Выбрать главу

— Ой, галубка, да абавязку трэба яшчэ душачку мець.

— А вам хачу прапанаваць застацца пакуль што ў нас. Вы нам во-о так патрэбны, ды і акрыяеце тут.

— З мяне ж, галубачка, як з таго казла,— ні воўны, ні малака.

— Вы зробіце вялікую ласку і хворым і мне. Гэта бачаць усе: як толькі сталі на свае ногі, ніхто не прасіў, самі навялі такі парадак у палатах і ў амбулаторыі. Падумайце і згаджайцеся.

— А дзе ж мне жыць?

— Пажывяце пакуль што ў мяне. Мы цяпер засталіся ўдзвюх з дачушкаю. Муж на курсах, а яна ў мяне хваравітая. Смешна, праўда? У доктара і хваравітае дзіця. Мяне часта і ноччу выклікаюць, дзяжурыць даводзіцца, а мая Галінка адна баіцца, плача, не пускае. Спадзяюся, вы пасябруеце з ёю. За работу дадзім зарплату санітаркі, і я не пакрыўджу.

— Ой, галубачка, і сама не ведаю, што тут казаць.

Угаварыла Арына Аляксееўна папрацаваць у бальніцы і пажыць у яе.

Дамок урача стаяў побач з бальніцаю. Сцены з тоўстага смольнага бруса зіхацелі кроплямі загусцелай жывіцы. Каля вялікіх акон лапушыліся фікусы, на падаконніках тырчалі калючыя стаўбункі кактусаў; ашаляваны ганак зіхацеў ружовымі, зялёнымі і жоўтымі шкельцамі. У трох прасторных пакоях было ўтульна і чыста. На сцяне вісеў прыгожы дыван з жоўтымі, зялёнымі і чорнымі ўзорамі па чырвоным полі. Паміж кухняю і залаю быў невялічкі цёмны калідорчык. У ім паставілі вузкі тапчанок для Аўдоцці Анісімаўны.

Яна не стала развітвацца са сваімі аднапалатнымі, бо цяпер тут была яе работа: пакуль хварэла, прыбірала за так, цяпер будзе ўсё рабіць па абавязку, бо нанялася на службу і сіні мультановы халат змяніла на белы, шапачку выдалі такую, як у доктара. Жанкі з палаты пацяшаліся: «Прафесар». Аўдоцця толькі ўсміхалася.

На работу яна прыходзіла рана. Перш прыбірала ў амбулаторыі, грэла ў бачку ваду, кіпяціла шпрыцы і пінцэты, выцірала пыл, з мыльным парашком вышароўвала падлогу, тады ішла ў палаты. Там яшчэ ляжалі дзве яе знаёмыя кабеты — адна, як і яна, з запаленнем лёгкіх, другая, сухенькая сівая, даўно пакутавала ад язвы страўніка. У мужчынскай ляжаў трактарыст з адкрытым пераломам нагі. Ледзь не штодня мурзатыя члены яго брыгады разам з кавалкам сала і галоўкаю часнаку праносілі ў пакеце з-пад малака «гаручае». Ад яго трактарыст дурнеў, плёў несусвеціцу, аднойчы выпусціў з-пад пахі мыліцу і так грымнуўся, што ледзь не прыйшлося сточваць другую нагу.

Аўдоцця завяла свой парадак: дзверы — на зашчапку, «падаянні» хворым брала толькі сама, усё правярала, а пакет з «гаручым» двойчы выкідала ў памыйніцу. Ледзь не з кулакамі накінуўся на яе маладзенькі трактарыст: «Што ж ты робіш, старая карга? Не хочаш малако перадаць? Вярні, самі спажывем. Ух ты, варона з мінулага стагоддзя. Жызні не панімаеш. Я т-т-абе зенкі выкалупаю»,— і тыцнуў пад самыя вочы растапыранымі пальцамі. Аўдоцця хвастанула па руцэ мокраю анучаю і працягнула на далоні дванаццаць капеек на пакет малака. Болей той хлюст не прыходзіў у водведкі.

У палаце яшчэ ляжаў хлапчук пасля апендыцыту і дужы, з рудою чупрынаю, хлопец з прапоратым фінкаю бокам. Казалі — даскакаўся на вечарынцы, лез да ўсіх сляпіцаю, пакуль нехта ўпоцемку не парнуў пад рабрыну. А хто — так і не знайшлі. Усе хворыя слухаліся новую санітарку, бо яна глядзела за імі, як за малымі дзецьмі.

Управіцца і бяжыць дадому. А там яе ўжо чакае не дачакаецца Галінка. Яна параскладала на канапе свае лялькі, здымае з іх сукенкі і загадвае спаць. Пачула, як рыпнулі дзверы, і бегма бяжыць насустрач бабцы.

— Ну, што мне рабіць з імі?

— А што?

— Не слухаюцца, не хочуць спаць.

Бабка павесіла на цвік каптанік і хустку, скінула буркі і ў адных суконных шкарпэтках пайшла следам за Галяю.

— Ім жа распранутым холадна. Панакрываць трэба і ката паспяваць, каб заснулі.

Галінка павесялела, папрыносіла хустачкі, насоўкі, накрыла лялек, села на нізенькі зэдлік, падперла шчаку рукою так, як рабіла бабка, і тоненька заспявала:

А-а-а, люлі, люлі, Дзеткі ўсе даўно паснулі, У нару зашыўся крот, У запеччы дрэмле кот, Збеглі куры са двара, Дык і вам заснуць пара.

Бабка расчулілася, што Галінка запомніла яе калыханку, пацалавала дзіця ў беленькую кучаравую галоўку і зашаптала, каб не пабудзіць лялек:

— Зас-ну-лі. А мы хадзем на кухню ўпраўляцца. Скора мамка прыйдзе, абед падагрэем,— і яны разам на дыбачках выйшлі з пакоя.

Галінка памагала бабулі выціраць кубачкі і талеркі, шаравала вечкі табурэтак і пыталася, што рабіць яшчэ. Яна адразу прыгарнулася, даверылася гэтай чужой, але ласкавай бабулі, слухалася яе і старалася рабіць тое, што робіць яна.