Выбрать главу

Доўга бацькі саймаваліся, думалі і так і гэтак, пакуль не здаліся. У мясаед такі прапілі Аўдотку. Паплакалі з мамкаю і Антоляю, і паехала яна ў вялікае сяло Балашоўку — у хату чужую, да маткі чужое, да чужых людзей. А яна ж была дзікаватая і палахлівая, не ведала, як з кім абыходзіцца, што казаць, як каму дагаджаць. Праўда, Анікей яе вучыў і настаўляў, што да чаго, угаворваў ласкава і песціў, як малое дзіця. І маці яго была добрая кабета — далікатна паказвала, што рабіць. А сяло было доўгае і люднае. Па суботах гулялі вечарынкі, у буднія вечары з прасніцамі ды песнямі дзяўчаты і маладзіцы да суседзяў ішлі на попрадкі.

Анікей часта толькі цёмначы варочаўся з абходаў, то ў лясніцтва ездзіў, то аб'ездчыкам кляйміў лес і адводзіў дзялянкі. Аўдотка нудзілася адна, чакала і выглядала яго неўпрыкметкі цераз акенца. Анікей быў ласкавы і вясёлы, з твару відны, у касці шырокі і дужы. Бялявыя валасы непаслухмяным крылом падалі на лоб, вочы ясныя, усмешлівыя, а рукі мяккія, як спавівачы, абдымалі яе. Маці часам усміхалася і бурчала: «І не абрыдла. Як маленькія, ліжацеся». Анікей абдымаў і маці і ціха гаварыў: «За службаю, мамачка, і жонку можна страціць, а яна ж у мяне адна на векі вечныя. Татку, зямля яму пухам, не было калі вельмі мілавацца, от вам і завідна. Ха-ха-ха!» — заліваўся смехам і ішоў на дрывотню калоць яловыя цурбаны.

Хутка Аўдотка пачула невядомае слова «калгас». Анікей ёй тлумачыў: «Калі ў сям'і кожны будзе сам па сабе, ні хаты, ні лапаты не агораеш, а як усе разам возьмуцца, і лягчэй, і спарней работа пойдзе. Гэта сям'я, а тут усё сяло разам выйдзе на ворыва ці на жніво, можна горы звярнуць. От Савецкая ўласць і робіць калгасы, каб людзям лягчэй было ўсю зямлю абрабляць разам, коней — у адну стайню, кароў — у адну абору, на работу — талакою, што заробіш — палучы: усё агульнае, толькі жонка ў кожнага свая»,— і Анікей зноў абдымаў сваю Аўдотку. А яна ніяк не магла ўцяміць, як гэта можна некуды аддаць сваю кароўку, каня, свінчо, застацца з пустым хлявом, не ведаць, каторы твой загон. Гм, усё агульнае. Гэта ж не кожная сям'я ў злагадзе жыве, а тут столькі людзей! Хто з імі зладзіць?

У тую зіму кожны вечар загадвалі на сходы. Нехаця ішлі мужчыны ў колішні папоўскі дом. У ім два пакоі займаў сельсавет. У іншых — павыразалі сцены і зрабілі вялікую зборню.

Гаспадары стараліся зашыцца ў які цёмны кут, каб не вытыркацца, не кідацца ў вочы, туляліся адзін за аднаго, прыглушана гаманілі, смалілі лютым самасадам. Як толькі за чырвоным сталом з'яўляліся старшыня сельсавета Піліп Барскж і невялічкі, кудлаценькі, у хромавай тулсурачцы раённы ўпаўнаважаны таварыш Белкін, усе змаўкалі і каторы ўжо раз слухалі адно і тое ж. А кудлаценькі Белкін хуценька трашчаў, як наняты, і ўсё трос маленькім бледным кулачком, абзываў мужчын сабатажнікамі, падкулачнікамі і падпяваламі, а ўсіх разам — несазнацельным элементам. Гразіўся прыціснуць цвёрдым заданнем, індывідуальным падаткам, раскулачыць.

Удвух з Піліпам яны кожную ноч мардавалі мужчын. Тыя прэлі ў кажухах, хаўкалі, як рыбы на пяску, ад задухі, аж лямпа хліпала і тухла, тады на шкло клалі трэсачку дзеля цягі і зноў насядалі, каб хто запісаўся першы. А пісацца нешта ніхто не спяшаўся. Піліп то гразіўся, то ўпрошваў: «Хочаце ці не хочаце, а калгас будзе, дык не мардуйце сябе і нас. З нас жа атчот патрабуюць. Працэнт давай, а вы, як бугаі неразумныя, упінаецеся. Нічога, добрая дратаванка зрушыць!»

Мужчынам цяжка было аддаць усё, нажытае дзядамі і бацькамі, зробленае крывавым мазалём, палітае горкім потам. А тут аддай скаціну, свірны звязі ў адно месца, насенне ссып у адзін магазін. У аднаго яно чыстае, як сляза, у другога напал з гірсою, а кароўка падпускае толькі сваю гаспадыню, у другое даёнку выб'е за парог і палавіны малака не аддасць. Як жа жыць пустадомкам, калі ў парожнім хляве будзе толькі вецер скавытаць. Як яно разам рабіць давядзецца: адзін ніводнага досвітку не праспіць, пры зорах толькі ў хату ўпаўзе, а другі — лайдак лайдаком, што муху сагнаць лянуецца з уласнага носа, спіць, пакуль сонца ў зад не прыпячэ, а то па фэстах ды кірмашах гойсае, коней мяняе: за адну падлу прывядзе дзве, потым шкуры сушыць на плоце. Ён — вечны бядняк, нямоглы і самы сазнацельны, ён падасца, каб ехаць на чужым гарбу, хоць сёння абагуліць старую дугу і пабітыя калёсы, а сам будзе туляцца ў халадку, як сабака ад мух.

А чаму бедны, каб спытаў? Саветы ўсім роўна зямлю раздалі — гектар на душу, коней, кароў панскіх слабшым гаспадарам за паўцаны саступілі. Адны за якія два гады разжыліся, пабудаваліся і поўныя свірны напакавалі, хлеб і да хлеба маюць. Іншыя ж на тым жа надзеле галотаю і асталіся. Яны ў камбедзе, у перадавіках, сазнацельныя, гатовыя апошняга ката абагуліць. Яны напісаліся, а гаспадары рагочуць: «Такі калгас не заробіць і на квас».