У напалову пустым вагоне я сеў у куточак і да самага змяркання глядзеў, як за акном мільгаюць роўныя елачкі, круцяцца, як на каруселі, і адплываюць пад зялёнай рунню палі, абляцелыя прысады і далёкія жоўта-барвовыя лясы. Адна думка не давала спакою: я ўсё больш пераконваўся, што ў кіёску была Маруся, што ўбачыў шрам на яе руцэ. Чаму ж не затрымаўся? Куды так ляцеў? Праз дзве гадзіны паехаў бы наступнай электрычкай. Трэба было спытаць, назваць сябе, даведацца, як жыла і жыве, расказаць пра свае нялёгкія і радасныя дарогі, знайсці на схіле жыцця яшчэ адну некалі блізкую сэрцу равесніцу. Куды ж мы спяшаемся? А потым шкадуем, што размінуліся з добрым і блізкім чалавекам. Думаю спецыяльна паехаць, але наўрад ці збяруся.
ТОЕ ДАЛЁКАЕ ЛЕТА
Вера ні разу не напісала, як жыве, што робіць, з кім сябруе. Здавалася, што яна толькі і занятая сваімі перажываннямі і летуценнямі. У кожным лісце былі намёкі, недагаворкі і шматкроп'і. А Павел чакаў адзінага слова, якога і сам не адважваўся сказаць. Колькі разоў памыкаўся, а яно застывала на вуснах. Напісаць лягчэй, чым сказаць, гледзячы ў вочы. І Павел напісаў самы кароткі ліст: «Я цябе моцна, моцна кахаю. Гатовы заўсёды ісці за табою».
Адказ быў яшчэ карацейшы: «А ты прыйдзі. Твая Вера».— «Няўжо сапраўды мая?» Ён хмялеў ад шчасця, па некалькі разоў на дзень перачытваў гэтыя некалькі слоў і зноў хаваў у кішэньку пацёрты канверт, як самую вялікую і дарагую таямніцу.
Павел па некалькі разоў на дзень выцягваў карту, знаходзіў на ёй малюсенькі кружочак з прыгожаю назваю Ніжын, вымяраў адлегласць да яго. Напрасткі выходзіла ўсяго кіламетраў восемдзесят. Лёгка сказаць, усяго, а паспрабуй дабрацца туды. Кіламетраў за сорак ад яго вёскі пачыналіся Загальскія балоты — дрыгва, бездараж, плойма камароў, а далей, да самай Арэсы, не было ні дарог, ні вёсак. І ўсё ж ён не мог не паехаць. Уставаў і лажыўся з думкаю пра сустрэчу з Вераю. Дзесяткі планаў з'яўлялася ў яго галаве, а трэба была толькі адна фурманка, каб даехаць хоць да Загалля. Бо тады, на пачатку трыццатых гадоў, на Палессі яшчэ не было ні дарог, ні машын, ні тых саўгасаў і калгасаў, пра якія напісаны паэмы і вершы. Былі балоты, твань і куп'ё, зарослае хмызняком і асакою.
Вясною Вера закончыла меліярацыйны тэхнікум, абараніла дыплом і паехала на асушку палескіх балот. Гэта была работа з усіх работ. Газеты кожны дзень пісалі пра лепшых грабароў і меліяратараў, заклікалі моладзь на Палессе, а камсамол пасылаў атрады моладзі «на штурм», «на прарыў».
Пра ўсё гэта чуў Павел, ведаў прыблізны адрас, куды ехалі яго аднагодкі, а сам зубрыў палітэканомію, чытаў канспекты па антычнай літаратуры і цэлы тыдзень не бачыўся з Вераю.
Чэрвеньскім поўднем яна забегла да яго ў «чыталку», ледзь дакранулася да пляча, і яе загарэлыя тугія шчокі заліліся чырванню. Яны выйшлі ў калідор. Шэрыя вочы глядзелі на Паўла даверліва і крышку сумна. Вера была заклапочаная і ўзрушаная, імклівая і лёгкая.
Яна ні аб чым не пытала ў Паўла, не папракала, што доўга да яе не заходзіў, бо ведала, што такое сесія.
— Ты зможаш сёння прыйсці на вакзал?
— Значыць, едзеш?
— Калі не маеш часу, пройдземся трошкі і развітаемся.
Павел паціснуў яе руку і ледзь прыкметна пацягнуў да сябе.
А ў поўнач яны стаялі на людным гаманкім пероне. Мужчыны і хлопцы з Верынай групы грузілі ў вагон нейкія скрыні, каморніцкія трыногі, мяшкі і цяжкія чамаданы. Вера сказала, што адразу напіша, як толькі прыедзе. Яна помніла назву Паўлавай вёскі і сельсавета, куды ён збіраўся на ўсё лета да маці.
Развітваючыся, яны цягнуліся адно да аднаго, але так і не адважыліся пацалавацца пры людзях. У вагон Вера ўскочыла апошняя, а ён бег побач, махаў, паднімаў счэпленыя над галавою рукі і яшчэ раз крыкнуў «пішы». Потым доўга глядзеў услед, аж пакуль не зніклі два чырвоныя агеньчыкі апошняга вагона.
Усё гэта часта ўспамінаў Павел, думаючы пра Веру і ламаючы галаву, як дабрацца да Ніжына. А пакуль што ён жыў дома, адпіваўся сырадоем, спаў у адрыне на свежым сене, памагаў маці ўпраўляцца і разы тры на тыдні хадзіў у мястэчка. Туды з'язджаліся яго сябры з розных гарадоў, тэхнікумаў і інстытутаў. Яны вечарамі збіраліся ў ціхім завулачку на ганку вялікага дома, разаг« спявалі, гулялі ў перагонкі, а за поўнач разыходзіліся парамі і ледзь не да світання сядзелі на лавачках або стаялі каля веснічак, тулячыся да сваіх каханых. Павел ішоў дадому адзін паўз старыя могілкі, зварочваў на сцежачку, пратаптаную ў жыце, і любаваўся лёгкім туманам, што сплываў у нізіны і зіхацеў пад халодным святлом месяца.