А Піліпу мала тых лайдакоў, працэнт яму трэба, от ён і трасе наганам і аж сіпне, крычучы: «Гэта класавая контра завялася, агентура міравога капіталу палкі ў калёсы ставіць, а калі ўраг не здаецца, тады што робяць? Га? Уніста-жаюць як клас. І ўністажаць будзем, не паглядзім ні свайго, ні чужога, а сплош калекцівізацыю правядзем, духі вон і кішкі на целяхвон! Панятна?»
Часам мужчыны не змоўчваюць на тыя абразы: «Дзе ты бачыў тых ворагаў у нас? Гэта мы ворагі Савецкай уласці? Яна ж нам зямлю дала, хлебам во-о так накарміла, вочы расплюшчыла, а ты — ворагі! А хто з пілсудчыкамі ды балахоўцамі біўся? Унь Амяллян у самога Будзённага ордзен палучыў, а Цімох Салянскі цераз што на дзеравяшцы скача? А гаспадар! Кожнаму тое мець, бо жылля не шкадуе, бо жыць хоча як чалавек. Дык гэта ты яго кудлачыць будзеш?» Піліп аж якоча: «Акціруеш, перараджэнец і факцічаскі падпявала, на кулацкі млын ваду льеш?» Потым падыходзіць да кожнага з ліхтарыкам, блісне кожнаму ў вочы. Той круціць у бакі галавою, а ён загадвае: «Пішы, таварыш Белкін, сабатажніка». Тут ужо апаноўвае страх, каб папраўдзе не загрымець у тую Сібір. Прыязджалі і з раёна ўпаўнаважаныя, дык тыя распісвалі такі калгасны рай, што і паміраць не трэба. Каб жа тады людзі ведалі, як потым разжывуцца калгасы, паглядзелі на цяперашнія «Аснежыцкія», «Рассветы» ды «Верцялішкі», хто б упінаўся? Самі бегма беглі б. А пад прымусам, куды б ні гналі, а падавацца боязна. На добрае чалавек ідзе самохаць, невядомага — апасаецца, а калі сілай цягнуць,— упінаецца і выкручваецца. Яму на слова цяжка верыць — паглядзець трэба, тады другая рахуба.
У тую зіму ні ў адной хаце ніхто спакойна не спаў, лыжка рот драла, кавалак у горле ўпоперак станавіўся. Ведалі гаспадары, што не адкруцяцца, а цягнулі, не маглі ніяк расстацца з нажытым крывавым мазалём.
Неяк досвіткам Аўдотка выскачыла ў склеп, а як толькі вылезла з міскаю салёных гуркоў, аж чуе: сусед Гарасім у некага пытаецца:
— Чуў?
— А ты хіба што казаў?
— Я-то не казаў. А чаго ўсю ноч сабакі заходзіліся?
— Можа, дзе воўк падкрадаўся ці ліхога чалавека пачулі.
— Кажаш, не чуў? Гэта ж у Барсюка стралялі.
— І такі застрэлілі?
— Дзе ты бачыў! Кажух толькі шротам пасеклі нейкія партачы. - »
— От шкода...
— Чаго табе шкода?
— Кажуха. Чаго ж яшчэ? Барсюк жа цэлы.
— І дзякаваць богу, а то ўсё сяло ператрэслі б. І так бяды будзе. Кажа, от каб на столечкі лявей — капцы б Піліпу.
— Кажух новы, а стралок храновы, не пачакаў, пакуль здыме.
— Табе ўсё смешкі з дзедавай булавешкі. Праўда, стралялі,— пераконваў Гарасім, а той, што стаяў за дрыўмі, зноў выскаляўся:
— Матрона хоць папаласкала яго галіфэ, каб смуроду меней было?
— Ты б, Канстанцін, калі бога не баішся, людскіх вушэй і языкоў асцерагаўся. За такія разгаворчыкі сам ведаеш, куды падаянкі возяць.
— А я што? Я ж нічога. Кажуха пашкадаваў, і толькі, а Піліп няхай сабе жыве. Калі не ён, другі ноймецца, і яшчэ, калі хочаш, мудрэй узачне.
І пакацілася па сяле погаласка: ноччу цераз акно нехта страляў у Піліпа Барсюка. Онь і шыба падушкаю заткнута. Гэтую размову Аўдотка запомніла на ўсё жыццё, бо з таго дня пачалося і яе гора. Тады ж у Балашоўку наехала міліцыя і з ёю нейкі важны брытагаловы начальнік. Прывезлі рудога з натапыранымі вушамі ваўкадава. Пакруціўся ён пад акном Піліпавай хаты і ўсё лапамі ў дзверы драўся. Казалі, што цюцька следу не ўзяў, быццам той стралок на лыжах падкраўся, стральнуў і — драла, а цяпер шукай ветру ў полі: колькі па той дарозе прайшло і праехала, не злічыш.
Піліп аж заходзіўся, што кулакі ўжо ў Савецкую ўласць страляюць, што даўно пара іх усіх — пад корань, падтыкаў тых, на каго зуб меў. Іх цягалі ў цёмную, дапытваліся, дзе быў, што рабіў тою ноччу. А што робяць ноччу? Ведама,— спяць. Дваіх такі ўпяклі на тры гады па падазрэнню, а праз нейкі год выпусцілі. Барсюк ужо насіў наган на папружцы зверху, дзірку на рукаве не даваў цыраваць, паказваў ён яе як баявую рану, і расказваў, як стрэлілі, а кажух быў накінуты толькі наапашкі, гэта і ўратавала.
Пра стрэл у Балашоўцы пісалі газеты, пра мужнасць і самаахвярнасць у барацьбе за новы калгасны лад Піліпа Барсюка гаварылі на сходах, а ён адставанне ў калектывізацыі тлумачыў супраціўленнем класавых ворагаў і агітацыяй варожых элементаў.
Начамі ў сельсавеце збіраўся актыў. Клікалі туды і Анікея. Толькі тады дазналася Аўдоцця, што ён партыйны. Прыходзіў позна, доўга не мог заснуць, уздыхаў, варочаўся, выходзіў курыць. Жонка дапытвалася, што з ім, а ён аднекваўся і маўчаў. Потым прызнаўся, што хочуць яго сарваць з леснікоўства і паслаць у калгас брыгадзірам. «Не ведаю, як яно будзе далей, а пакуль што добрага мала. Спісы ўсё нейкія складае Піліп, да вашых загальскіх хутароў дабіраецца».