Выбрать главу

— Во, во, галубачка, сумленне — наш бог. Няма сумлення, няма і бога. Думаеце, я вельмі веру таму, маляванаму ды распятаму, не, а малюся, каб душы слабадней было, бо вельмі ж думкі гнятуць. Даўней дык да споведзі хадзілі. Выходзіць, патрэба была расказаць некаму ўсё, што сэрца паліла і душу вярэдзіла. А цяпер каму раскажаш? Папы настаяшчыя звяліся. На іх месца папрыходзілі нейкія маладзенькія з казлінымі бародкамі, а то голеныя саўсім як ксяндзы. Адным словам, за-ра-бот-чыкі. Нятрудныя даходы ў іх. Чэша каторы нешта з евангелля, а сам на маладзіцу пазірае. Цьфу! Прасці, госпадзі, цяжкі грэх. Каб не бачыла, не казала б. Да такога хто пойдзе ў споведзь? Я — бронь, божа!

Як пагляджу, дык думаю: гэты папок у джынсіках сам ні богу, ні д'яблу не верыў і не верыць. А чалавек без веры, што гаўяда. Адзін клопат — напхаць кіндзюк. Брыдзе, куды вочы глядзяць: двара свайго адцураўся, хаты свае не мае, роду-народу выракся, абы нажлукціцца ды салодкім заесці. Без веры і чалавека няма. Верыць, галубачка, трэба хоць у што, а найлепей, калі будзе верыць чалавек чалавеку. Маліся хоць засланцы, абы душа чыстая была.

А то пагляджу на сваю колішнюю Балашоўку, плакаць хочацца. Даўней сяло было, як вяночак, у садах ды гародчыках цвіло, маладзёж, як выйдзе на сена, бывала, ці на жніво... ад песень ды ад смеху аж гай гудзе, і работа кіпіць ад цямна да цямна. Сваімі рукамі сагравалі зямельку, дык і яна не скупілася на хлеб і да хлеба. А цяперашнім часам распаўзліся маладыя і старых у нянькі пазабіралі. Як пападростаюць унукі, дык дзеткі стараюцца як спраўней выпхнуць старых у той дом інвалідаў і гадамі вачэй не кажуць. Вера трэба, галубка, ой, як трэба, ва ўсім вера. Не паверыла б мне,— пазамыкала б усе шуфлядкі. Верыш, дзякую табе: на душы лягчэй. У бывалешнія часы ў чалавека была адна хараксцярысціка — совесны чалавек або... лайдак. Цяперака і слова «совесны» забылася, а лайдакі нібы і саўсім звяліся, можа, іх як іначай завуць. А іх жа — процьма, усе рабоцькі языкамі, а рукі, шануючы вас, онь куды глядзяць. От і вер такім, што, ні хварэючы, ні балючы, за траіх жаруць, грабуць толькі пад сябе.

Калі я яшчэ ў сына жыла, адна маладзіца ў тым ваенным гарадку расказвала, што хавалі ў горадзе некага ў добрым касцюме, дык, перад тым як забіць труну, жонка таго чалавека парэзала на ім пінжак і штаны, каб, чаго добрага, не адкапалі і не раздзелі нябожчыка.

— Кепскага чалавека, Анісімаўна, далёка відаць, а добрага не заўсёды і заўважаем. Ён непрыкметна робіць дабро. Хулігана ўсе бачаць і крычаць: «Куды глядзіць міліцыя?» А праходзяць сотні добрых, сумленных юнакоў, ніхто і не зважае, бо так і трэба.

— Можа, і твая праўда, галубка.

— А мне вы верыце?

— Чаму ж не? Яшчэ не зверылася.

— Калі вам будзе цяжка, хоць я не поп, спавядайцеся мне. Доктару спавядаюцца многія, і мы ўмеем хаваць тайну. Клятву давалі такую. І я вам пра свае беды, можа, калі паспавядаюся. А ў каго іх няма.

Муж у мяне добры чалавек, сумую па ім, а прыедзе з курсаў — і зноў закруціцца ў сваіх калгасных клопатах; прыйдзе позна, вячэрае і дрэмле за сталом, а летам і нядзелі яму няма...

Часта вечарамі зусім розныя жанчыны спавядаліся адна адной.

Аўдоцця ахвотна расказвала, як жыла даўней, пра пакуты ў вайну, пра нэндзу пасля яе, а пра апошнія гады і пра сына часцей змоўчвала.

У сілу бралася вясна. Падсохлі дарогі і селавыя сцежкі, над полем курыўся сіваваты парок, лясы ахутала зялёная смуга, вербы над Маленчыцкім гасцінцам распушыліся жоўтымі коцікамі, досвіткамі і надвячоркамі з трубным жаласным крыкам праплывалі ключы журавоў, чыркалі празрыстае паветра вострыя крылы падстрэшных ластавак, каля лужын скакалі і заліваліся свістам шпакі. Надвячоркі былі празрыстыя і ціхія.

Такою парою ўсё часцей маркоцілася Аўдоцця: яе ўсё нешта цягнула ў дарогу, хацелася некуды ісці, каб не жыць з ласкі ў гэтай добрай дакторкі, хоць і прывыкла да яе і да ласкавай Галінкі, а калі тая абдымала яе і звала бабуляю, ледзь не плакала ад радасці.

І пакідаць не выпадала гэтых добрых людзей — яе старанне і клопат у амбулаторыі і бальніцы во-о як былі патрэбны, і дома была чысцёхаю, да ўсяго даходзіла сама, усё бачыла, што трэба. У суботу Арына Аляксееўна толькі збярэцца мыць бялізну, а яна ўжо даўно памытая, выпрасаваная і складзена ў шафу. Адскочыць Аўдоцця ў краму,— у халадзільніку ўжо сваежае маселца ляжыць, у хлебніцы — батон, а Галінцы цукерачак і пернічкаў прынясе за свае невялікія грошы, што плацілі па ведамасці і часам неўпрыкмет падсоўвала дакторка. Казала: «Гэта вам прэмія».