Выбрать главу

Мы даўно забыліся пра качак. Іх паменела на вадзе. Відаць, сплылі ў зацішныя чарацяныя затокі. Часам нашу лодку падхоплівала віратлівая плынь і некуды імкліва несла, пад намі была халодная чарната: значыць, выплылі на рэчышча, і апаноўваў страх — барані божа перакулімся, ніхто і не дазнаецца, куды дзеліся, пакуль не спадзе вада.

Сонца закацілася за лясы, цямнела і блякла на захадзе зіхатлівая чырвань, пацягнула холадам і пачало хутка змяркацца. На пазелянелым небе прарэзаўся тоненькі маладзічок. Мы заплылі так далёка, што за смугою зніклі вал і мястэчка, туманам завалакло і касцельныя званіцы. Нам ужо было не да качак. На далонях палопаліся намуляныя мазалі, у лодцы з нябачных шчылін прыбывала вада, Насця калацілася ад холаду і страху, што заблудзіліся і да берага не прыб'ёмся. Пякучым болем смылелі змуленыя і закачанелыя далоні, чаравікі намоклі, у лодцы хлюпала вада, і я ўжо амаль не чуў ног, але налягаў на вёслы. У змроку знік далёкі лес, нідзе ніводнага агеньчыка, ніводнага гуку, толькі рыпяць і плюскочуць вёслы. А куды плывём, я не ведаў. Часам клаў вёслы на борт, апускаў далоні ў ваду, каб хоць трохі адышлі ад пякучага болю. Лодка круцілася на месцы.

«Што ж ты нарабіў? Куды мяне звёз? Што падумае мама? Яна ўжо недзе бегае па вале і гукае мяне». Я суцяшаў Насцю і зноў браўся за вёслы, гроб з новаю ўпартаю сілаю. Разводдзе ўсыпалі дробныя зоркі, побач з лодкаю плыў і гайдаўся маладзічок. Я сядзеў спінаю да носа лодкі і не бачыў, куды мы плывём.

«Глядзі, глядзі! Нешта свеціцца!» — ускрыкнула Насця. Я крута павярнуўся і ўбачыў за спінаю некалькі мігатлівых кропель, а над імі, нібыта ў паветры, разгаралася полымя. Я адразу ўсцешыўся і акрыяў духам: «А ты баялася... Я ж казаў — скора дома будзем».— «Добрае скора. Ты ж ледзьве рукамі варушыш. Давай мне вёслы». Я і рады быў бы аддыхнуць, але ў поцемках у хісткай лодцы небяспечна было перасаджвацца, ды і мой хлапечы гонар не дазваляў саступіць сваё месца. Мы плылі моўчкі. Я шкадаваў, што напаткаў Насцю і ўзяўся шукаць тых качак, а яна, відаць, кляла мяне, што ўгаварыў плысці па разводдзю.

Агонь набліжаўся. Я падумаў, ці не для нас нехта расклаў вогнішча. Вёслы шлёпалі без размаху, без захопу глыбіні, без ранейшай сілы. Вакол лодкі кругамі расплываліся зоркі, я разграбаў іх вёсламі, а тонкі маладзічок ужо адплыў далёка-далёка. Хоць і смылелі палопаныя мазалі, я з апошніх сіл налягаў на качоты. Хутка вясло дастала да дна. Ад вогнішча пачырванела вада і Насціна аблічча. Было радасна, што прыбіліся да берага, і боязна апраўдвацца перад бацькамі і Сашам Пітушкам за лодку.

Я ўсё ж пацэліў падплысці да слупка, памог Насці выскачыць на сухое, прыкруціў лодку ланцугом і пачапіў замок без ключа. Зверху пачуўся знаёмы настылы голас: «Ну, вы, абармоты, ідзіце грэцца». Мы павольна на здранцвелых нагах ускараскаліся на вал. Каля вогнішча ў світцы і зімовай шапцы стаяў Насцін бацька.

«Мы качак шукалі...» — пачаў я апраўдвацца за сябе і Насцю. «Што ж вы, знайшлі?» — «Дзе ты іх знойдзеш, татачка?!» — «А яны цябе шукалі і мяне паслалі дашукваць. Грэйцеся, а то адсюль было чуваць, як зубы ляскацяць».— «А як вы дагадаліся?» — «Качкі сказалі»,— засмяяўся дзядзька Пятро. Мы працягнулі да вогнішча задубелыя рукі і маўчалі. Хацелася апраўдацца, нешта растлумачыць, але навошта хлусіць, калі на цябе не сварацца і не папракаюць. Маўчыць і дзядзька Пятро, толькі шморгае носам і ўздыхае.

Над намі зорнае неба, высока ўскаціўся тонкі маладзічок, дагарае вогнішча і блякне на цёмнай вадзе.

РАДЫЁ

Раптам прыснілася даўно забытае і некалькі дзён не давала спакою, ажывіла ў памяці ўсё да драбніц — знаёмыя і незнаёмыя абліччы, пахі, колеры, гукі, нізкія хмары і дажджынкі на шчацэ, чорны, як дзёгаць, размешаны коламі і нагамі жужаль на базарнай плошчы, сотні фурманак з паднятымі аглоблямі, пах каламазі і сырамятнай скуры — усё ажыло і паплыло перад вачыма.

Гуў, таптаўся, гаманіў на ўсе галасы кірмаш, свісталі гліняныя пеўнікі і рохкалі на вазах подсвінкі, мэкалі авечкі, іржалі коні. У палатняных палатках пішчалі бляшаныя дудачкі, віселі нізкі ружовых, з цукровым хрустам, пернікаў, каля вазоў, запусціўшы галовы ў зрэбныя торбы, коні хрумсталі авёс. Каля доўгага шару крамаў стаялі гаршкі, глякі, «спарышы», макатры і гладышкі, а над імі каціўся перазвон: дзядзькі стукалі па боку пугаўём, жанкі — пушкаю сагнутага пальца і куплялі добра паліваны і звонкі посуд. Перапечкі насілі кашы пахкага цёплага печыва і крычалі: «Каму халы, куханы, абаранкі, б-у-б-лі-кі!» Іх перакрывалі сіпатыя галасы: «Чобаты новыя, перады юхтовыя, з рыпам, з берасцінкай, шыты дратвай і шчацінкай».