Неяк перад вялікаднем збіў Матрону на чорны яблык. У сіняках, у распаласаванай кофце прыбегла яна да Аўдоткі спагады шукаць. У бядзе ж кожны хоча, каб яго пашкадавалі, каб хоць выслухалі яго горачка, не памаглі, дык хоць паспагадалі. Доўга расказвала Матрона пра свае пакуты, прызналася, што не раз думала рукі на сябе налажыць, потым прыхінулася і зашаптала ў саменькае вуха. Аўдотка аж аслупянела ад пачутага. Піліп сам страляў праз акно па сваім кажусе: прыпнуў яго да рамы, далёка за поўнач выйшаў з хаты, на дарозе стаў на лыжы, стрэліў у акно, сам з'ехаў на дарогу, па якой сена возяць, лыжы да-а-лё-ка закінуў у кусты, у хату вярнуўся ў нейкіх атопках ад валёнак, укінуў іх у печ і спаліў, каб і знаку не было. А Матроне ўклаў у вуха халодную рульку нагана і наказаў, калі пікне каму — капцы на месцы. Сказала і спахапілася бедная кабета: «Аўдотка, здуру прызналася. Цяпер жытка і смертачка мая ў тваіх руках. А сказала — і на душачцы палегчала, нібы камень зваліла. Думаю, кончуся, ніхто і ведаць не будзе, а так няхай застаецца. Пакляніся, што нікому не скажаш, дзіцяткам, што носіш, пакляніся».
Паклялася Аўдоцця і стрымала слова, але ніяк не магла ўцяміць, навошта трэба было Піліпу дзіравіць свой кажух. Растлумачыла Матрона: «Заеўся з людзьмі, дык у калгас не надта спяшаюцца, а яму трэба апраўдацца, што ворагі замінаюць, што ўжо страляюць у Савецкую ўласць, гэта ён — тая ўласць, значыць, трэба іх нішчыць. От і пазнаходзіў кулакоў, падкулачнікаў і контру. Усё начамі спісы спісваў — на каго зуб меў. А любіць ён толькі сябе ды таго, каго баіцца, хто над ім. Пасля таго стрэлу яму пачот за верную службу. Онь якім асэсарам ходзіць. Слова скажаш — «дурніца», «варона», «заткніся». Божа, божа, як ад яго адкасацца? Кінуць-рынуць? А дзе дзенешся? Гэты з-пад зямлі дастане: баіцца мяне, як чорт ладану, бо ведаю пра яго такое, што не прывядзі гасподзь. Гэты і ў мяне мажэ праз акно стрэльнуць. Скажа, кулакі забілі замест яго, такога важнага. Ён на ўсё здатны».
І праўда — на ўсё.
Перад вайною выгналі Піліпа адусюль. Цягаўся па вёсках на сляпым кані — косці, шкуры збіраў. Матрона сышла ад яго ў мястэчка. Ткала там асінавую стружку. Тым і кармілася. Ён пакідаўся трохі, пашукаў і заціх. Такі ж лагодны стаў: усё апраўдваўся, што яго прымушалі так рабіць, а замест падзякі, от — сляпы конь і караўкі на возе. Хацеў то да аднае, то да другое ўдавіцы прыстаць, але каму ён такі трэба? Пакуль быў пры пячатцы ды нагане, кожнаму гарачага сала за шкуру заліў. Ад злосці піў да ачмурэння, часам нейкія заваляшчыя бабы з сінякамі на мордзе цягаліся за ім. Спусціў з хаты ўсё — стол, тапчан ды лава асталіся, а п'яны ўсё яшчэ казырыўся ды кулакамі трос: «Чакайце, Піліп яшчэ сваё пакажа! Няпраўда, вернуць усё, што аднялі! Я яшчэ па-а-а-кажу!»
І паказаў-такі. Ды яшчэ як.
Як толькі ў тую чорную нядзельку ўкацілася шэрае вараннё з чалавечымі чарапамі на шапках, калі куродымам пайшлі сёлы, а смерць полымем пакацілася ад свірна да свірна, ад хаты да хаты, матухна мая, адкуль спрыт узяўся ў таго Барсюка?! То ледзьве сноўдаўся зарослы і пратухлы падлаю, а то збрыў казліную бародку, прычапурыўся, улез у воўчую шкуру і завыў на ўсю зяпу: «А-а-а! Бальшавіцкія морды, паплачаце ды паенчыце цяпер у мяне. Усіх выкажу». І праўда, бегма пабег да нямецкага каменданта на сабачую службу наймацца, выказваць, дзе хто быў, што рабіў, чые мужы парцейныя, а сыны ў камсамоле састаялі. Пакалацілася ж і яна. Анікея перад самаю вайною ў войска на зборы ўзялі, так да саменькага канца і дабыў. А ў яе ўжо двое дзетачак прыбыло, свякруха — спрацаваная нездалека. Не прызнаваліся адна адной, што ўсё калоціцца ўсярэдзіне ад страху. А гэты ірад унадзіўся да яе, бач ты яго, любошчаў закарцела, а калі не, кажа, заяўлю, што бальшавічка і гаспадар парцейным састаіць, а ты ў яго дудку іграла, выказвала, каго раскулачваць трэба на Загальскіх хутарах.
Ах, думала, каб цябе разачка рэзала, як жа ты не апруцянеў ад слёз людскіх, ты ж і выкаціў усіх самых гарэтнікаў, што ні дня ні ночы адхлання не мелі, што зямельку сваімі ручачкамі пеставалі. От гэта былі б калгасныя работнікі, яны за зямлю жытку б паклалі. Думаць думала, а хіба ж скажаш? Ён жа зноў з наганам, ды яшчэ аўтамат на шыі боўтаецца. Выкручвалася, як магла, тулялася па чужых хлявах і гарышчах. Пыталася, хіба мала яму бяздзетных маладзіц? А ён сваё: «Як убачыў цябе на тым хутары, каб не было тае торбы-Матроны, адбіў бы ў Анікея. Усе гады з галавы не выходзіш, перабірайся да мяне, а бальшавічаняты няхай са старою жывуць. Сілаю браць радасці мала, сама прыйдзеш — азалачу. Даю табе срок тры дні. Не прыйдзеш, крумкачы твае костачкі на Бярозавым балоце расцягаюць». Бачу, нявыкрутка. Немцы ўжо па падтычках Барсюка страляюць і вешаюць, у Германію гоняць. А ён вераю служыць і клянецца начальству, што шкодзіў Саветам, таму і выключылі адусюль.