Выбрать главу

— Прыйдзецца яшчэ, дачушка, скокнуць да цяжкахворай.

— А ты зробіш, каб яна лёгкая была?

Маці засмяялася. Аўдоцця пагладзіла Галінку па галоўцы.

У той вечар Арына Аляксееўна забавілася ў сваёй маленькай бальніцы. Галінка заснула, не дачакаўшыся маму, Аўдоцця Анісімаўна ляжала з расплюшчанымі вачыма і, як ніты на кроснах, перабірала сваё доўгае і нялёгкае жыццё.

4

Вечарамі Арына Аляксееўна прыходзіла стомленая пасля вячэрняга прыёму хворых і абходу сваёй маленькай бальніцы. Часам затрымлівалася ў сельсавеце па дэпутацкім абавязку, хадзіла на ферму гутарыць з жанкамі. У парозе сцягвала блішчастыя гумавыя боты, развязвала квяцістую хустку, шморгала «маланку» лёгкай балонневай курткі.

Дома быў поўны парадак: да бляску выцерта памаляваная падлога, разасланы вясёленькія саматканыя палавічкі, на пліце паруе каструлька бульбы, закіпеў чайнік. Старанна заплецены коскі ў Галінкі. Яна сядзіць на нізенькім зэдліку і расфарбоўвае пеўня. Аўдоцця цыруе калготкі і ўсміхаецца гаспадыні. У бальніцы яна ўправілася яшчэ завідна, а ноччу, калі што трэба, паможа дзяжурная сястра.

Здавалася, жыві і не тужы: работа не дужа цяжкая, гаспадыня добрая і ўдзячная за ўсе яе клопаты, Галінка слухаецца і палюбіла яе, а ўсё адно — у душы муляе балючая стрэмка, крыўда і няпэўнасць. Не будзеш жа тут век векаваць. Аўдоцця ведае, што доўга не нажыве ў гэтым утульным доме, у ласкавай і мілай дакторкі. Рана ці позна прыйдзецца некуды падавацца, шукаць сабе прыстанішча, неяк дажываць век самой, каб толькі не назаляць добрым людзям. Пакуль варушыцца, дык і яна патрэбна, а зваліцца, хто ёй падасць глыток вады? Думы, думы, думы. Прачнецца ноччу, слухае, як на кухні чэкаюць ходзікі, як недзе пратарахцеў матацыкл, сарвалася і захлынулася нецвярозая песня, а ў галаве круціцца і круціцца яе доўгае і горкае жыццё.

Пра колішні хутар, пра тату з мамаю, пра Антолю і братоў яна ўспамінае і часта расказвае Арыне Аляксееўне ахвотна і падрабязна. Бывае, і цяпер часам падступяць слёзы, як успомніць, што мама, яшчэ не старая кабета, прастыла ў першую сібірскую зіму ў зямлянцы і аддала богу душачку. І магілка недзе згубілася ў тайзе. Уладзік загінуў у сваім танку пад Кёнігсбергам, Антолю абселі дзеці, і яе гаспадар не вярнуўся з вайны. Недзе, мабыць, дажывае век у сібірскім сяле з дзіўнаю назваю Бяргуль. Адным-адзіны з радні астаўся Змітрык. Таму пашанцавала: хоць і скалечаны, жывенькі вярнуўся з вайны, вывучыўся на інжынера, быў нейкім начальнікам на заводзе «Амурсталь», пісаў рэдка, а цяпер і пісаць няма куды.

Калі Аўдоцця заставалася адна, вымала са свайго мяшэчка маленькі абразок у блішчастым абкладзе і давала волю слязам. Малілася за ўсіх родных і блізкіх, хоць і ведала толькі «Отча наш» і «Багародзіца, дзева, радуйся». Малілася за Антолю і Змітрыка, за іх дзетак, хоць ніколі не ведала тых пляменнікаў і пляменніц. Малілася за сыночка Паўліка, за сваю гадаванку — унучачку Анжэлу. «Божа, божа, чаму не ўразуміў бацькоў даць ёй людскае імя, а не гэтае, што адразу і не запомніш, і не выгаварыш адным духам, скажаш, а слова джыкае, як угневаны чмель». Хоць не вельмі часта ўспамінала нявестку Іначку, але малілася і за яе, каб наставіў усявышні на дабро і спагаду людзям, каб не грызла яе Паўлічка, чаму не выбіўся ў большыя чыны. І яшчэ малілася, каб ніколі не ішоў брат на брата, чалавек на чалавека, народ на народ. Няхай усё будзе як ёсць, абы не горай.

Аднаго разу Арына Аляксееўна прыйшла раней, ціхенька распранулася і ўбачыла: на канапе стаіць маленькі абразок, а перад ім укленчыла Аўдоцця Анісімаўна. Доктарка спынілася ў нерашучасці, каб не напалохаць і не перапыніць ціхі шэпт бабулі. А тая, мабыць, адчула, што нехта прыйшоў, павярнулася, убачыла гаспадыню, схапіла абразок, схавала пад кофту.

— Чаго ж вы спалохаліся, Анісімаўна?

— Ат, дурная баба і цёмная, як бот. Гэта ж перабірала свае транты і намацала гэты абразок, яшчэ з бацькавай хаты, дык яго і берагу, бо пахне ён домам і воскам ад нашых пчолак, гляджу і ўсіх сваіх успамінаю.

Калі вам, парцейным, няможна, каб абразы ў хаце былі, дык я яго так запратору, што ніхто і не дазнаецца.

— Што вы, Анісімаўна, не бойцеся. Калі хочаце, маліцеся, толькі на сцяну вешаць не варта. Самі разумееце, людзі ёсць усякія: убачыць каторы і пакоціцца погаласка, што доктар веруючая, абразы павесіла, апраўдвайся тады. Я з маленства ведаю, што ніякага бога няма, што чалавек усяму бог, а бога ён прыдумаў, каб трымаць у страху слабейшых, што спіну гнуць на яго, і суцяшаць раем на тым свеце. Яму рай на зямлі. А ні таго свету, ні раю, ні пекла не было і не будзе. Толькі людзі могуць стварыць сапраўдны рай на зямлі, калі павераць адзін аднаму, калі не ракеты і танкі, не бамбардзіроўшчыкі і бомбы будуць рабіць, а ўсё аддаваць чалавеку, тады і будзе рай. Той жа чалавек можа ператварыць свет у суцэльнае пекла, у геену вогненную, як сказана ў вашым пісанні. Усё — у руках чалавека. Ён — бог і д'ябал, дабро і зло, ён можа стварыць і знішчыць. Усё залежыць ад розуму і сумлення,— сказала і аж засаромелася Арына Аляксееўна сваёй прамове.