Выбрать главу

Аўдоцця ўспомніла сваё маленства і аднойчы з бульбін і трэсачак зрабіла «пільшчыкаў», паставіла іх на край стала, і яны давай калывацца ўніз-уверх. Аж заскакала ад радасці Галінка. Зрабіла бабка і кароўку з трох бульбін, каня і сабаку. Дзяўчынцы абрыдлі пластмасавыя цацкі, а тут яны разам з бабуляю стваралі нешта новае, і яно ажывала, рухалася, як жывое.

Асабліва Галінка любіла бабчыны казкі. Казала яна павольна, працяжна, нібы песню спявала. Там, дзе страшна, сама заплюшчыцца, дзе смешна, рагоча. І відны дробныя, з'едзеныя пажоўклыя зубы.

Як толькі ўправяцца і нагуляюцца, Галінка садзіцца поруч з бабкаю на канапе і патрабуе: «Казку!»

Усё, што ведала, пераказала Аўдоцця, часам блытала пачатак аднае казкі з канцом другое, а то прыходзілася і самой прыдумляць.

— Раскажы казку,— просіць Галінка.

— Пачакай, трэба ўспомніць.— Памаўчала бабулька і пачала прыдумляць:

— Адсюль недалечка цякла чыстая рэчка, мыла пясочак, бегла ў лясочак. У тым лясочку жыла бабка Ведзіца, на дачушку сваю не нагледзіцца.

— Можа, ведзьма, а не Ведзіца? — перабіла Галінка.

— Не, дзеткі, Ведзіца была ласкавая і добрая, усё яна ведала, далёка бачыла, далёка чула. Шэптам скажа слова, а яго за сотню вёрст пачуе той, каму трэба. Жылі яны дружна з дачушкаю ў хатцы пад дзікаю грушкай. А на ёй раслі грушы, што давалі сілу і маладзілі душу. Дачушку яе звалі Ясачка, і была яна, што лясная красачка, высокая ды сінявокая, роўная, як клён, валасы, што лён.

Ведзіца збірала травы і карэнні для прыправы, і суніцы, і брусніцы, і аер каля крыніцы. Што варыла, што сушыла, што малола і таўкла, каб была ў целе сіла, а душа святлей была. І дабру дачку вучыла, а людзей за так лячыла, як твая мамка.

Раз у поле выйшла Ясачка, у прыпол набрала красачак. Села Яска на мяжы, да яе ляцяць стрыжы, свішчуць і спяваюць, віць вяночак памагаюць.

Поле пыл заслаў густы, б'юць дарогу капыты. Схамянулася дзяўчына, бо ўцякаць была прычына: змалку ёй было вядома — не хадзіць нікуды з дому, а яна пайшла адна з лесу ў поле давідна. Толькі ўстала, бачыць — полем напярэймы едзе пан, а з ім чорны басурман.

Прыпыніў каня гнядога, запытаў, куды дарога выведзе яго праз лес, і з каня адразу злез. А на ім не проста світа,— уся адзежа з аксаміту, боты новыя з саф'яну, шапка ўся гарыць на пану. Чуе дзеўчына трывогу: засланіў ёй пан дарогу. Просіцца яна: «Паночак, я спляла табе вяночак, ён тваю прагоніць стому, толькі адпусці дадому».

Не паслухаў Яску пан, падхапіў за тонкі стан, сцебануў каня гнядога — закурылася дарога.

Праляцела дзён нямала, як у Ведзіцы прапала ненаглядная дачушка — прыгажуня, весялушка. Ведзіца ідзе на ўзгорак і пытаецца ў зорак: «Зоры, зорачкі, скажыце, дзе дачушка, можа, у жыце заблудзілася высокім ці ўракнулі кепскім вокам? Ты скажы, начная птушка, дзе цяпер мая дачушка? »

Зорка ў небе задрыжала — паляцела на ўсход. Птушка ці-і-хенька сказала: «Дзе сянгі і вечны лёд, там у пана-басурмана Ясачка твая схавана. Выйдзі з посахам да дня, і ўбачыш след каня. Ён гарыць заўсёды ў змроку, ты з яго не збоч ні кроку, не спыняйся анідзе,— след у замак прывядзе».

Па дарозе больш за год Ведзіца ішла на ўсход і зайшла ў такую даль, што не снілася ніколі: там гарэў у снежным полі з лёду замак, як крышталь.

Ведзіца прыйшла ўначы. Чуе — бразгаюць мячы. Посахам яна махнула, варта грозная заснула, а калі зайшла ў пакоі, засланілася рукою, бо сярод халоднай ночы ёй святло сляпіла вочы, і ўгледзела на троне Ясачку сваю ў кароне. Ведзіца сказала смела, што пара ісці дамоў, а дачка не зразумела матчыных забытых слоў. Маці на калені ўпала і, каб разбудзіць дачку, калыханку заспявала і калыску прыгадала, што вісела на сучку цёмнай расахатай ёлкі, дзе сядзелі перапёлкі, пелі песні ёй дразды ў дзіцячыя гады.

Ясачка прагнала стому, скінула на дол вянец: «Мама, я хачу дадому». Вось і... казачцы... ка-не-ц.

Галінка слухала, не зварухнуўшыся.

— Ох, і складна ж.

— Складна ці не складна, абы было ладна.

— А яны назад вярнуліся?

— А як жа! Вярнуліся і цяпер жывуць у сваёй лясной хатцы. От так, дзіцятка, хто слова матчына забыўся, той і ад маткі адрачэцца. А чалавек без маці — сірата сіратою, пустадомак бязродны. Чужое слова разумей, а сваё не губляй да скону, як маці і татку, як родную хатку, як зямельку, дзе радзіўся і век векаваць.

Рыпнулі дзверы, у пакой убегла вясёлая, расчырванелая на веснавым сонцы Арына Аляксееўна.

— Чаго вы тут сумуеце? Уключылі б тэлевізар. Можа, мульцікі ідуць.

— Мне бабуля такую казку расказала! Мудрэй за ўсе мульцікі, і складную, як песня. Яшчэ раз паслухаю і табе слова ў слова раскажу... А ты, мамачка, болей не пойдзеш?