Выбрать главу

У натоўпе каля мачты ўсе сцішыліся і задралі ўгору галовы. Тыя, што спрабавалі ўзлезці, пакеплівалі: «От палядзіш, зараз шусне», «Ужо трымціць. А тычка гэтая, як лазіна, гнецца». А канапаты дзяцюк лез усё спрытней і спрытней. Прывязаная да папружкі антэна паўзла ўгору і ўсё больш напіналася, постаць хлопца менела і менела. Інжынер не зводзіў з яго вачэй — радаваўся і баяўся, каб не сарваўся, тады яму нездабраваць. Пры кожным перахопе рукамі і нагамі мачта згіналася і выпроствалася зноў. Сцішыўся і рынак. Людзі пазадзіралі галовы і сачылі за кожным рухам хлопца на мачце, а ён усё менеў і менеў. Калі далез да верху, звязанымі папружкай нагамі моцна ашчаперыў мачту, падаўся назад, каб прутчэй напялася дзяга на поясе, і пачаў прыкручваць канец антэны. Усталявалася такая цішыня, што чуваць было, як часта дыхае інжынер, ціха божкае і хрысціцца немаладая кабета.

Праз колькі хвілін хлопец папоўз уніз. Натоўп з палёгкаю ўздыхнуў, а хлопец асцярожна абміноўваў жалезныя хамуткі і расцяжкі, чым ніжэй спускаўся, тым павольней перабіраў рукамі. Ужо відаць былі пачырванелыя ад холаду босыя ногі і вяснушкавы твар. Ён саскочыў на зямлю, адвязаў абедзве папружкі, выцер рукавом кірпаты нос і, нічога не кажучы, сеў абувацца. Да яго падышоў інжынер:

— Дарагі ты мой! Ну, выручыў, ну, дзякую...

— На дзякуй сала не спячэш. Гані манету. Там я парсюка сабе нагледзеў,— прытупнуў ботамі верхалаз, надзеў світку і ўскінуў на патыліцу будзёнаўку. Інжынер з-за пазухі дастаў пляскаты партманецік, адлічыў грошы і аддаў хлопцу. Той іх старанна разгладзіў на далоні, схаваў за падкладку будзёнаўкі і знік у кірмашовым натоўпе. Хто ён, чый і адкуль, ніхто не ведаў, толькі дзівіліся смеласці і спрыту, а некаторыя зайздросцілі, што так хутка адхапіў столькі грошай.

Да самых замаразкаў наезджы інжынер корпаўся ў нардоме каля прыёмніка з вялікаю, як у грамафоне, трубою. У ёй нешта шаргацела, трашчала, булькала і мармытала. Вучыў інжынер упраўляцца з гэтаю скрынкаю майго суседа Лаўрэна Грамыку. Ён часам і мяне пускаў паглядзець, як мільгае зялёнае вочка ў прыёмніку. З першымі маразамі прыёмнік загаварыў, не заўсёды выразна і гучна, але гаманіў. Лаўрэн выстаўляў трубу ў адчыненае акно. Каля нардома збіраўся натоўп местачкоўцаў паслухаць не столькі што гавораць, а як гэта без правадоў даходзяць галасы з Масквы і Мінска. Самая скептычная жанчына вырашыла, што гэта Лаўрэн схаваўся і нешта мармыча. «Лаўрэн, пакажыся!» — «Ну, чаго?» — вытыркаўся Лаўрэн з акна і пускаў радыё на ўсю сілу, а калі заіграла музыка і заспявалі, паверылі ўсе, што і Масква і Мінск чуваць без падману.

Прыходзілі слухаць радыё ў кажухах і валёнках, жанкі закручваліся ў вялізныя хусткі, тупалі па хрусткім снезе на марозе, пад халоднымі буйнымі зоркамі. Самыя трывушчыя дастойваліся да самага «Інтэрнацыянала».

Там, дзе некалі была рыначная плошча, шуміць ужо састарэлы парк; ад нардома і знаку не засталося, зніклі абедзве царквы і касцёл, у мястэчку выраслі пяціпавярховыя дамы, па асфальтаваных вуліцах гуляюць падлеткі ў джынсах і штроксіках, з транзістарамі цераз плячо. Гучыць залівістая да крыку песня: «Жизнь невозможно повернуть назад...» Нельга і не трэба!

ГАСТРАЛЁРЫ

Сон пра сон вярнуў мяне ў тую бесклапотную пару, калі так добра марылася, бо не было яшчэ чаго ўспамінаць. Верылася, што наперадзе толькі светлая шчаслівая далеч, узлёты і поспехі, без клопатаў, трывог і няўдач. А ў жыцці было ўсё наадварот. Такі ўжо лёс майго пакалення: і ў горы былі свае радасці, без пакут і шчасцю не быў бы рады. У жыцці чалавека ўсё чаргуецца, як дзень і ноч, як дождж і сонца, як зіма і лета...

А ў тым шчаслівым падлеткавым узросце чым толькі не захапляліся мае аднагодкі, чаго толькі не прыдумлялі ў нашай палескай глушы.

Глуш была сапраўдная, але хлебная і сытая, і нялёгкую дарогу да яе часта знаходзілі нейкія сумніцельныя трупы з пастарэлымі «гераінямі» і аблыселымі «любоўнікамі». Яны ставілі «Марусю Багуслаўку» і «Салдата-чараўніка», «Цыганку Азу» і «Бандарівну», з казакамі і шаблямі, гапакамі і спевамі, з трагічным каханнем і самагубствам на сцэне. За білеты часцей за ўсё плацілі жытам і салам, а такія жэўжыкі, як я, лазілі ў нардом праз адчыненае кім-небудзь спагадлівым акно і не прапускалі ніводнага прадстаўлення. Потым у абсмаленай пажарам пустой ксяндзовай стадоле з аполкаў ладзілі сцэну і паўтаралі па памяці тыя спектаклі, што бачылі ў нардоме.