Выбрать главу
Мёрзлы месяц з-за гор васількамі Перасыпаў азёрную сінь. Стыне ўсё... Ледзянымі сярпамі Выйшла восень рабіну касіць...

Маруся чмокнула мяне ў шчаку і хуценька пабегла ўніз.

— Хадзем хутчэй. Тут ад прыгажосці можна звар'яцець і нарабіць глупства.

З нізін паднімаўся туман, месяц замурзала лёгкая хмарка, недзе далёка закукарэкаў першы певень.

Мы яшчэ доўга развітваліся каля брамкі. Дамовіліся заўтра ў поўдзень сутрэцца на рэчцы.

І сустрэліся. Не ведаю, як Маруся, а я амаль усю ноч качаўся ў гумне на колкім сене, а як праз шчыліны прабіліся першыя малінавыя палоскі святла, заснуў і праваліўся ў нейкае салодкае трызненне, нібыта ніяк не канчалася тая дзівосная блакітная ноч. Прахапіўся ад задухі ў нізкім нагрэтым сонцам паддашшы. На скорую руку апаласнуўся, стоячы з'еў пару дранікаў і пабег да падмытай паводкамі пахілай вярбы. Вада плюскатала ў прамыінах высокага тарфяністага берага, а левы быў пясчаны, сталочаны авечкамі і гусінымі лапамі, зарэчны луг упінаўся ў густы дубняк, там-сям блішчалі маленькія азярынкі. Я глядзеў на наваколле і кожны раз дзівіўся прыгажосці знаёмых з маленства краявідаў, здавалася, што нідзе нічога прыгажэйшага і быць не можа. Ад свайго захаплення схамянуўся, пачуўшы блізкія крокі. Маруся ішла нацянькі, абмінуўшы мястэчка. Яна трымала загорнуты ў хусцінку скрутачак і падбеленыя зубным парашком «таргсінкі». Відаць, хацела падысці непрыкметна, а калі я азірнуўся, пабегла насустрач і замест прывітання спытала, ці даўно чакаю. Я хацеў прыкінуцца пакрыўджаным, але ўсміхнуўся і сказаў, што стаю тут зрання.

— А я ледзь уцякла ад сястрычкі. І ўсё ты вінаваты. Зірні, што нарабіў,— і яна адхінула каўнерык ружовай сукенкі. На шыі пасінелі прыпудраныя плямкі ад учарашніх пацалункаў.

— Я вытрымала такі допыт. Сястра так і не верыла, што не ведаю, з кім была ўчора ў кіно.

А калі б, барані божа, даведалася пра маяк, замкнула б да самага ад'езду.

— Дай лепей пахукаю на твае сінячкі, і яны адразу пройдуць. Трэба было іх пакінуць трохі ніжэй, каб ніхто не ўбачыў.

Маруся мне пагразіла пальчыкам.

— Ты калі-небудзь была на Высокім беразе?

— Дзе гэта?

— Значыць, не бачыла сапраўднай прыгажосці. Хадзем.— Я ўзяў яе за руку, і мы пайшлі па высокім парудзелым рамонніку і кураслепе, абмінаючы кусты, сухія затокі і старыцы. Хоць і не надта зыркае сонца прыпякала ў спіны, я зняў кашулю і даткнуўся загарэлаю да чарнаты рукою да Марусінага белага локця, яна ўсміхнулася:

— Негр і альбіноска. Да мяне загар не прыстае, ды я і не стараюся злузваць уласную скуру.— Яна скінула ружовую кофтачку, і адкрыліся прыгожыя плечы ў залацістых вяснушках, крыкнула: «Даганяй!» — і замільгалі пругкія белыя ногі па рудым сталочаным беразе. Маруся часам азіралася і бегла яшчэ хутчэй. Я не вельмі ўлягаў, каб дагнаць яе трохі далей, у зацішку. Раптам яна знікла за кустамі алешніку. Я запаволіў бег, пазіраючы ў розныя бакі. Маруся выскачыла ў вузенькіх белых трусіках і тугім ліфчыку і, размахваючы сукенкаю, пабегла далей. Я яе хутка дагнаў, абхапіў звільжэлыя плечы, а рукі дакрануліся да карункаў на ліфчыку. Маруся далікатна ляпнула па маіх сашчэпленых далонях, пагразіла пальчыкам: «Далей няможна». Шумна дыхаючы, мы пайшлі лугам. З чорненькіх круглых пячурак высокага берага выпырхвалі вастракрылыя беражанкі, кружыліся над вадою, узляталі вышэй і знікалі ў блакіце. На скошаным лузе адскочыла і блішчала прыгладжаная ветрам атава, дагарала пабляклая лотаць, соладка запахла медуніцай.

— А якія прадметы вывучаюць журналісты і што гэта наогул за работа?

— Ад сусветнай літаратуры да стэнаграфіі ўключна вывучаем усе прадметы. Толькі, дзякаваць наркамату, не займаемся матэматыкай. Я яе неўзлюбіў з першага класа.

— Хіба ж можна не любіць матэматыку? — здзівілася Маруся.— Мы і цяпер вывучаем хімію і фізіку, рашаем задачкі, а галоўнае — спецыяльныя прадметы, хоць часам пасля практычных заняткаў кавалак у рот не лезе... А журналіста я толькі аднаго і бачыла: прыбягаў да нас у тэхнікум маленькі, кудлаценькі, увесь у прышчах, штонікі цыліндровыя, пінжачок не разбярэш якога колеру. А шустры, не давядзі гасподзь,— скрозь лезе, усіх распытвае, праточвае шылаваты нос куды можна і няможна, а ў газеце праз тыдзень з'явілася вось та-а-ке-нечкая заметачка пра лепшых студэнтак, ды яшчэ імёны пераблытаў.