Выбрать главу

Пасля інстытута пайшоў на службу ў Радыёкамітэт. Пачаліся камандзіроўкі, рэпартажы, перадачы з раёнаў па тэлефонных правадах, сумятня і бязладдзе ў маім халасцяцкім жыцці. Зімою з рэдакцыйным заданнем прыехаў у Слуцкую МТС, пасяліўся ў маленькай утульнай гасцініцы «Случ» і цэлымі днямі ездзіў з начальнікам палітаддзела па калгасах.

Як толькі вывіднела, пад акном затрубіла эмтээсаўская машына. Я выйшаў на ганак. З шафёрам гаварыла высокая жанчына ў кароткім аксамітным жакеціку з белым футравым каўнерыкам і ў гэтакай жа кругленькай шапачцы. Калі я сышоў з ганка, жанчына павярнулася да мяне. Маруся! Аж адхіснуўся я ад нечаканасці. Яна ўсміхнулася, павіталася, не падаючы руку.

— Прашуся, каб падвезлі ў Вясею да хворай, а шафёр без дазволу карэспандэнта не адважваецца. Можа, дазволіце?

— Без карэспандэнта ён бы адразу падхапіў,— кіўнуў я на маладзенькага шафёра,— і давёз бы аж да Мінска... Сядай. Давязём, куды скажаш.

Мы селі побач на халоднае цыратавае сядзенне. Едзем. Маўчым. Нарэшце пытаюся:

— Якім чынам тут, як жывецца? — знарок не ўжываю займеннікаў ні «ты», ні «вы».

— Пераехала сюды да мужа. Ён загадвае аддзелам ў райвыканкоме, а я — па спецыяльнасці. Ратую жанчын. А ты як? — Шафёр зірнуў на нас і пачаў праціраць анучкаю ветравое шкло...

— Як бачыш. Матаюся па раёнах. Дома ніхто не чакае і не сумуе па мне. Жыву, як і жыў, бабылём. Відаць, старым кавалерам і астануся.

— Не прыкідвайцеся сіратою. Такія бабылямі не астаюцца. Толькі кіўні, адразу прыбягуць, і не адна.

— Ты ж нават на лісты адказваць не захацела.

— А навошта дарэмна паперу і час пераводзіць?.. Каб нешта пэўнае напісаў, можа б, усё інакш склалася.

— Спадзяюся, знайшла сваё шчасце?

— Як табе сказаць... Мы ж не ведаем, сваё ці чужое шчасце натрапіла на нас. Не мы выбіраем, нас выбіраюць. А мы ідзём, куды пазавуць.

— Не прыдумляй. Гэта ж — дамастрой.

Маруся спахапілася, зірнуўшы на шафёра.

— Муж у мяне слаўны чалавек. Шануе і даглядае, як малую.

Памаўчалі. Машына ішла па наслізганай саньмі, прыцярушанай сенам дарозе, абапал застылі ў густой срабрыстай шэрані прысады і прыдарожныя кусты, праз пярэдняе шкло відны былі замглёныя прасторы заснежанай Случчыны. Шафёр затармазіў на канцы вёскі і буркнуў: «Прыехалі». Я папрасіў давезці нашу пасажырку, куды ёй трэба. Я выйшаў з машыны развітацца з Марусяй. Яна зняла суконную рукавічку і падала мне цёплую руку. Я толькі дакрануўся вуснамі да памятнага шрама. «А за тую ноч і за Высокі бераг заўсёды дзякую табе»,— сказала і, не азіраючыся, пабегла на ганачак фельчарскага пункта. Мы развярнуліся. Я зірнуў у задняе шкельца: Маруся, падняўшы руку, глядзела нам услед. Мяне агарнуў нейкі сум,— здалося, што замужжа радасці ёй не прынесла, што і дома яна адзінокая, як на гэтым замеценым снегам ганку.

* * *

Пасля таго развітання мінула амаль паўстагоддзя. Змянілася ўсё, змяніліся і мы. Вайна выкасіла маіх аднагодкаў, іх дзеці ўсё адбудавалі нанава — я не пазнаю родных мясцін, і мяне ўжо там амаль ніхто не пазнае: пасівелі рэшткі валасоў і барада, сагнуліся плечы, запаволіўся крок. А краявіды нагадалі юнацтва, сяброў і сябровак, кароткія сустрэчы і горкія развітанні. Пра ўсё гэта думалася, усё ўспаміналася ў невялічкім аўтобусіку па дарозе з майго палескага раёна ў Асіповічы. Я спяшаўся, каб трапіць на вячэрнюю электрычку. На прывакзальнай плошчы ўгледзеў аптэчны кіёск. Дай, думаю, вазьму капсулку свежага нітрагліцэрыну, бо мой за дарогу стоўкся на муку. Верхняе шкло кіёска застаўлена пляшачкамі, пудэлачкамі, у вузкім акенцы толькі пабліскваюць акуляры, відны дзюбачка носа ды шчокі рыхлаватага твару прадаўшчыцы. Я сказаў, што мне трэба. «Трынаццаць капеек»,— пачуў у адказ. Дробязі не знайшоў і падаў рубель. «Так бы адразу сказаў, што размяняць трэба, а то — нітрагліцэрын»,— упікнуў мяне не надта ласкавы голас з будкі.

Набраклая маршчыністая рука, густа прысыпаная «грэчкаю», падала шкляны патрончык і пачала адлічваць рэшту. Зацвярдзелы рубец ад вялікага да ўказальнага пальца мне здаўся знаёмым. Я адышоў на некалькі крокаў, успомніў, памкнуўся вярнуцца, але хрыпаты рэпрадуктар грымнуў на ўсю плошчу: «Электрапоезд да станцыі Мінск адправіцца праз пяць хвілін». А ў мяне яшчэ і білета няма. Махнуў рукою і пабег на перон.