Арына Аляксееўна часта дакарала яе, што дарэмна траціцца, а Аўдоцця толькі ўсміхнецца дый кажа: «Хто бярэ, той і класці мусіць».
Пасля вячэры, як сцішыцца і засне Галінка пасля бабіных казак, Арына Аляксееўна любіць навесці Аўдоццю на ўспаміны і гатова слухаць да поўначы. А тая ахвотна расказвае:
— Ага, я ж казала, як уцякла ад таго Барсюка ў Дубінчыкаву леснічоўку. І пра таго дзядзю Сцёпу, пра секратара нашага Краўчанку казала. Ог-го-го! Якім яшчэ камандзірам быў. Войска цэлае пад ім у лесе стаяла. Мо меней за тыдзень прайшло ад таго, як прыходзілі, аж пастукаліся ноччу два хлопцы з аўтаматамі. «Збірайся, Аўдотка, адна нага тут, другая — там». І павялі цераз нейкія завалы на далёкі востраў. Туды мы і не дапіналі зроду. Там і была парцізанская сталіца. Прыйшлі на досвітку. Гляджу: зямлянкі, крытыя бяростаю і дзёрнам, з зямлі вытыркаюцца, аднекуль дымком пацягвае, за хвоямі варта пахавалася.
Летавала я ў жаноцкім будане. І з дзецьмі ў нас былі кабеты: кухарылі, шылі, латалі, мылі, сподняе байцам, бінты перамывалі. У мяне тады памяць была онь якая — раз гляну,— усё, як на картачку зніму, і камандзіру перакажу ўсё да парушыначкі. Убяруся ў такую старызну, у такія транты, завяжу дзіравую хустку, валасы мукою прыцерушу, абвешаюся торбамі і падалася міласціну прасіць па чужых сёлах. У сваю Балашоўку так карцела зазірнуць, хоць на дзетачак глянуць. Але дзе ты бачыла. Няможна. Не толькі пра сябе дбала.
Дазналася я ў суседнім сяле, што ўжо маіх няшчасных на месцы не было. Справадзіў той ірад дзетак разам са свякрухаю ў раён. Марылі іх там голадам і холадам у склепе, а потым, казалі, разам з усімі, можа, чалавек з трыста, пагналі на станцыю, загналі ў цялятнікі і паперлі...— Аўдоцця ражочкам хусцінкі выцерла скупыя слязінкі, уздыхнула, памаўчала.— Тамака яны і галоўкі склалі. Колькі потым ні шукалі, колькі ні пісалі — і знаку няма. А я ўсё чакала, можа, азавецца каторае, да варажбітак хадзіла, а яны ведалі маё горачка, кінуць на карты і ўсё ўсцешваюць: «Чакай з далёкай дарогі дваіх крэўных». Чакала, пакуль чакалася. Цяпер і чакаць няма куды.
Дом у нас быў ладны, леснікоўскі. Калі будаваліся, я ўсё ўшчувала Анікея, навошта такую стадолу разбухаў, а той, царства яму нябеснае, толькі ўсміхнецца, абдыме і, знай, выскаляецца: «Мы з табою,— кажа,— столькі дзетак нараджаем, каб багацейшымі за ўсіх быць. Не каровы і коні,— дзеці — багацце з багаццяў».
— Як проста і як мудра,— здзівілася Арына Аляксееўна. Яна ўважліва слухала і хацела ведаць усё да драбніц.
— Адале, што б вы думалі, той вісус Піліп сам перабраўся на ўсё гатовенькае ў наш дом. А там і скрыні і кубельцы не пуставалі. Матрону сваю ў мястэчку знайшоў і разам з селавымі справадзіў у тую Германію, казаў: «Хай едзе свету пабачыць, культуры падвучыцца». Райскую жытку ім там дакляравалі. Яму трэба было тую гарэтніцу з рук збагрыць, а сам знайшоў нейкую навалач, што і гаварыла не па-нашаму. З тою лярваю, прасці госпадзі, і ўехаў Барсюк у нашую хату. Там, казалі, онь як раскашаваўся, а людзям дыхнуць не даваў. Паліцыю ўсё сабе набіраў. А дзе яе возьмеш? Толькі самыя ўрвіцелі туды ішлі ды душагубы, зладзеі, п'янюгі. А з яго немцы спаганялі, каб больш было паліцаяў. Самастаяцельныя мужчыны і хлапчукі ў лес падаліся, а тыя, што ні туды ні сюды, нечага ўсё чакалі. Дык што той гад надумаў: прыйдзе ў хату, а там ужо хлапчанё высунулася гадоў на шаснаццаць, загадвае браць вінтоўку і чапляе той белы нарукаўнік. Маці галосіць, боты цалуе: «Злітуйся, Піліпка, яно ж у мяне адненькае, горкае дзіця. Бяры, што заўгодна, толькі хлопца не губі».
А ён гоніць па снезе босае дзіця ў двор, прыстаўляе да сцяны, наводзіць пісталет і камандуе: «Або пішыся служыць Германіі, або тут табе і капцы!» Калоціцца беднае хлапчанё, маці ў нагах поўзае, а ён яе выспяткам, выспяткам. Цэліцца ў саменькую галоўку. Бах! Маці і звілася. Куля каля самага вуха ў сцяну ўпілася. Дзе тут дзенешся? Каму ў шаснаццаць гадкоў паміраць ахвота? Маці галосіць: «Пішыся, дзіцятка, а то і праўда заб'е». Як падпісаў, лічы, сам сабе пятлю накінуў. Пойдзеш на сваіх — партызаны зашмаргнуць, туляцца будзеш — Піліп са сваёю бражкаю прыбярэ. Так і назбіраў сабе падлеткаў. Няпраўда гэта, што ахвотна ішлі ў паліцаі,— жывасілам перлі. Многія, праўда, паўцякалі да нас, з аўсвайсамі і поўнаю амуніцыяю. Яшчэ якія партызаны былі.