Я толькі паспела плюнуць у іх азвярэлыя хары. От так, дзеткі,— уздыхнула Кацярына,— няма нашай Руціцы, анёла нашага.

У мяне адняло мову, я не ведаў, што можна сказаць.

— А ты не цурайся. Прыходзь да нас і тую кніжачку прынось, пачытаеш. Рута любіла яе. Ну, я пайшла.

Кацярына лёгка пераскочыла пералаз, збегла ў нізіну і праз нейкі час знікла ў алешніку. Я доўга глядзеў ёй услед, а ў табар болей не пайшоў. Заплюшчу вочы і бачу жывую Руту то ў шалёным танцы, то маўклівую і журботную каля цьмянага вогнішча на тым колішнім цыганскім узлессі, толькі жывую, толькі юную і прыгожую.

ГЭТА Ж ЯНА

На летнія канікулы з'язджаліся ўсе знаёмыя студэнты, ужо адметныя ад сваіх местачковых равеснікаў гарадскою вопраткаю, прычоскамі, моднымі слоўцамі і манерамі трымацца, упэўненасцю ў сваёй дасведчанасці і перавазе. Хлопцы і дзяўчаты весела шпацыравалі па адзінай брукаванай вуліцы, пры месячным святле гулялі ў «гарэлкі» ў ціхай зялёнай Дашкоўскай вулачцы, а потым парамі разыходзіліся на зацішныя цьмяныя ганачкі, у бэзавыя і язмінавыя палісады.

Толькі наезджая практыкантка-медычка, статная дзяўчына ў ружовай сукенцы, з круглаю каштанаваю стрыжкаю і зеленаватымі вачамі ні з кім не знаёмілася і не сябравала, не хадзіла на шпацыр, гульні і вечарынкі. Лічылі яе ганарліваю, хоць адметнаю красуняю яна і не была. Проста па-маладому статная, імклівая ў хадзе, круглатварая і трошкі кірпаценькая, але была ў ёй нейкая іскрынка, што вабіла і спыняла ўвагу. Я ведаў, што завуць яе Марусяй, праходзіць практыку ў бальніцы, жыве ў сястры на агранамічным участку пры выяздзе з мястэчка.