Выбрать главу

— А куды гэта ў такую нягоду нялёгкая гоніць?

— І сама толкам не ведаю. Можа, тут дзе прыстанішча найду: дзіцятка каму паняньчыць, хату дагледзець.

Маладзіца зачарпнула кубачак вады:

— Пі, бабка, ды правальвай. Ні нянькі, ні пакаёўкі не трэба. На работу тараплюся. О-о-о,— зірнула яна на вялікі насценны гадзіннік,— пара магазін адкрываць.

Аўдоцця нехаця дапіла цеплаватую ваду, каб не пакідаць недапіткаў, падзякавала, выцерла губы тыльным бокам жылаватай рукі, спытала нясмела:

— Можа, нараіце да каго зайсці.

— Не, не, нічога не ведаю. Ступай, ступай, бабка.

— Дай вам бог, здароўя.

Маладзіца зачыніла за ёю дзверы. Пакуль Аўдоцця намацала клямку ў цёмных сенцах, пачула з хаты грубы мужчынскі голас: «Хто гэта там бразгаўся?» — «Нейкая валацуга. Відаць, пахмяліцца закарцела. Зранку ледзь на нагах стаіць. А трасцу. Мяне не купіш. Вучаная. А ты спі».

Ад абразы і крыўды падкаціла пад горла, па шчоках паплылі слёзы, бабка выцірала іх пакручанымі ад даўняга раматусу пальцамі і адчула, як гарыць яе твар, а ў скронях звініць і коціцца пошчак. Ногі гнуліся, як распараныя лазіны, у галёшах і бурках чвякала вада. У галаве бытта лопнула і тонка-тонка зазвінела струна, у вачах закруціліся зялёныя, чырвоныя, сінія знічкі. Яны выляталі з глыбіні зрэнкаў, мільгалі, разляталіся, меншалі і знікалі, іх даганялі іншыя і раставалі імгненна. Але яна трымалася на нагах, хапалася рукою за штакеціны гародчыкаў, перастаўляла набрынялыя стомаю ногі, не ведаючы, куды ідзе.

2

Некалі маленькай Аўдотцы здавалася, што ўвесь свет стаіць на балоце, а пасярод яго, на астраўках — хутары, як іхні, а за імі — дрыгва, хмызнякі, куп'ё, рудая ржа булькае ў «воўчым воку», квокча, пускае бурбалкі; угінаецца твань, дзе станеш, а паперадзе надзімаецца пухіром. Ступай барзджэй на рэзкую асаку і хуценька пераскоквай на хісткую купіну. А не паспееш,— сарвешся ў тарфяны халодны жужаль. А яму і дна няма. Колькі люду пазасмоктвала дрыгва. Каб не гінуць у балотнай твані, з хутара на хутар, на журавінавае куп'ё хадзілі з граблямі за плячыма: заграз па самае «годзе», кідай перад сабою граблі, чапляйся імі за купіну або куст і сам сябе старайся выцягнуць. Добра, калі ў лапцях, а як у ботах,— сарвуцца з ног, і памінай як звалі.

На хутарах абыходзіліся ўсім сваім — куплялі толькі соль, цвікі ды шкло на шыбы. Можа, раз у дзесяць гадоў, у самыя лютыя маразы, калі ўсе злавесныя прадухі замуруе тоўсты лёд, бацька прабіваўся па цаліку некуды аж за край свету — у Глуск або ў Любань. Дні праз тры варочаўся з гасцінцамі і двума кулямі солі, скруткамі паркалю, прывозіў стаўбунаватую галаву цукру ў сіняй паперы. Абгортку да дзірак вылізвалі дзеці. Бацька загадваў зажмурыцца і выцягваў з-пад світы доўгія цукеркі, загорнутыя ў ружовыя ступакі з кутасамі, для маці — шаліноўку, Антолі, трохі старэйшай за Аўдотку,— чырвоныя і жоўтыя каснікі. Гэта было самае чаканае і доўгае свята. І час адлічвалі да таго і пасля таго, як татка ездзіў у мястэчка.

А з першых праталін аж да снегу — работа і работа ад цямна да цямна. Зімою трашчыць на прыпечку лучына, да поўначы смакчы кудзелю, ляскай кроснамі, зранку цягай каровам і коням сена, рэж старою касою сечку, цягай з крыніцы ваду, каб напаіць статак, адкідай снег са сцежак, пілуй дровы, навожаныя яшчэ з зімы. І зноў гадоў дзесяць, пакуль не звядзецца соль, бацька нікуды не выберацца. Да апошняй на хутары Аўдотчынай зімы ў хаце ўсё яшчэ вісеў партрэт цара Мікалая, а пад бэлькаю ляжалі перавязаныя дратваю «кацярынкі». Чуў недзе бацька, бытта скінулі цара, але не вельмі верыў, што могуць ляснуць такія грошы.

Зямля была вакол хаты — тарфянікі і пяскі, падзол, а дзе-нідзе і добры лапік. Гною не шкадавалі, і радзілі жыта і грэчка, картоплі і проса, а грады лапушыліся, як гай. На нізкую саламяную страху хаты звісала голле старое дзічкі. Гнілак хапала на ўсю зіму: замерзнуць на вышках, грымяць, як каменні, а растануць — саладзей за цукар. І журавіны, як ружовыя каралі ў інеі, ляжалі на кулявой саломе на гарышчы. Слівы і вішні раслі за хатаю. Сена рабі, колькі ўправішся. І рабілі, калі выпадала сухое лета: падсохнуць блізкія балаціны, касі, толькі не лянуйся. Як мурашкі, дружна жылі і рабілі на хутары, жылі, каб рабіць, свету божага не бачачы. І сямейка была ладная: двое сыноў і дзеє дачкі. У меньшанькай Аўдоткі хапала сілы і спрыту, як толькі стала на свае ножкі, на работу ў хаце, на загоне і пры скаціне. І бацькі, не перастаркі, улягалі ад цямна да цямна, забываліся пра святы, лепшым святам быў добры ўмалот, поўныя засекі і кубельцы. Шынкі і паляндвіцы сохлі ў падстрэшшы. Добрыя жорны з чыгуннымі набойкамі малолі як на пытляванку. Так і жылі — лепшага не бачылі, а горшага не было.