Выбрать главу

У мяне ўжо ёсць свае тайны. Пра іх нават сорам прызнацца самому сабе: я прыглядаюся крадком да сваіх равесніц і старэйшых дзяўчынак, дражняць маё ўяўленне іх круглыя каленцы, пульхныя вусны і ледзь прыкметныя бугарочкі пад сукенкаю, а ў некаторых ужо вытыркаюцца два гузічкі ад станіка. Я баюся прызнацца сабе, што трывожаць і будзяць невыразныя жаданні дакрануцца хоць бы да рукі ў чарнільных плямках, пабыць удваіх, сказаць нешта ласкавае. Калі ж здараецца апынуцца разам, калоціцца сэрца, язык дубее або пляце нейкае глупства, каб толькі не паказаць сапраўдныя пачуцці і жаданні. Якая гэта салодкая трывога і пакута!

Я злажу з вярбы і караскаюся па крутым схіле вала наверх. Пад нагамі апаўзае адталая зямля і леташняя прэлая трава. Па ўсім вале пратаптана бітая сцежка. Сям-там старыя парэпаныя вербы схіліліся і перагарадзілі яе. Я гляджу наўкол. Да самых местачковых хат падышла паводка, заліла паплавы і грады, двары і нізкія вуліцы, выган і зарэчныя лугі, далёкія пясчаныя выдмы, затапіла астравы, лазнякі і алешнікі, далёкія дубы па самую макаўку стаяць у вадзе. Рудаватая ад леташніх траў і гліністых берагоў паводка гайдаецца, драбіцца і зіхаціць на сонцы, нібы друзачкі разбітых люстэркаў. Куды ні зірнеш, бялеюць чароды гусей, лапочуць крыллем, куляюцца ў ваду, а то з крыкам зрываюцца ў лёт і зноў плюхаюцца, знікаючы ў вееры пырскаў. Следам за качарамі з сінімі пасачкамі на крылах плывуць чароды качак. Над паводкаю стаіць плёскат, радасны птушыны грай і крык. Усё радуецца цяплу, вадзе і вясне, усё хоча жыць, кахаць і памнажаць свой род. Усё гэта ўмясціла адно слова ВЯСНА.

На касцельных званіцах — дзве вялізныя старыя буслянкі. Раз-пораз у іх залятаюць з клёкатам і сухім трэскам буслы, павольна махаюць шырокімі крыламі і з дзюбы ў дзюбу перадаюць здабычу. Неба, вада і зямля іскрацца, пераліваюцца зіхатлівым бляскам, пахнуць праснаватым, то гаркавата-салодкім водарам коцікаў, лотаці і набрынялай чаромхі.

Я стаю на вале і любуюся бязмежным вадзяным прасторам. Пад ім знікла пакручастая рэчка, і толькі дзе-нідзе гайдаюцца над вадою ледзь прыкметныя чубкі надрэчных кустоў ды імклівей струменіць вада на нябачным рэчышчы. Стаю, як зачараваны, убіраю веснавое святло, колеры і пахі, шлюбна-трывожныя крыкі гусей, бусліны клёкат, краканне качак і суладнае крумканне, крэкты і стогны жабіных аркестраў у заброснелай сажалцы. Усё жывое святкуе адраджэнне, усё ўлюбёнае ў жыццё, у яго працяг, у веснавое разводдзе, у чысціню глыбокага неба, у зіхатліва-крыштальнае паветра.

Вясна пачынае новы круг аднаўлення, радасна кліча да жыцця новыя пакаленні птаства і траў, лістоў і буйных зярнят, звяроў і мурашак, ідуць на нераст рыбы, з кветкі на кветку ляціць непрыкметны пылок, яго нясуць на сваіх ножках нястомныя пчолы — пачынаецца новы круг жыцця. Я шапчу знаёмае: «Вясна, вясна жаданая, ты прыйдзеш зноў, ты вернешся, і першы гром, як музыка, таемна так пракоціцца...» Чаму таемна? І ўяўляю сінюю з падпалінамі хмару, ломкую зіхатлівую маланку, у нейкіх невядомых глыбінях неба глухое вуркатанне, яно бліжэе і нарастае, набірае сілу і раскочваецца ўслед за маланкаю расколатым стрэлам, уздрыгвае зямля і гром паволі адкочваецца глухім гулам за небасхіл.

Я шапчу Коласавы радкі і думаю, як проста самымі звычайнымі словамі паэт адкрыў вясну, яе вечны дух адраджэння і абнаўлення, з усімі колерамі, гукамі і пахамі, з халадком росных світанняў, з прадчуваннем першай навальніцы. З якім шчымным жалем сказана пра незваротную маладосць, пра страчаныя гады. Мне гэта не зразумела, бо яшчэ і маладосць не прыйшла, я толькі — на парозе зялёнага юнацтва і, апрача гэтага наваколля, нічога яшчэ не бачыў, і веру, што нічога лепшага і прыгажэйшага быць не можа. Таму так хочацца пра ўсё, што бачу, адчуваю і люблю, расказаць самымі прыгожымі словамі, каб усе ўбачылі і адчулі ўсё, што хвалюе і радуе мяне — гэтыя зарэчныя лугі, неба з ружовымі воблакамі, далёкія дубровы, ціхую плынь ракі і бясконцае разводдзе. Спрабую, а патрэбнага, адзінага слова ніяк не знайсці: адчуваю і бачу адно, а на паперы выходзіць нейкае невыразнае мармытанне, расквечанае чужымі і штучнымі санцавеямі і веснаходамі. Што нешта пішу, сорамна прызнацца нават самым блізкім, бо пісьменнік мне ўяўляецца незямною істотаю. А я? Што я? Нават яшчэ і чыгункі не бачыў, прачытаў дзесятак выпадковых кніжачак. У школьнай ведамасці паспяховасці бліжэй да канца, чым да пачатку: на матэматыцы часцей туляюся за чужыя спіны, а на кантрольных больш гляджу ў суседаў сшытак. Толькі і хваляць мяне за маляванне, спевы ды звонкую дэкламацыю.