Выбрать главу

Аднойчы на дзвярах райкома камсамола Павел прачытаў абвестку. Яна заклікала студэнтаў-адпускнікоў скласці агітбрыгаду і выехаць у суседні раён на асушку балот. Павел запісаўся з першых і чакаў адпраўкі.

Выехалі раніцаю па халадку. На дзве фурманкі склалі чамаданчыкі, пасадзілі дзяўчат, а хлопцы ішлі пехатою, дурэлі, даганялі адзін аднаго, а калі здарожыліся, прыпахлі і ўсё часцей падсаджваліся на вазы. На невялічкі хутар прыехалі ноччу. Патыхала халоднаю вільгаццю, а ўсё наваколле засцілаў густы белы туман. З яго паднімаліся чатыры страхі і вяршаліна высокай сасны. Здавалася, што ўсё патанае ў нейкім белым казачным моры.

Начавалі покатам на сене ў вялікай пуні. Праз шчыліны прабівалася святло маладзіка, было чутно, як кігікаў драч і недзе непадалёк іржалі і тупалі спутаныя коні...

Павел прахапіўся ад яркага святла: праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Устаў і адразу не мог зразумець, як апынуўся тут. Побач храплі ўскудлачаныя хлопцы, а каля другое сцяны пад стракатымі коўдрамі і посцілкамі, прыціснуўшыся адна да аднае, спалі дзяўчаты. Побач ляжалі акуратна складзеныя сукенкі і хустачкі, а на таку стаялі запыленыя і прыцярушаныя свежым сенам туфелькі і чаравікі.

Павел выйшаў з пуні і зажмурыўся ад сонца. Трава зіхацела ў буйной халоднай расе, а над балотам курыўся туман. Каля студні з доўгага пазелянелага карыта пілі коні. З аброццю на плячы стаяў невысокі загарэлы мужчына. На ім быў руды, саматканага сукна фрэнч, пацёртая будзёнаўка і старыя салдацкія чаравікі.

На хутары стаялі чатыры прасторныя хаты, пуні і гумны з тоўстага кругляка. Пры кожнай хаце рос садок, на старых галінастых ліпах віселі калоды з пчоламі. На хутары было пуста і ціха. Дзядзька з аброццю ўзрадаваўся свежаму чалавеку і пачаў распытваць, што добрага ў мястэчку, ці ёсць юхтовыя выцяжкі, ці ўсе ўжо папісаліся ў калгасы і што будуць рабіць з «нехацімцамі». Павел расказаў пра ўсё, што ведаў, а потым пацікавіўся, хто жыве на гэтым хутары.

— Жылі тут чатыры браты Булаты. Можа, чулі? — расказваў дзядзька з пшанічнымі вусамі.— Як дубы былі мужчыны. Кароў галавы па чатыры трымалі, па парцы добрых коней, свінні, авечкі і ўсялякая там драбяза. Ведама — выгада. На балоце сена касі, колькі ўлезе, а зямля на гэтым лапіку хоць і пясочак, але яны яе так умасцілі, што ў любы год жыта, як гай, гуло. Жылі спраўна, няма чаго богу грашыць, а радасці было мала: лес, балота, камары. Рабілі, каб быць сытымі, а елі, каб рабіць. Так і жылі, пакуль іх не «раскудлачылі». А цяпер я тут гаспадарую — суседні лугавы саўгас наняў. От і пільную гэтыя стадолы. Бывае, па тыдню толькі з коньмі і гавару. А хутка і адсюль пагоняць канавы на Арэсу. Там ужо даўно капаюць — сіла людзей наехала.

— А да Ніжына далёка адсюль? — запытаўся Павел.

— Калі паснедаўшы выйсці, дык да абеду, можа, і дапаўзеш... вярсты чатыры напрасткі будзе.

Павел здзівіўся: чатыры вярсты, а ісці аж да абеду!

— Гэ-э, мілы чалавек, гэта ж дрыгва. Не ведаючы, і захлынуцца не штука. Калі груз які трэба перавезці на той бок, дык даюць круг вёрст на сто дваццаць, а тут рукой падаць — блізка відаць, ды далёка дыбаць.

Памыўшыся каля студні, Павел абышоў увесь хутар. Платы разгароджаны, шулы пахіліліся, пацямнелыя вокны пустых хат паблісквалі матавымі вясёлкавымі разводамі. Толькі з аднаго коміна цягнуўся дымок. Відаць, тут і жыве гэты адзіны «гаспадар» хутара.

Калі прачнуліся ўсе студэнты, Павел ім расказаў усё, што пачуў ад дзядзькі ў будзёнаўцы. Вырашылі паснедаць і рушыць у саўгас, каб там пра ўсё дамовіцца з дырэктарам.

— Сцежку я вам пакажу. Яна адна. Так што заблудзіць няма дзе. А цяпер разбірайце граблі,— загадаў тутэйшы «гаспадар».

— Навошта яны нам? — здзівіліся хлопцы.

— Бярыце, бярыце. Без грабель тут не пройдзеш. Прарвешся ў жужаль — чапляйся граблямі за купіну, трымайся за грабільна і выпаўзай на чэраве.

Пачуўшы гэта, дзяўчаты зусім павесілі насы, а хлопцы яшчэ спрабавалі жартаваць і казырыцца.

Каля «бітай» сцежкі дзядзька расказваў, як па ёй трэба ісці.

— Старайся ступаць на траву і хуценька перастаўляй другую нагу, а правалішся — чапляйся граблямі за купіну або хапайся за куст. Як выйдзеце на гала, граблі складзіце ў алешніку, а нехта прыйдзе з імі сюды. Так і носяць усё лецечка.

На растоптанай сцежцы стаяла рудая вада, цубкая балотная асака здавалася выкачанаю і затаптанаю ў гразь, на мохавых купінах тырчалі маленькія крывыя бярозкі і шэрыя лазовыя кусты. Усе разуліся, падкасаліся і, асцярожна ступаючы, пайшлі. Асака, як сярпы, упівалася і рэзала ногі. Паміж пальцамі свістала рлсавая вада і раз'ядала парэзы. Месцамі правальваліся да каленяў, але кожны ратаваўся сам — памагаць не было як: удваіх маглі праваліцца па самую шыю. Балота ўгіналася і клекатала. Прыпякала сонца, пахла разагрэтаю тванню і бярэзнікам, на плечы і на рукі наліпалі сляпні, але ніхто не адважваўся скардзіцца і ныць.