— А што ж мне рабіць, таварыш секратар?
— Ніякага тут сакратара няма. Запомніце — Сцёпа, дзядзька Сцёпа. А што вам рабіць, падумаем і дадзім знаць. Дзяцей трэба будзе забраць, і вас перавесці ў надзейнае месца. Вы нам будзеце патрэбны.— На тым і развіталіся.
3
Пасля запалення Аўдоцця ачуньвала ходка. Як толькі стала на свае ногі, па сваёй і суседняй палаце маленькай селавой бальнічкі пачала снаваць, як чаўнок: слабым падавала піць, ляжачым — неабходную пасудзіну, знаходзіла анучы з швабраю і перацірала падлогі ў сваёй і суседняй палаце, мыла вокны, прыносіла з тытана гарачую ваду.
Дакторка, Арына Аляксееўна, сварылася на яе, каб не вельмі шчыравала, бо можа адкінуцца хвароба, што вось і гарачка пад вечар падскочыла. Сварыцца сварылася, а сама была рада, што ў палатах яе ўчастковай бальніцы зіхаціць усё. Санітарку на мізэрную зарплату было не наняць, таму догляд разлічвалі на самаабслугу хадзячых хворых. А тут знайшлася такая бабулька, што ні прымушаць, ні прасіць не трэба — за ўсё бярэцца сама, ды так, што прыходзіцца ўкарочваць яе спрыт.
Таму Арына Аляксееўна не спяшалася яе выпісваць. Як жа без Анісімаўны абысціся? Яна і ў амбулаторыю, як мышка, прашмыгне, усё ператрэ, перамые, паставіць на сваё месца, нібы так і было, прытупае ў палату, шмыг пад коўдру, нібы нікуды і не выходзіла.
Пры ўчастковай бальніцы — амбулаторыя, дзве палаты для першай гаспіталізацыі цяжкіх хворых; штат — урач, сястра, акушэрка, месца санітаркі пустуе. Арына Аляксееўна падумвае, каб мець такую работніцу, як Кастрыцкая, але пакуль што гаварыць пра гэта не адважваецца, бо толкам не ведае, адкуль яна, куды збіраецца пасля выпіскі. На пытанні яна адказвала неахвотна і няпэўна: ехала з ваенага гарадка, адстала ад аўтобуса, звярнула на Маленчыцы пагрэцца і адпачыць, бо вельмі ж калаціла яе, і галава расколвалася. Як трапіла ў бальніцу, не памятае. А куды ідзе? Адзін адказ — у сваю старану. Вось і ўсё, што дазналася дакторка ад Аўдоцці. У вольную часіну Арына Аляксееўна запрасіла Аўдоццю Анісімаўну ў свой невялічкі кабінецік. Агледзела, паслухала, абстукала ўсю, знайшла яшчэ хрыпы, раіла быць у цяпле, ужываць больш тлушчаў, піць малако з мёдам, берагчыся ад прастуды.
Аўдоцця слухала, ківала галавою, часам уздыхала і глядзела ў акно сухімі злінялымі вачыма, нібыта яна недзе далёка-далёка, слухае дакторку і не чуе яе.
— Вам зразумела, Еўдакія Анісімаўна?
— Чаму ж не? Толькі дзе ўзяць тое маселца ды малачко з мёдам? У мяне ж пакуль што — ні кала ні двара, ні прыстанішча. Іду ў белы свет як у капейку. Дзякаваць богу, снег сышоў, пакуль тут вылежвалася ў вас, дай вам бог здароўечка. Каб не вы, звілася б недзе ў завейным полі, груганы даўно б костачкі расцягалі. Мо і лепш было б, не замінала б нікому. Але што ні кажы, а і старому жыць хочацца: такой добрай жыткі прычакалі, хоць парадавацца, як людзі добрыя жывуць.
— Радня ў вас ёсць?
— А як жа, е, е. Сынок у мяне. Гэтым, як яго, прапаршчыкам работае, і ўнучачка е.
— Дык вы да сына ішлі?
Доўга маўчала Аўдоцця, глядзела, як за акном у лужыне купаецца верабейка, як на галінцы, усыпанай зіхоткімі кроплямі, гайдаецца сінічка... Уздыхнула і ціха загаварыла:
— Маніць, галубачка, грэх, а праўда такая, што зразу не раскажаш, ды і развучыліся людзі праўду казаць, усё хлусяць і хлусяць, выхваляюцца адно перад адным, прыхарошваюцца, як васпаватая дзеўка перад кавалерам: я і такая, я і сякая, лепшых і ў свеце няма, а замуж усё адно ніхто не бярэ. Потым адумаемся, што хлусня з панталыку збіла, павойкаем, паб'ём сябе ў грудзі, што не будзем больш, а забудземся і зноў вярзем адно аднаму німалад што і вачэй ад сораму не заплюшчваем — абыралі. Хлусім, аж самі пачынаем верыць, а збоку відно. Колісь жа казалі: «Бог не цяля — бачыць круцяля». І я, старая, даруйце ўжо мне цяжкі грэх, нешта пляла вам не тое, што трэба. А расказаць усю маю жытку — і веку не хопіць. Пакуль качалася тут на казённых падушках, усё перадумала, усё з саменькага маленства перажыла ды перапакутавала, а расказаць... Цяперашнія наўрад ці і веры дадуць. Адным словам, праўду кажучы, бабылка я. Ісці няма куды і прыхінуцца няма дзе. А ісці трэба. Не бойся, не застануся. Я пайду. Пайду, як скажаш. Дзякую за спагаду,— Аўдоцця памкнулася пацалаваць руку дакторцы.
— Што вы такое надумалі? Гэта ж наш абавязак — лячыць і спагадаць.