Выбрать главу

І дабраўся-такі: наехалі з раёна ў шынялях і ў хромаўках актывісты і апошнім, ледзь трывушчым зімнікам падаліся на балотныя хутары.

Загадалі ўсім збірацца ў дарогу, браць адзежу, харчы, посцілкі, коўдры, збожжа выграбалі да зярняці, ссыпалі ў мяхі і скрыні, цяглі кублы сала, усё грузілі на сані, залыгвалі кароў, вязалі свіней і авечак і кідалі ў палукашкі. Рову, віску, мэкання і галашэння было болей, як на пажары. Жанкі біліся лбамі аб вушакі і сцены, цалавалі парогі, ірвалі на сабе валасы, пхалі ў клункі зёлкі з роднай зямелькі, выносілі абразы, а іх вырывалі з рук і кідалі ў студні.

Піліп з памагатымі ўсіх прыспешваў: «Давай, давай барзджэй! Што, прыпякло кулацкім выпладням?! Марш бягом!»

Сані і капыты правальваліся на падталым зімніку, людзі ішлі пехатою з малымі дзецьмі на руках. Пасля балота на Балашоўку паехалі спарней. Там толькі пакармілі коней перад дальняй дарогай. На дзесяць падвод далі аднаго актывіста з вінтоўкаю.

Аўдотчына свякруха праз акно ўбачыла гэты пакутніцкі абоз, пляснула рукамі: «Палянь, дачушка, ці не вашы гэта едуць?» Ухапіла Аўдотка хустку, накінула на плечы паўкажушак, а на вуліцы плач і галашэнне. Адшукала сваіх, кінулася да мамы, да Анатолі, цалавала, заліваючыся слязамі: «А на каго ж мяне пакідаеце, а за што ж вас гоняць за свет?» — «За тое, дачушка, што гаравалі свой век, як чорныя валы, што свету божага не бачылі. Хоць ты застанешся на роднай зямельцы, будзе каму памянуць нас. Ой, на пагібель вязуць нас». Браты сядзелі, як скамянелыя, бацька толькі шморгаў носам, безнадзейна разводзіў рукамі, нібыта яму мову адняло.

Аўдотка хацела ўсё кінуць-рынуць, кульнуцца ў сані і ехаць са сваімі ў тую халодную Сібір. Але дзе ты кінеш, калі ўжо ўсярэдзіне варушыцца нешта жывое і жаданае. Ды і Анікей такі ласкавы і спрытны, свякруха, як маці родная. А ці ж можа быць, каб людзей, спрадвечных гарэтнікаў, ні за што ні пра што зганялі з дзедаўскай зямлі? Думалася, разбяруцца разумнейшыя за Піліпа і ўсіх вернуць назад. Аж і ён ад сораму не згарэў — паявіўся-такі з тым кудлаценькім Белкіным каля таго пакутніцкага абозу. Наслухаўся праклёнаў і галашэння і ўцёк у сваю кантору.

Снег пачарнеў і асеў, набрыняў талаю вадою — дарога ні санная, ні калёсная. Піліпу карцела хутчэй выпхнуць з сяла абоз, каб часам не затрымаўся тут надоўга. Ён зноў выскачыў і загадаў рушыць. Тут ён угледзеў Аўдотку, цыкнуў, не паднімаючы галавы: «А ты чаго тут круцішся?» І — да Белкіна: «Яўственна кулацкая дачка. Онь як заліваецца. Можа, і яе прыабшчыць? Хітрая — за нашага лесніка сваяўрэменна выскачыла. Между протчым, у настаяшчае ўрэмя ён яшчэ парцейны». Белкін нешта буркнуў, Піліп махнуў рукою і загадаў: «Марш дадому, а то і ты загрыміш!»

Не паслухалася Аўдотка пагрозаў Барсюка, пайшла за бацькавымі санямі за аселіцу: нагаласіліся, пападрывалі сэрцы ўсе разам. Доўга яшчэ, як тычка, стаяла яна далёка за вёскаю на разбітай абозам змакрэлай дарозе, пакуль у сівой мітульзе не прапалі апошнія сані. Памкнулася рынуцца ўслед, закрычала «ма-а-а-мачка!» і загаласіла наўзрыд. Яе захістала з боку ў бок нейкае замарачэнне: звалілася б, каб не абняла прыдарожную аблузаную хвою. Колькі прастаяла і як прыплялася дадому, не помніла, звалілася ў чым была на ложак і залілася слязамі. Свякруха зняла з яе паўкажушок, развязала хустку, пагладзіла па галоўцы: «Паплач, паплач, дачушка, лягчэй будзе, а гору ўсё адно не паможаш. Можа, разбяруцца большыя начальнікі, можа, і вернуцца твае. Гэта ж Піліп пасля таго стрэлу як кручаны стаў. Сваю Матрону грызе да чарнаты, на ўсіх крычыць: «Пад корань!» А як самога секануць, дык і не агледзіцца».

Можа, каб Піліп не ўгледзеў каля абозу, усё б і абышлося, а то, хоць і таварышавалі з Анікеем, на яго напусціўся — навошта з кулацкім адроддзем злыгаўся і не перавыхаваў жонку ў класавай непрымірымасці. Кажа: «Сам перараджэнец і яму не месца ў радах парцейцаў. Жонку да бацькоў адправіць, а яго з партыі сключыць».

На што добрае, а на злосць Піліпка быў здатны: выключыў-такі Анікея з парцейных. Але і той не паддаўся: дайшоў аж да саменькага верху і дабіўся свайго — усё яму вярнулі, а Барсюку наківалі, каб не вельмі заядаўся з людзьмі, адзін час нават перагібшчыкам лічылі, а ён выкручваўся як уюн — да самае вайны бушаваў: усё ворагаў вынюхваў. Бывала, хто што вякне па дурноце, Барсюк прылжэ, напляце, чаго таму і не снілася, глядзіш — загрымеў чалавек, як у пельку боўтнуў. І Матрону сваю без дай прычыны папругаю хвастаў. Залье зенкі чужым самагонам, уваліцца ў хату і давай бушаваць, чаму дзяцей няма, яе, няшчасную, вінаваціць, а сам, кажуць, нутрэц недапечаны.