— І пра цябе?
— Не, я трапіла ў «іншыя».— Памаўчала, неяк грэбліва зыркнула ў мой бок.— Тожа мне ра-а-бота.
— Усяк бывае. Часам тыдзень збіраеш матэрыял, начамі пішаш, бывае, ужо і набяруць, а потым усё ляціць у сметнік. З людзьмі, якім назаляў, сустракацца сорам. Бываюць такія «ляпы», што горай пажару. Аднойчы набралі буйным шрыфтам загаловак «Піянеры і школьнікі, збірайце металалом!». Чалавек дзесяць чыталі адбіткі, а выйшла газета, і ўсе ахнулі: надрукавана «Піянеры і шкоднікі».
— Тыраж пайшоў пад нож, сакратар, выпускаючы, карэктары і цяпер шукаюць работу. Іх так і завуць «шкоднікі». А наборшчык аднойчы памыліўся на адну літару ў вельмі папулярным прозвішчы, дык у той жа дзень знік, і адрасу яго ніхто не ведае. У кожнай рабоце ёсць свае радасці і чорныя дні. І ўрачы ж не ўсіх выратоўваюць, а то замест гнілога зуба вырвуць здаровы, а бывала, што ў страўніку нажнічкі зашыюць.
Непрыкметна мы адышліся далёка ад мястэчка. Паблізу не было ні душы. На лузе цямнелі падобныя на рыцарскія шаломы ўлежалыя стагі, на другім баку рэчкі ўзнімаўся стромкі, як сцяна, высозны пясчаны бераг, на зломе ракі прасвечвалася пясчанае дно, хвалі дрыжалі пад сонцам і паблісквалі люстранымі зайчыкамі. Увесь Высокі бераг зарос густым маладым хвойнікам. Вецер даносіў адтуль густы смольных дух.
Мы па мелкаводдзю перайшлі рэчку і пачалі караскацца на пясчаны бераг. У вадзе, нібы спіны нейкіх пачвар, чарнелі калоды моранага дубу, чародкамі стаялі і ўздрыгвалі срабрыстымі хвосцікамі ўклейкі, з-пад нашых ног асыпаўся і цурчэў цёплы белы пясок.
У хвойніку было суха і душна, як у смалярні, наўкол цвіў густы верас, на пакатым беразе па атаве хадзіла чарада стракатых кароў, а ўдалечыні цямнелі купы старых ліп і саламяныя, а часам гонтавыя стрэхі зарэчнай вёскі. Мы доўга стаялі і моўчкі глядзелі на наваколле.
— Сапраўды, калі ёсць на зямлі рай, дык ён тут,— сказала Маруся.
— А мы ў ім, як Адам і Ева.
— Толькі змею не ўдасца спакусіць. Ты гэта май на ўвазе.
Марусіны плечы і рукі паружавелі на сонцы, вяснушкі здаваліся гусцейшымі, ад шыі па вузенькай упадзінцы сплывалі цурочкі поту.
Мы сышлі да вады. Я кінуўся адразу і паплыў, а яна асцярожна плёскала нагой каля самага берага і пацепвалася плячыма, паволі ўвайшла, войкнуўшы, акунулася і ўпэўнена паплыла на самы стрыжань, дзе жаўтапесак крута абрываўся ў чорны вір. Я даганяў яе, хацеў паймаць, а яна, як вялікая белая рыбіна, выслізгвала з маіх рук.
Потым мы доўга грэліся на цёплым пяску, дыхаючы сухім смольным водарам. Па верасе слалася павуцінне, на высокія былкі садзіліся стракозы, недзе непадалёк гуў марудны чмель. Маруся выпрастала рукі і заплюшчылася ад сонца. Я разглядаў кожную яе рыску: ад левага вока да скроні ледзь прыкметна бялеў даўні пісяжок, на руцэ ад вялікага да ўказальнага пальца некалі зарубцаваўся прыкметны шрам. Я пяшчотна пацалаваў яго. Маруся схамянулася, села, сціснула кулачок, шрам напяўся і пабялеў.
— Хто ж табе пакінуў такі знак? Відаць, забіякаю была. Вунь як бегаеш і плаваеш,— не дагнаць.
— Што праўда, то праўда. Хлопцаў часам лупцавала. Няхай не лезуць. А гэта? Гэта на грушу ўзадралася. Гадоў дванаццаць не болей было. Сук хруснуў — і паляцела, абдзіраючыся аб голле. Ледзь вока не выпарала, а руку аб пабітую пляшку на зямлі параніла. Гэты знак заўсёды напамінае: «Не лезь, куды не трэба».
— Відаць, што ты занадта асцярожная.
— А як жа іначай?! Даваць сабе і другім волю нельга. Нагледзелася я за гэтыя два гады сваёй медычнай практыкі на пакуты дурнічак. Не прывядзі гасподзь. Равуць, а то труціцца збіраюцца. І шкода, і злосць бярэ.
Калі сонца звярнула з паўдня, мы перайшлі на другі бераг і дамовіліся сустрэцца ўвечары, а каб не было лішніх плётак, разышліся рознымі сцежкамі.
Увечары мы сустрэліся на старасвецкім удзірванелым вале (ад яго цяпер і знаку няма). На развітанне Маруся мне падаравала зачытаны томік Надсана. На апошняй старонцы быў запісаны адрас яе Магілёўскага тэхнікума. Дамовіліся пісаць адно аднаму. Развіталіся на змярканні, бо заўтра раненька яна ад'язджала на некалькі дзён у Асіповічы да мамы, а потым — на вучобу.
Перапісваліся мы даволі доўга. У такім узросце прыемна чытаць дзявочыя лісты і самому пісаць лірычную ахінею з шматкроп'ямі, намёкамі і пацалункамі. Пасля зімовых канікулаў лісты прыходзілі радзей і радзей, усё сушэйшыя і абыякавыя. Напрадвесні Маруся перастала адпісваць зусім. Я асабліва не бедаваў: вольнымі вечарамі гуляў з дзяўчатамі ў садзе «Прафінтэрн», асабліва не заляцаючыся і нічога не абяцаючы — праводзіў адну, назаўтра сустракаўся з другою.