Выбрать главу

Дзядзька Пятро грукае ў свірне. Плача і мая мама. Дагарае, аплывае свечка, цётка Ева ад яе запальвае новую і ставіць у шклянку з жытам. Дзядзька Пятро ўносіць маленькую дамавінку, яна пахне марозам і смаловым духам свежых стружак. У дзядзькі Пятра на кончыку шырокага чырвонага носа дрыжыць празрыстая кропля, другая паволі паўзе па шчацэ. Бацька асцярожна бярэ на рукі спруцянелае Валодзькава цельца і кладзе ў труну. Шырокія плечы дзядзькі Пятра калоцяцца ад нячутнага плачу, відаць, ён вінаваціць сябе, што павёў у такую сцюжу сына ў лазню і загубіў яго.

Цяпер і я паверыў, што Валодзька болей не ўстане і не прыбяжыць да мяне, не будзем больш з ім дурэць у свірне на сене, хавацца ад пана Клецкага за кустамі бэзу. І я заплакаў наўзрыд, як ад пякучага болю і самага вялікага жалю. Мама вывела мяне з хаты, а ў двор уваходзіў у доўгай чорнай расе айцец Алімпій, за ім хуценька дрыпаў з кадзілам у руках сухенькі дзячок.

Мама замкнула мяне ў пакойчыку, а сама пайшла за дамавінаю на клады. Больш я ніколі Валодзьку не бачыў, нават карткі яго не засталося. Ведаў толькі невялічкую магілку каля капліцы з нізенькім крыжам і злінялым ад дажджоў і сонца абразком. Калі я падрос, часта хадзіў на клады і ніколі не мінаў магілку свайго лепшага таварыша. Яго смерць была першаю стратаю ў маім жыцці, першым вялікім горам, але не хацелася верыць, што некалі гэтак жа закапаюць і мяне, што ўсе людзі павінны памерці, што не будзе маёй мамы і ўсіх, каго бачу, ведаю і люблю.

Управіўшыся з работаю, вечарамі мама запальвала лампадку перад маленькім абразком багародзіцы, я станавіўся ў ложку на коленцы, складаў далоні і, гледзячы на мігатлівы чырвоны бляск на акладзе, шаптаў: «Отча наш, Іжа ясі на небясі...» і не разумеў ніводнага слова малітвы. Маліўся, а думаў адно, каб толькі мая душачка не спатрэбілася богу, і хаваўся, каб ён не бачыў мяне. Багародзіца — жанчына, можа, трохі літасцівейшая, у яе ж на руках сваё дзіцятка, дык з чужымі толькі лішні клопат. Шаптаў малітву за мамаю, а думаў, ці скора з вайны вернецца татка, які гасцінец прынясе і ці дасць заўтра цётка Ева з панскай кухні маме піражочак.

Пасля малітвы мама расказвала казку. Відаць, прыдумляла сама, бо часта збівалася, блытала імёны цароў і разбойнікаў і засынала раней за мяне. Чэкалі на сцяне ходзікі, рыпела аканіца, стагнаў у коміне вецер. Часам снілася, што мы з Валодзькам катаем адзін аднаго ў саначках, гуляем у снежкі, зрываемся з кручы і ляцім, ляцім у снежным пыле. Я верыў: ён прыходзіць у мае сны, заўсёды маленькі і вясёлы, а потым знікае і доўга-доўга не вяртаецца.

У снах, як і ў жыцці, няма логікі і паслядоўнасці.

Позняй восенню снілася мне надоўга запомненая сонечная вясна. Над зацягнутым бросняю і жабурыннем берагам сажалкі да самай вады схіліліся старыя дуплаватыя вербы. Іх тонкія косы, усыпаныя мяккімі жоўтымі чмялямі коцікаў, купаюцца ў зялёнай вадзе. Крумкае, крэкча, заходзіцца на ўсе галасы жабіны хор. У прагалах бросні сінее чыстае неба, плывуць ружавата-белыя воблачкі. Яны аднолькавыя ў сажалцы і нада мною. На тым беразе сажалкі выцягнуліся ў самае неба дзве белыя званіцы старасвецкага касцёла з пукатым чырвоным купалам, з каляровымі шкельцамі ў вузкіх акенцах. Сонечныя праменні ў іх пераліваюцца чырванню і золатам, чыстым блакітам і густой зелянінай. Увечары, пад месячным святлом касцёл здаецца лёгкім і дзівосным прывідам. Наўкола — высокі здзірванелы вал — старадаўняя абарона ад прыхадняў — дзікіх ордаў і крыжакоў.

Я гайдаюся на вярбе. Яе голле ў наростах і гузырах рыпіць драчыным стогнам, кашлатыя коцікі хмеляць саладкаватым водарам і асыпаюцца дробненькім жоўтым пылам. Так прыгожа наўкол, так светла, сонечна, лагодна і ціха, што ад замілавання аж хочацца заплакаць, усё і ўсіх любіць, быць ласкавым і добрым, чулым і шчодрым, не злавацца і не крыўдзіць нікога.

Мне трынаццаць гадоў. Я яшчэ добра не ведаю, дзе ў мяне сэрца, але яно татахкае ў грудзях і просіць пяшчоты, а думкі «мкнуцца мімаволі туды, дзе расцвіла вясна». Я ведаю і люблю гэтыя вершы і сам спрабую нешта складаць, але, як той глуханямы, усё бачу, усё адчуваю, а сказаць не магу: словы становяцца рубам, зліпаюцца, як цукеркі-падушачкі, глухнуць, як толькі пачынаю іх рыфмаваць. Ад бяссілля ўпадаю ў роспач: паміж жаданнем і магчымасцю — прорва.