Свякруха і кажа: «Не адчэпіцца, ірад. Ратуйся з дзеткамі. Хоць у лес падавайся. Там жа людзей нашых поўна, а я, можа, хату дапільную, пакуль вернуцца нашы».
Паслухалася. Звечара сабрала торбачку прыпасу, абулася як трэба, тры кофты — на сябе, дзве хусткі. А ноч выдалася туманная, хоць у вока пары, і падалася шукаць ратунку, каб потым дзетак забраць. Далёка ў пушчы жыў стары палясоўшчык Дубінчык. Некалі з Анікеем служыў, і таварышавалі доўга. Калі жывы, думала, не выгане, дасць хоць агледзецца. Пакуль дзеці з бабаю дома, можа, і не змікіцяць, што маці сышла. Пад раніцу прыбілася да тае леснічоўкі. Трасцу, думала, цяпер не дастанеш. Ужо і немцы баяліся ў лес паткнуцца: усё часцей пастрэльвалі нашы па іх. Дык гналі бобікаў. Толькі сунуцца тыя — назаўтра хаўтуры.
Дубінчык жыў удваіх са старою. Гародчык мелі пры хаце, калод з пяць пчолак, кароўку, свінчо. Узрадаваліся яны Аўдоцці, усю ноч распытвалі, што там на сяле. Дзівіўся стары, што Піліп прадаўся гэтай навалачы, юдам стаў, сваіх людзей даядае, хоць і раней быў шэльмаю без розуму і сумлення.
Днём Аўдотка памагала на гародзе і ў хляве ўпраўляцца і ўсё думала, як сюды перабавіць малых Змітрыка і Волечку. А што са старою і хатаю будзе? Пачакае, а там падцікуе момант, скокне дадому і прывядзе дзетак. Барані божа, дазнаецца гэты аспід, дзетак і старую са свету звядзе. Хату, можа, не спаліць, каб і свая не занялася, а там у такой цеснаце і ўсё сяло дымам зайграе.
З тыдзень пакутавала Аўдотка ў леснічоўцы. Дубінчык некуды часта адлучаўся, а куды хадзіў, і баба яго не ведала. Начамі лес гуў, старая хвоя шаргацела веццем па страсе, дзіцячым плачам заходзілася сава, а Аўдотцы здавалася, што недзе побач галосіць яе Волечка і гукае яе. На світанні да стажка падыходзяць ласі. Дубінчык ім ставіць карытца з вадою, дзікам сыпле бульбы, каб не паласкаліся ў разорах.
Цёмнай поўначчу нехта ціха-ціха пастукаўся ў шыбу. Сэрца ў яе ўпала: ну, думае, канцы. Дапяў і сюды ірад. Ускочыла з палацяў, нацягнула спадніцу, хацела схавацца ў склепе пад падлогаю. «Не бойся, дачушка. Гэта свае. Чужыя прыкладамі гасяць у дзверы, а гэта нашы». Стары ў сподніках выйшаў у сенцы, два разы кашлянуў і адкінуў завалу. У хату ўвайшлі тры цёмныя постаці. Нехта шэптам спытаў: «Чужых няма?» — «Ад чужых бог мілаваў, а свая адна прыбілася».— «Хто такая?» — «Анікея, можа, чуў, Кастрыцкага баба. Гэты Піліп-жывадзёр ёй не дае збыту, дык сюды прыджгала. Трэба неяк ратаваць маладзіцу. У сяле свякруха з дзецьмі засталася, і іх трэба неяк вывесці адтуль. Тут, відаць, доўга не ўседзіш: не фрыцы, дык бобікі дапнуць у мой «маёнтак».
— Дзе яна, таварыш Кастрыцкая? — спытаў прастуджаны голас.
Нехта падышоў, бліснуў у вочы ліхтарыкам. Яна заплюшчылася. «Прабачце, што патрывожылі. Калі можаце, падыдзіце, калі ласка, да стала». Яна хуценька сабралася, прыгладзіла валасы, падышла да стала, а зуб аб зуб ляскае, як у ліхаманцы. Той жа сіплы голас спытаў: «Вам холадна? Надзеньце што-небудзь».— «Не, не холадна. Сама не ведаю, чаго калачуся». І раптам супакоілася. Тым часам праз шыбы працадзіўся слабы досвітак. Аўдотка прыгледзелася : за сталом сядзеў высокі чалавек у вайсковай фуражцы, худы і вусаты, у целагрэйцы, перацягнутай цераз плячо папружкаю. Нешта знаёмае было ў яго абліччы і трохі асіплым голасе. Невысокі хлопец з аўтаматам падпіраў плечуком слясак, другі сядзеў каля акна, а нехта, чуваць, тупаў за хатаю.
— Прыпомніце, таварыш Кастрыцкая, усё, што бачылі і чулі ў Балашоўцы. Ці многа там немцаў, дзе стаяць, якая ў іх зброя, колькі машын, дзе размясціліся камандзіры? Каго ўдалося завербаваць ў паліцыю? Што Барсюк прадаўся, нам вядома.
Аўдотка моўчкі прыглядалася да чалавека за сталом.
— А хто ж вы будзеце, ніяк не пазнаю?
— Не бойся, маладзіца. Кажы ўсё, як на споведзі,— супакоіў Дубінчык.— Нашы яны. Парці-за-ны. Паняла?
— Завуць мяне дзядзя Сцёпа, а болей нічога і ведаць не трэба.
Тым часам добра развіднела, і яна пазнала, што распытвае яе ніякі не Сцёпа, а раённы парцейны сакратар таварыш Краўчанка. Ён жа яшчэ пры Анікею заходзіў неяк да іх. І Аўдотка ўсё да парушынкі расказала, дзе што ў Балашоўцы стаіць, у чыёй хаце камендатура, дзе за аселіцай укопаны кулямёты, у чыіх свірнах стаяць машыны. Дзядзя Сцёпа ўсё запісаў, а потым у блакноціку намаляваў селавую вуліцу, квадрацікамі адзначыў кожную хату, хлеў і свіронак. Аўдотка сказала, дзе хто жыве, ён панапісваў прозвішчы, крыжыкамі і кружочкамі нешта паадзначаў. Падзякаваў і скамандаваў: «Світае. Будзем збірацца, хлопцы».