Выбрать главу

Хлопцы казалі, што на ўсе падыходы толькі ўсміхаецца, скоса пазірае і ідзе далей. Што ж яна за цаца? — заінтрыгавала мяне. І пачаў цікаваць яе, але ў вочы сляпіцаю не лез, толькі назіраў здалёк.

Кожны вечар, калі зарэчныя лугі млелі ў сіняватай смузе і над імі курыліся пасмы туману, а чароды гусей з гергетаннем цягнуліся з выгану дадому, дзяўчына ў ружовай сукенцы спяшалася на рэчку. Цераз плячо перакінуты квяцісты ручнік, яна шпарка ішла па вузкай лугавой сцежцы, толькі мільгалі на моцных нагах беленькія «таргсінкі». Часцей яе бачыў на адлегласці, але нешта прывабнае было ў яе постаці і абліччы. Яна адна прыходзіла на стромкі бераг, дзе звычайна купаліся жанчыны. Купальнікаў і плавак у той час мы не ведалі: у жанчын было адно месца, мужчыны купаліся дзе прыйдзецца — распраналіся ў зацішку надрэчных кустоў і, азіраючыся, сігалі ў павольную плынь ракі.

Я здалёк пазіраў, як за кустамі ракітніку мільгала ружовая сукенка, потым, затуліўшыся спераду рукамі, з крутога берага зрывалася высокая белая постаць. У вечаровай цішыні далёка было чутно, як звонка б'юць далоні па вадзе.

Канчаўся жнівень, а з ім і нашы канікулы. Я і не спадзяваўся сустрэцца і загаварыць з гэтай ганарлівай дзяўчынай. Не ведаю, што больш замінала, залішняя сціпласць ці ўласны гаварок. Я пераконваў сябе, што нічога асаблівага ў ёй няма, і ўсё ж кожным надвячоркам ішоў на ўтравянелы надрэчны вал, углядаўся ў далёкія замглёныя лугі з пачарнелымі стагамі. За далёкім пясчаным узгоркам сінелі маладыя хвойнікі. На заваротах жывым срэбрам паблісквала рака і знікала зноў за крутымі берагамі і кустамі алешніку. Да ад'езду заставаліся лічаныя дні, я збіраўся ў свой інстытут, не сёння-заўтра магла знікнуць і Маруся.

У суботні вечар на рэчку яна не прыйшла. Я даседзеў на вале да змяркання і, нібыта нешта страціўшы, пайшоў у мястэчка. Пасярод базарнай плошчы стаяў высокі і доўгі нардом. У ім праводзілі сходы, ставілі аматарскія спектаклі і разы са тры на тыдзень паказвалі старыя кінакарціны. Пры мне ў вокнах патухла святло, загайдаўся зеленаваты слупок з праектара. Я паспеў узяць білет і ўбег у цёмную залу. На доўгіх лаўках, часам асветленыя экранам, чарнелі абрысы галоў. Я спыніўся ў вузкім праходзе, не ведаючы, куды прыткнуцца. Нехта крайні заварушыўся, адсунуўся. Я зразумеў, што мне даюць месца. Я сеў, мая суседка памкнулася далей управа. Каб не заміналі пярэднія, нахіліўся да суседкі і адчуў цяпло яе пляча. Запалілі святло, каб закласці новы ролік, і я ўбачыў, што сяджу побач з Марусяю. На ёй была мяккая мультановая сукенка ў буйную клетку. Толькі цяпер я здагадаўся павітацца і падзякаваць за месца. Яна ўсміхнулася і абыякава адказала: «Лаўка казённая, сядзіце дзе прыйдзецца, а месцы адзначаць у вас яшчэ не дадумаліся».— «І добра, што не дадумаліся, а то не сядзець бы мне побач з вамі».

Святло патухла, і каторы ўжо раз на нашым экране замітусіліся Гопкінс і Фогель, таямніча выплывала злавесная постаць Чычэ ў многа разоў бачаным фільме «Мес-Мэнд». Я глядзеў нібыта засяроджана, а правая рука трымалася ўжо не за спінку, а краналася цёплага Маруднага пляча. Пасля сеанса мы выйшлі разам і поруч пайшлі ў яе бок.

Мястэчка сцішылася пад халаднаватым зорным небам. Праз шчыліны некаторых акон прабіваліся тоненькія нітачкі святла, высокія таполі здаваліся чорнымі зданямі, і толькі на верхавінах пад блакітным святлом поўні срабрыліся і дрыжалі лісты: месяц толькі выплыў з-за хмары з залацістымі беражкамі. Адзін бок вуліцы патанаў у чарнаце густога ценю, на другім баку хаты нагадвалі тэатральную дэкарацыю ў хісткім зеленавата-сінім святле — зырка блішчалі шыбы, друзачкі шкла на дарозе аж сляпілі вочы. Мы ішлі моўчкі. Каб толькі не маўчаць, я спытаў, ці спадабаўся маёй спадарожніцы фільм.

— Я глядзела яго не менш як пяць разоў. А пайшла, бо не было куды дзецца.

— Тут жа столькі студэнтаў. Збіраюцца вечарамі, гуляюць, спяваюць, катаюцца на лодках, а потым разыходзяцца парамі і не сумуюць.

— Вы ж усе тут свае, а я так і не знайшла ні сяброў, ні сябровак.

— Кажуць, вы грэбуеце ўсімі.— Маруся толькі засмяялася. Так, гаворачы ні пра што, мы дайшлі да вялікага дома ў канцы мястэчка. У шырокіх вокнах з белымі рамамі святла не было. У гэтым доме быў адзіны на ўвесь раён агранамічны ўчастак. Тут, у сястры, аграномавай жонкі, кватаравала Маруся. Каля брамкі я дакрануўся да Марусіных рук. Яны былі халодныя і дрыготкія. Ад месячнага святла яе вочы здаваліся яшчэ зелянейшымі, а вакол валасоў гайдаўся зіхатлівы німб. Я паднёс яе рукі да вуснаў і пачаў хукаць, каб сагрэць, потым пацалаваў адну і другую далонь. Маруся прыхінулася да мяне і тут жа рэзка падалася назад.